Экзамен для пляжа. Ход падрыхтоўкі месцаў масавага адпачынку насельніцтва на вадзе і аб’ектаў да летняга сезона разглядаўся на апаратнай нарадзе ў старшыні Ляхавіцкага райвыканкама

Ход падрыхтоўкі месцаў масавага адпачынку насельніцтва на вадзе і аб’ектаў да летняга сезона разглядаўся ў мінулы панядзелак на апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама. Пытанне гэта на заўсёдным кантролі.

На Ляхавіччыне афіцыйнымі зонамі адпачынку з’яўляюцца пляжы на рацэ Ведзьме ў райцэнтры і на Шчары ў аграгарадку Дарава (абедзве – на балансе КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ») і пляж на вадаёме азда-
раўленчага лагера «Чайка» (на балансе аддзела па адукацыі райвыканкама).
Старшыня раённага савета Асвода Віктар Прыхач праінфармаваў, што традыцыйна да купальнага сезона рыхтуецца не толькі тэрыторыя адпачынку, але і пляжная інфраструктура. Раённая камісія праверыць іх гатоўнасць і ўладкаванне і толькі пасля гэтага выдасць дазвол
на іх выкарыстанне.
Што зроблена? Вадалазы Баранавіцкай выратавальнай станцыі абследавалі і ачысцілі дно пляжаў ад старонніх прадметаў. Згодна з планам выкананы бягучы рамонт ценявых навесаў, лавак, раздзявалак, часткова выдалена кустоўе і сухая расліннасць, іншае.
Маюцца стэнды для інфармавання пра меры бяспекі пры купанні, устаноўлены і абноўлены знакі, якія вызначаюць межы пляжаў. На пляжах будуць працаваць тры выратавальныя пасты. Матросы-выратавальнікі да сезона пройдуць навучанне з правядзеннем вучэбнай трэніроўкі па прыёмах выратавання і аказання першай меддапамогі. На гэтым увага да месцаў адпачынку не спыняецца.
Галоўны санітарны ўрач раёна Віталій Ціханаў адзначыў, што раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі ўжо абследаваў тры афіцыйныя зоны адпачынку і накіраваў уласнікам рэкамендацыі па ўхіленні парушэнняў. Таксама з мэтай ацэнкі бяспекі вады ў вадаёмах адабраны 36 проб, з якіх усе адпавядаюць мікрабіялагічным паказчыкам. Каб не дапусціць мінулагодніх парушэнняў па добраўпарадкаванні і сані-тарным стане тэрыторый адпачынку, Віталій Ціханаў нагадаў некаторыя з іх. Так, патрабуецца выраўноўванне тэрыторыі пляжа і падсыпка яе чыстым пяском.
Старшыня раённага савета Асвода агучыў праблемы і выказаў прапановы па арганізацыі санітарнага парадку і добраўпарадкавання тэрыторыі месцаў адпачынку.
Кіраўнік раёна Мікалай Мароз даручыў прааналізаваць прынятыя меры па падрыхтоўцы да купальнага сезона і разгле-
дзець магчымасць стварэння дадатковых месцаў кантралюемага масавага адпачынку на водных аб’ектах з аснашчэннем неабходным абсталяваннем (у тым ліку прыцягнуць да гэтага арандатараў водных аб’ектаў). Нягледзячы на тое, што каля многіх несанкцыянаваных месцаў адпачынку ёсць шыльды з інфармацыяй пра забарону купання, не заўсёды насельніцтва на іх рэагуе. Але з мэтай папярэджання небяспечных выпадкаў каля вадаёмаў, дзе нельга
прымаць водныя працэдуры, будуць устаноўлены адпаведныя інфармацыйныя знакі з указаннем адказнасці за парушэнне забароны.
Мікалай Мароз запатрабаваў прапрацаваць магчымасць арганізацыі з мая па верасень кругласутачнага рэжыму працы выратавальнага паста на рацэ Ведзьме. Справа ў тым, што працоўны дзень матроса-выратавальніка заканчваецца  ў дзевяць гадзін вечара. Аматары ж водных працэдур часцяком не абмяжоўваюцца гэтым часам.
Работы па падрыхтоўцы зон адпачынку да летняга купальнага сезона павінны завяршыцца да 4 мая.
На апаратнай нарадзе кіраўнік санітарнай службы раёна расказаў і пра падрыхтоўку да летняй кампаніі аздараўленчых лагераў, пра работу зацікаўленых службаў з мэтай забеспячэння бяспечных умоў для знаходжання дзяцей, а таксама недапушчэння ўспышак вострых кішэчных захворванняў. Падкрэсліў, што прыёмка аздараўленчых лагераў будзе ажыццяўляцца з улікам запланаваных работ. Былі разгледжаны і іншыя пытанні.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.