У мінулую суботу Ляхавіччына масава адкрыла мотавеласезон-2022

Свежае паветра, цёплае надвор’е – цудоўная атмасфера для старту чарговага мотавеласезона. Менавіта так было ў мінулую суботу, калі Ляхавіччына масава адкрыла мотавеласезон-2022.

Больш фота тут

Больш за сотню землякоў – аматараў язды на двухколавым транспарце, прадстаўнікі розных устаноў і прадпрыемстваў, грамадскіх арганізацый, моладзь, школьнікі з усяго раёна на веласіпедах, матацыклах, скутарах сабраліся каля царквы Узвіжання Крыжа Гасподняга, каб урачыста даць старт вясновым прагулкам на свежым паветры. Айцец Максім правёў службу, асвяціў удзельнікаў свята і транспартныя сродкі, пажадаў, каб паездкі былі бяспечнымі, настрой – добрым, а думкі стваральнымі і пазітыўнымі.
У суправаджэнні супрацоўнікаў АДАІ РАУС калона праехала па цэнтральнай вуліцы райцэнтра да гарадскога стадыёна «Колас», дзе ўсіх чакала цікавая праграма, падрыхтаваная супрацоўнікамі АДАІ і ФСК. Нямала было жадаючых паўдзельнічаць у віктарыне па правілах дарожнага руху. Высокае майстэрства прадэманстравалі профі ў фігурным ваджэнні, за што заслужылі шмат апладысментаў.
Расквеціўся рознакаляровымі фарбамі асфальт на стадыёне – тут прайшоў конкурс малюнкаў, арганізаваны райкамам БРСМ. Першы сакратар райкама Дар’я Марозава ўручыла сувеніры лепшым мастакам.
– З кожным годам усё больш нашых землякоў у якасці транспартнага сродку выбіраюць менавіта веласіпед. Гэта не толькі хутка, зручна, але і карысна для здароўя. Што для нас адкрыццё сезона? Перш за ўсё, гэта захапляльныя падарожжы, цікавыя знаёмствы і новыя сябры. Спадабалася ўсім, што было відавочна па настроі і тым азарце, з якім удзельнічалі ў конкурсах і віктарынах. Канешне, катацца на веласіпедзе, скутары – выдатна, але галоўнае, не забываць, ведаць і абавязкова выконваць усе правілы дарожнага руху. Бацькі павінны пастаянна нагадваць іх сваім дзецям. Пажадаю ўсім шчаслівай дарогі і актыўнага адпачынку, – адзначае галоўны спецыяліст райвыканкама Таццяна Шчука.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі райвыканкам, аддзел па адукацыі, раённы фізкультурна-спартыўны клуб, райкам БРСМ, АДАІ РАУС, СДЮШАР.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.