Вера роўных магчымасцей. Ляхавіччыну з рабочым візітам наведаў Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь

У чацвер Ляхавіччыну з рабочым візітам наведаў Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь Аляксандр Румак, які прыняў удзел у рабоце райвыканкама, на якім разглядалася пытанне «Аб этнаканфесіянальнай абстаноўцы ў Ляхавіцкім раёне». Потым Аляксандр Румак правёў асабісты прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб. Нашы землякі звярнуліся на прыём з шэрагам пытанняў і прапаноў, якія заслугоўваюць увагі.

З калектыўнай просьбай прыйшлі трое ляхавічан. Як аказалася, гучная мелодыя з касцёла Святога Іосіфа перашкаджае некаторым жыхарам прыватнага сектара. Вырашыць пытанне ўласнымі сіламі «мірна» не атрымалася. Пасля зваротаў замер узроўню шуму электроннай аўдыёсістэмы паказаў перавышэнне нормы. Зараз гучнасць электрамузыкі зменшылася. Аляксандр Румак асабіста размаўляў з настаяцелем касцёла Святога Іосіфа, які запэўніў, што
праблемнае пытанне знята.
Дырэктар Дараўскай СШ Таццяна Жучэня расказала пра работу рэсурснага цэнтра па духоўна-маральным выхаванні, які дзейнічае ў гэтай навучальнай установе, а таксама пра цеснае ўзаемадзеянне прыхода храма Мікалая Цудатворца ў Дараве і мясцовай школы ў выхаванні падрастаючага пакалення ў лепшых традыцыях хрысціянства, пра вялікую ролю ў гэтым працэсе іерэя Іаана Ніканчука.
Выкладчыкі Ляхавіцкага аграрнага каледжа прыйшлі з ініцыятывай адкрыцця ў нашым райцэнтры яшчэ аднаго праваслаўнага храма.
Аляксандр Румак растлумачыў алгарытм дзеянняў для ўзвядзення культавага збудавання.
Таксама Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь Аляксандр Румак, старшыня Ляхавіцкага райвыканкама Мікалай Мароз, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, па справах
рэлігій і нацыянальнасцей галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Брэсцкага
аблвыканкама Аляксандр Мурашкін сустрэліся са свяшчэннаслужыцелямі розных рэлігійных канфесій, чые суполкі зарэгістраваны на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна. Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь спыніўся на змяненнях заканадаўства па пытаннях рэлігій, у прыватнасці, Закона «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях». Размова ішла пра статус нядзельных школ, ажыццяўленне місіянерскай дзейнасці, праходжанне перарэгістрацыі рэлігійных суполак і іншыя актуальныя пытанні парадку дня. Дарэчы, дыялог атрымаўся даволі канструктыўным. Благачынны цэркваў Ляхавіцкай акругі протаіерэй Георгій Жытко ўзняў пытанне аб ушанаванні і захаванні на ляхавіцкай зямлі памяці Мітрапаліта Філарэта і ўраджэнца Ляхавіччыны прападобнамучаніка Серафіма архімандрыта Жыровіцкага.
Старшыня Ляхавіцкай мусульманскай рэлігійнай суполкі Алі-Рашыд Байрашэўскі звярнуўся з просьбай аказаць дапамогу ва ўзвядзенні мячэці ў Ляхавічах і падзякаваў раённай уладзе за дапамогу ў добраўпарадкаванні мусульманскіх могілак.
Аляксандр Румак падзякаваў рэлігійнай місіі «Вяртанне» суполкі хрысціян веры евангельскай за работу па вяртанні да звычайнага жыцця людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцю.
– Надзвычай важна, што прадстаўнікі рэлігійных суполак не застаюцца ўбаку ад грамадскага жыцця і вырашэння агульных сацыяльных праблем, – адзначыў Аляксандр Румак.
– Улада і рэлігійныя канфесіі ў сваёй дзейнасці маюць агульную мэту – людзі, незалежна ад веравызнання, павінны жыць у міры і згодзе. І задача кожнага не дапускаць канфліктаў ні на нацыянальнай, ні на рэлігійнай глебе, – падкрэсліў кіраўнік раёна.
Таксама Аляксандр Румак наведаў касцёл Святога Іосіфа і царкву Узвіжання Крыжа Гасподня, сустрэўся з настаяцелямі храмаў.

Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.