Ажыятаж прайшоў. Паліцы запоўнены.«ЛВ» праманіторыў гандлёвыя кропкі і ўпэўніўся: сацыяльна значных тавараў на паліцах магазінаў у дастатковай колькасці

Сёлетні сакавіцкі цэнавы і асартыментны ажыятаж у магазінах, напэўна, нікога не пакінуў абыякавым. І ў невялікіх гандлёвых кропках, і ў гіпермаркетах літаральна на вачах пусцелі паліцы з мукой, цукрам, соллю, дзіцячым харчаваннем, крупамі, туалетнай паперай і іншымі хадавымі таварамі.

За некалькі дзён істотна ў бок павелічэння змяніліся лічбы на цэнніках у многіх магазінах. Інакш як шокам не назавеш убачанае: шампунь, які нядаўна ў «Міле» каштаваў шэсць-сем рублёў, рэзка ўзляцеў у цане да 18-19 рублёў. І такі рост адзначаўся амаль па ўсіх гандлёвых пазіцыях. Павышэнне цэн датычылася не толькі прамысловай групы. Аднак людзей больш непакоіла ўвогуле адсутнасць некаторых найбольш папулярных харчовых тавараў.
Калі гаварыць канкрэтна пра магазіны Ляхавіцкага раёна, то, як паказала практыка, амаль на ўсіх аб’ектах самы хадавы тавар –
мука, цукар, алей, макароны, грэчка, рыс – прысутнічаў. Так, былі дні, калі, напрыклад, той жа цукар не паспявалі ставіць на паліцы, яго тут жа «размяталі» пакупнікі. Трэба аддаць належнае адміністрацыі магазінаў: замест раскупленага максімальна хутка прыбывала новая партыя. Напрыклад, у магазіне «Хіт! Экспрэс» раскупілі аўсяныя шматкі «Геркулес». Ужо на наступны дзень гэты тавар зноў заняў сваё звыклае месца. Знайшліся і такія, хто кілаграмамі і нават мяхамі скупляў соль, аргументуючы «хапун» тым, што не будзе чым саліць агуркі. Напэўна, забыліся, што каменную соль і ў Беларусі выпускаюць.
– Лічу, што падстаў для панікі няма. Самыя хадавыя прадукты як былі ў наяўнасці, так і будуць далей. Прафсаюзы пастаянна праводзяць маніторынг цэн на сацыяльна значныя тавары – у пераліку 150 найменняў. Напрыканцы сакавіка чарговы раз у полі зроку прафсаюзаў апынуліся магазіны сеткі «Еўрагандаль» і Ляхавіцкага райпо. На працягу некалькіх дзён у продажы ў гандлёвых кропках «Еўрагандалю» ў райцэнтры адсутнічалі мука і недарагі алей. Што тычыцца цэн, то напачатку сакавіка істотна – амаль удвая – падаражэлі падгузнікі і туалетная папера. Рост цэн на іншыя сацыяльна значныя тавары склаў некалькі працэнтаў. Тавары беларускай вытворчасці калі і даражэюць, то нязначна. У асноўным відавочны рост цэн на імпарт, што звязана было з нестабільнасцю курсу валют. Зараз сітуацыя стабілізуецца, долар таннее. Гандлёвыя кропкі санкцыйны ўдар вытрымліваюць, і паліцы запоўнены, – расказала старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Тамара Пракап’юк.
Дарэчы, у мінулую пятніцу Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю прыняло рашэнне дазволіць штомесячнае павелічэнне цэн на сацыяльна значныя тавары да 1,2 працэнта (раней да 0,3 працэнта). Зразумела, што істотна на лічбы на цэнніках гэта не паўплывае.
Акрамя прафсаюзаў, маніторынг асартыменту і цэн у магазінах праводзяць спецыялісты аддзела эканомікі райвыканкама.
– Кожны тыдзень маніторым гандлёвыя аб’екты па 67 пазіцыях сацыяльна значных тавараў, па іх наяўнасці ў продажы, а таксама па змяненні рознічнай цаны. Калі фіксуем значны рост цаны, то накіроўваем адпаведныя даныя ў галоўнае ўпраўленне гандлю і паслуг Брэсцкага аблвыканкама, далей інфармацыя паступае ў МАРГ. Так, у мінулым годзе пасля маніторынгу ў адным з магазінаў «Еўраопта» было выяўлена завышэнне цаны на рыс. Пасля рэагавання цана была зменшана. Калі вярнуцца да сакавіцкага павышэння цэн і ажыятажу вакол пэўных тавараў, то нашы маніторынгі паказалі наступнае. У магазінах «Еўрагандлю» па 10–12 пазіцыях адзначаўся неістотны рост цэн, у асноўным на агародніну – перац, агуркі, памідоры, капусту новага ўраджаю, а таксама алей. Адносна райпо сітуацыя такая: павелічэнне цаны на дзіцячае харчаванне справакавала тое, што вытворца памяняў упакоўку, – паведаміла галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Дзіяна Раманава.
– Наш галоўны прынцып, каб пакупнік застаўся задаволеным. Таму імкнёмся максімальна ўлічыць усе спажывецкія патрэбы. Лагістыка наладжна даўно і працуе стабільна. Так, сакавіцкі ажыятаж нас не абышоў, але трымалі цесную сувязь з гандлёвымі кропкамі. І адразу падвозілі той тавар, якія найбольш раскуплялі: муку, цукар, крупы, алей. Тавары паступаюць з Баранавіцкай, Пінскай міжрайбаз, а таксама напрамую з Мінска. Мабільна знаходзім замену, у асноўным рэалізуем айчынную прадукцыю, яна якасная, канкурэнтаздольная і не асабліва б’е па кашальку пакупніка. Далей размяркоўваем па ўсіх гандлёвых аб’ектах – гарадскіх і вясковых, а таксама па магазінах на колах, – расказвае намеснік старшыні праўлення райпо Уладзімір Шырэй.
У адзін з нядаўніх дзён «ЛВ» зазірнуў у магазін райпо «ProЗапас». На паліцах для бакалеі – усяго ўдосталь. Мука розных вытворцаў: «Гаспадар» вагой два кілаграмы каштуе 2,61 рубля, «Ліпецкая» такой жа вагі – 2,98 рубля. Кілаграм цукру Жабінкаўскага завода – 1,79 рубля, грэчка (790 грамаў) – ад 4,48 да 4,90 рубля ў залежнасці ад вытворцы. Макаронаў шмат, цэны амаль такія, як былі і месяц назад. Даволі неблагі выбар агародніны: чырвоныя буракі, морква, бульба – па 1,40 рубля, цыбуля – 1,50 рубля за кілаграм.
– Жыву недалёка, таму амаль усе прадукты купляю ў гэтым магазіне, у тым ліку і агародніну, малочную прадукцыю, хлеб. Выбар добры, цэны таксама, іншы раз ніжэй, чым у прыватных крамах. Паддалася агульнаму настрою, з мужам затаварыліся цукрам – купілі 20 кілаграмаў, мукой, соллю, макаронамі, алеем. Цяпер вось думаю, навошта… Трэба будзе пастаянна правяраць, каб якія жучкі не пазаводзіліся. Частку цукру на нарыхтоўку бярозавага соку выкарысталі, – разгаварылася адна з пакупніц.
Яшчэ некалькі тыдняў назад амаль уся бакалея стала вельмі папулярнай у пакупнікоў магазіна «Суседзі». А што цяпер? Як гаворыцца, лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Той жа мукі ў «Суседзях» – шмат, прычым не толькі пшанічнай (за два кіла-
грамы «Уладара» давядзецца заплаціць 2,47 рубля, «Гаспадара» –
2,80 рубля, кілаграм «Лідскай» – 1,46 рубля), але і рысавай, кукурузнай, грэцкай і іншай. Грэцкія крупы – па 3,61 рубля за 800 грамаў, цукар розных вытворцаў – 1,78 рубля за кілаграм, хапае і солі, алею і г. д. Аналагічную карціну можна назіраць ва ўсіх крамах нашага райцэнтра, незалежна ад формы ўласнасці. Відавочна і тое, што супакоіўся пакупніцкі бум. Як адзначаюць прадаўцы ў магазінах, цяпер істотна менш купляюць менавіта муку, цукар, крупы, алей.
Як паказвае практыка, большасць выпадкаў ажыятажнага попыту мы ствараем самі. І што- раз наступаем на адны і тыя ж граблі. Успомніце, як вясной 2020 года, калі пачаў наступаць каранавірус, змяталі ўсё з магазінных паліц – ад грэцкіх круп да туалетнай паперы; потым, калі пачаліся першыя санкцыі супраць Беларусі, – чарговы гандлёвы бум. Можа час спыніцца і зразумець: на ўсё жыццё не накупішся. Ды і навошта? У нас усё ёсць, прычым амаль усе прадукты харчавання свае. Купляйце беларускае!

Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.