Сэрца, адданае людзям. У абласным этапе конкурсу трэцяга месца і Ганаровай граматы Беларускага саюза жанчын удастоена жыхарка Ляхавіцкага раёна

Абласны этап рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года-2021» зноў назваў прозвішчы таленавітых, ініцыятыўных, энергічных і спагадлівых прадстаўніц Брэстчыны – пераможцаў у васьмі намінацыях. Творчае спаборніцтва праводзіцца рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем «Беларускі саюз жанчын» з 2008 года і ўшаноўвае тых, хто дасягае поспехаў у розных галінах дзейнасці.

Сёлета ў абласным этапе конкурсу ў намінацыі «Сэрца аддаю людзям» трэцяга месца і Ганаровай граматы Брэсцкай абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» удастоена культарганізатар Навасёлкаўскага СДК, кіраўнік народнага клуба аматараў песні, гумару і гульні «Вечарніца» Таццяна Пішч.
Здаецца, у Таццяны ў сутках значна больш за 24 гадзіны. Яна з таго тыпу жанчын, якія ніколі не разводзяць у роспачы рукамі, а маюць свой план дзеянняў на розныя жыццёвыя сітуацыі. Творчасць для нашай гераіні – любімая работа, хобі і лад жыцця, а канцэртнай пляцоўкай для мясцовай Лявоніхі і яе калектыву можа быць і хлебнае поле, і сцэны абласных і рэспубліканскіх святаў і конкурсаў. Так, «Вечарніца» – тройчы дыпламант рэспубліканскага фестывалю гумару, а Таццяна Пішч удастоена звання «Міс Аўцюкі», выступалі на арт-парадзе ў Віцебску, удзельнічалі ў справаздачных канцэртах творчых калектываў Беларусі, наогул, шчыра спявалі для самай рознай аўдыторыі – ад хлебаробаў да салдатаў. Кожны нумар «Вечарніцы» на сцэне – феерверк эмоцый, порцыя гумару і цудоўны настрой ад песняў. Таму і сыплюцца на калектыў і яго кіраўніка запрашэнні на разнастайныя канцэрты і мерапрыемствы.
Спакойнае і размеранае жыццё – гэта не пра нашу таленавітую зямлячку. Яе натхненне – і дзіцячы калектыў «Купалінка», які стварыла пры Навасёлкаўскім СДК. Працуе музработнікам
у дзіцячым садку і не пакідае без увагі мясцовую школу.
Таццяна Пішч вельмі любіць свой край, яна сапраўдны патрыёт і стараецца перадаць свае пачуцці і прывязанасць да роднай зямлі дзецям праз народныя святы і традыцыі.


«Вечарніца» нясе радасны і светлы настрой у дзіцячыя дамы-інтэрнаты, інтэрнаты для пажылых грамадзян і інвалідаў. А яшчэ Таццяна Пішч – 12 гадоў нязменны стараста Навасёлак і дзеля вырашэння праблем людзей не саромеецца стукацца ва ўсе дзверы. Быць у цэнтры падзей і нераўнадушна ставіцца да справы – такая актыўная пазіцыя не стамляе нашу зямлячку, а надае сілы і натхняе.
– Ляхавіччына – край, дзе жывуць самыя лепшыя жанчыны, працаўніцы – прафесіяналы ва ўсіх ролях. Таму штогод нашы зям-
лячкі і вызначаюцца ў конкурсе «Жанчына года». Вельмі прыемна, што сёлета адзначана Таццяна Пішч, якая праяўляе сябе
не толькі ў творчым плане, але і як вялікай душы чалавек, – падкрэслівае старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Вольга Бурак.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.