Больш пуцёвак!

Хто мае права на пуцёўку, куды лепш паехаць, каб умацаваць здароўе, які санаторый на чым спецыялізуецца, што спатрэбіцца для афармлення дакументаў і ў час адпачынку – кампетэнтныя адказы на гэтыя і іншыя пытанні дасць вядучы спецыяліст прадстаўніцтва Брэсцкага абласнога ўпраўлення рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Ляхавіцкага раёна Валянціна Юрлевіч.

У здраўніцы яна адпраўляе землякоў тры гады і справу сваю ведае выдатна. З пачатку года прапановай аздаравіцца скарысталіся 57 чалавек, пры тым, што колькасць выдзеленых на раён пуцёвак істотна меншая. Каб задаволіць патрэбу ў іх, вядучы спецыяліст шукае незапатрабаваныя варыянты нават у іншых абласцях.
У цэнтры ўвагі, у першую чаргу, інваліды I і II групы, ветэраны, а таксама тыя, хто перахварэў кавідам. Кожнаму, хто звяртаецца ў прадстаўніцтва, стараецца прапанаваць даступны варыянт санаторнага адпачынку.
Працоўная біяграфія Валянціны Юрлевіч даўжынёй у чатыры дзесяцігоддзі: галоўны бухгалтар і намеснік кіраўніка па эканоміцы ў райпо, галоўны бухгалтар ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама… Усюды вызначалася адказнасцю і дакладнасцю, камунікабельнасцю і добразычлівасцю. Па жыцці Валянціна Міхайлаўна аптымістка, якая сябруе са спортам і з бадзёрым настроем сустракае кожны дзень.
За добрасумленную працу, вялікі ўклад у арганізацыю санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення насельніцтва Брэсцкай вобласці, за эфектыўную работу па выдачы планавых і дадатковых пуцёвак па выніках работы за 2021 год Валянціна Юрлевіч узнагароджана Граматай прадстаўніцтва абласнога ўпраўлення рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.