Вялікае жніво пачынаецца. Урачыстае адкрыццё сезона ў фармаце традыцыйных «Зажынак» адбылося на палетках ААТ «Жарабковічы»

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Як да самых важных стартаў, Ляхавіччына падыходзіць да жніва. Урачыстае адкрыццё сезона ў фармаце традыцыйных «Зажынак» адбылося на палетках ААТ «Жарабковічы» ў мінулы аўторак. Беларусы з павагай да хлеба, да нястомнай працы хлебаробаў, па-роднаму, як і належыць міралюбіваму народу, пачынаюць збіраць ураджай-2023.

На паклон падыходзіць тэхніка, за штурвалам якой жарабковіцкія рупліўцы. Хутка яны адправяцца ў залатую далеч, штодня павялічваючы лічбы намалоту. У штодзённых працоўных клопатах
яны наўрад ці задумваюцца пра найвялікшую карысць свайму народу. Хлеб – гэта і ёсць наша жыццё!
Зажыначны момант асаблівы для кожнага: для кіраўніцтва раёна і сельгаспрадпрыемстваў, для тых, хто сёлета ў складзе жніўнай каманды раёна.

Стартавае слова «Пачынаем!» прагучала ад старшыні райвыканкама Мікалая Мароза:
– Як жа важна, што мы збераглі гэту традыцыю – святам пачынаць уборачны сезон. Мінулагоднія «Зажынкі» сталі пачаткам нашай перамогі ў абласным спаборніцтве на ўборцы збожжавых. Давайце зробім усё, каб атрымаць годны вынік. Наша зямля сапраўды ўрадлівая, людзі, якія тут жывуць і шчыруюць, працавітыя. Здароўя і сіл кожнаму ўдзельніку жніва. Няхай заўжды на стале беларусаў будзе хлеб.
Калектыў Падлескага СДК у залатым адценні важкага коласа загадаў на ўраджайную ніўку.
З песняй і спадзяваннямі, што жыта родзіць, гаспадыні запрасілі зажынаць першы сноп. У квецені васілька, упрыгожаныя стужачкамі першыя снапкі сёлетняга ўраджаю ўручаны кіраўніку раёна і гаспадару тутэйшых палеткаў. Па добрай традыцыі патрэбна снапок падкінуць тры разы: чым вышэй, тым багацей будзе ўраджай. Па традыцыі і жніўку патапталі. Зажыначным полем сталі палеткі з азімым ячменем непадалёку Жарабковічаў.
– Сёлета азімы ячмень займае 1 140 гектараў. Убрана ўжо 100 працэнтаў з ўраджайнасцю 53,4 цэнтнера з гектара. Канешне, з-за неспрыяльных умоў надвор’я – працяглая засуха і адсутнасць ападкаў – недаатрымоўваем ураджай гэтай культуры. Тое ж тычыцца збожжавых і зернебабовых культур. Сёння лічба намалоту дасягнула пяці тысяч тон. Разлічваем перасягнуць 70-тысячны рубеж з улікам кукурузы. Такі вынік забяспечыць выкананне і дзяржаўнага заказу, і закрые патрэбы жывёлагадоўлі ў канцэнтраваных кармах, – пра ўборачную кампанію ў раёне расказаў першы намеснік старшыні – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Васілій Пыжык.
Перад вялікай і значнай падзеяй Божае благаслаўленне надае сіл, а моцнае слова дапамагае ў штодзённай напружанай справе. Айцец Максім прамовіў малітву і благаславіў напярэдадні важнай
справы.
Сёння на збожжавых палетках раёна мы атрымалі тое, што атрымалі. І галоўная задача – сабраць усё да апошняга каласка.
Палі гатовы стаць арэнай бітвы за ўраджай, тэхніка ў прадчуванні гудзе і кліча на спаборніцтва, а ляхавіцкія асілкі ўжо рыхтуюцца скарыць першую тысячу. «Па машынах!» – гучыць каманда. Жніво пачынаецца!
Клін збожжавых і зернебабовых складае 14 308 гектараў (гэта без проса, грэчкі, кукурузы). Кожная гаспадарка раёна з адказнасцю падышла да падрыхтоўкі тэхнікі. У поле выйдуць 65 камбайнаў, на кожны з іх нагрузка складзе каля 220 гектараў.
Жарабковіцкія палеткі сёлета разгарнуліся на 3 553 гектарах, хлебны клін ААТ «Шлях новы» – 1 970, СВК «Ляхавіцкі» – 1 200, СУП «Белазем’е» – 1 364 гектары. СУП «Ліпнянка» належыць убраць 1 401 гектар, а ААТ «Нача» – 1 059, ЗАТ «Белпрампрыбор» – 604 гектары.

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА