Дысцыпліна. Кантроль. Якасць. Такія патрабаванні прад’яўляюцца да арганізацыі харчавання ва ўстановах адукацыі

Неабходна працаваць у адным накірунку, наладзіць сістэмны кантроль, захоўваць дысцыпліну паставак, забяспечыць належныя ўмовы на кожным участку, умацаваць кадравы складнік – на гэтым акцэнтаваў увагу старшыня райвыканкама Мікалай Мароз падчас разгляду пытання «Аб арганізацыі належнай якасці харчавання дзяцей ва ўстановах адукацыі Ляхавіцкага раёна» на красавіцкім пасяджэнні райвыканкама.

Арганізацыю дзіцячага харчавання трымае на пастаянным кантролі санітарная служба. Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Віталій Ціханаў паведаміў, што дзякуючы сумеснай рабоце зацікаўленых службаў, павысілася якасць харчавання ва ўстановах адукацыі. На працягу больш чым пяці гадоў не рэгіструюцца групавыя захворванні вострымі кішэчнымі інфекцыямі ў дзіцячых садках і школах, удвая зніжана колькасць захворванняў органаў стрававання. За 2021 год з 15 правераных аб’ектаў харчавання парушэнні санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў выяўлены на 13. Найбольш часта фіксуюцца наступныя недахопы: парушаюцца ўмовы захоўвання прадуктаў харчавання, не ўказваецца час прыгатавання салатаў, ёсць прадукцыя з сышоўшым тэрмінам (Навасёлкаўская СШ, Конькаўскі ВПК, Ляхавіцкі аграрны каледж). Акрамя таго, маюць месца парушэнні ў плане матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння харчаблокаў: пашкоджаны посуд, зламаныя індыкатары на пліце (Дараўскі ВПК,
СШ № 2). Часам у рацыёне дзяцей аднайменная страва ўключаецца ў меню на працягу некалькіх дзён запар, ёсць выпадкі выключэння з меню першых страў. Такія факты рэгістраваліся ў Конькаўскім, Малагарадзішчанскім ВПК, Тухавіцкай, Крывошынскай СШ. Для вырашэння шэрага праблем не патрабуецца значных затрат. Размова ідзе пра незахаванне санітарна-эпідэміялагічнага рэжыму, невыкарыстанне сродкаў індывідуальнай абароны работнікамі пры раздачы ежы і іншае (Тухавіцкая, Навасёлкаўская, Начаўская СШ, Дараўскі ВПК).
Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Юрый Прасмыцкі, які прыняў удзел у пасяджэнні райвыканкама, пацікавіўся ў кіраўніка санітарнай службы раёна пра меры, што неабходна прыняць для паляпшэння якасці харчавання. Віталій Ціханаў адзначыў неабходнасць зацікаўленых адносін да выканання сваіх непасрэдных абавязкаў кожнага з удзельнікаў гэтага працэсу.
Юрый Прасмыцкі ўпэўнены: неабходна больш дасканалая і жорсткая дысцыпліна ў дачыненні пастаўкі прадуктаў ва ўстановы адукацыі. Дакладнае выкананне гэтай задачы абавязаны забяспечваць усе: ад пастаўшчыка ў асобе райпо, далей – цэнтр забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый і непасрэдна дзіцячыя садкі і школы, а таксама аддзел па адукацыі, якому неабходны больш якасны кантроль за працэсам, каб сістэма поўнасцю спрацавала. Нягледзячы на пэўныя недапрацоўкі па агучаным пытанні, Юрый Прасмыцкі даволі станоўча ахарактарызаваў стан спраў на Ляхавіччыне па арганізацыі дзіцячага харчавання, у тым ліку прыгадаў і нізкі кошт набываемых прадуктаў пры іх належнай якасці.
Начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана Якубоўская расказала, што ўсе 2592 школьнікі і 790 дашкалят забяспечаны гарачым харчаваннем.
73 працэнты школьнікаў харчуюцца за кошт бюджэту, 27 працэнтаў – за бацькоўскую даплату, якая складае ў сярэднім ад 30 да 35 рублёў у месяц. Важным аспектам Святлана Якубоўская назвала збалансаванасць харчавання, а таксама выкананне натуральных нормаў. Канстатавалася, што цэнтр забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый, які займаецца закупкай прадуктаў харчавання, забяспечыў максімальны ўдзел вытворцаў Брэстчыны ў працэдурах дзяржзакупак. Асноўны пастаўшчык – Ляхавіцкае райпо. Асаблівая ўвага – кантролю работы харчаблокаў. Ва ўсіх установах адукацыі працуюць бракеражныя камісіі, на харчаблоках на раздачы ўстаноўлены відэакамеры, па якіх можна адсачыць, як арганізаваны вытворчы кантроль. Дзейнічае раённая камісія для арганізацыі сістэмнага кантролю за харчаваннем навучэнцаў. Таксама начальнік аддзела па адукацыі акцэнтавала ўвагу на важнасці своечасовага правядзення капітальных рамонтаў харчаблокаў і абнаўлення
абсталявання і кухоннага інвентару.
Не першы год запар на парадку дня стаіць пытанне капітальнага рамонту харчаблока СШ № 1. Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз падкрэсліў: калі яшчэ год назад можна было спадзявацца на падтрымку з боку Сусветнага банка развіцця, які фінансаваў такога кшталту праекты, то цяпер варта разлічваць толькі на ўласныя сілы. Зразумела, што ў бюджэце адразу знайсці такую істотную суму (прыкладна адзін мільярд рублёў) не атрымаецца, неабходна вельмі дакладна падрыхтаваць праектна-каштарысную дакументацыю. Асноўнай задачай для кіраўніцтва аддзела па адукацыі і непасрэдна школ і дзіцячых садкоў старшыня райвыканкама назваў неабходнасць прытрымлівацца дакладных падыходаў для паляпшэння якасці дзіцячага харчавання.

Галіна КАНЬКО.