Пад Ляхавічамі вядзецца будаўніцтва станцыі абязжалезвання вады

Станцыя абязжалезвання вады.

Здольнасць растварацца ў вадзе з’яўляецца адметнай асаблівасцю жалеза двухвалентнай формулы. З’ява малакарысная і зусім нярэдкая. Дакладней, хутчэй шкода, чым карысць, пры фактычна татальнай прысутнасці. Але ўсё залежыць ад канцэнтрацыі. Не сакрэт, што ў мінімальных дозах жалеза ўяўляе карысць для арганізма, паколькі з’яўляецца адным з кампанентаў гемаглабіну. З перавышэннем нормы карысць трансфармуецца ў шкоду, і нярэдкай таму прычынай становіцца ўжыванне вады з высокім утрыманнем жалеза. Якую ваду мы п’ём, прыблізна можна вызначыць па шэрагу ўскосных прыкмет. Металічны прысмак, а ў выпадку звышканцэнтрацыі – і выразны непрыемны металічны смак, іржавыя падцёкі на сантэхніцы, буры налёт на ўнутранай паверхні чайнікаў і каструль. Пасля мыцця ў такой ва-дзе белая тканіна паступова губляе першапачатковую афарбоўку.

Існуюць розныя спосабы абязжалезвання вады. Адзін з іх (і дастаткова распаўсюджаны) – аэрацыя з наступным фільтраваннем. Сутнасць у тым, што пры ўзаемадзеянні з кіслародам, які ўтрымліваецца ў паветры, жалеза акісляецца і становіцца нерастваральным, ператвараецца, па-сутнасці, у механічную прымесь. І, як і любыя механічныя ўключэнні, можа затрымлівацца пры дапамозе, напрыклад, фільтраў бар’ернага тыпу.

Прынцыповая схема здаецца даволі простай, але на практыцы ўсё не так. Неабходна рознае складанае і не таннае абсталяванне, патрэбны кваліфікаваны мантаж і наладка.

Для Ляхавіч праблема перанасычанасці вады жалезам таксама актуальная. Зняць яе магчыма пры ўвядзенні ў строй станцыі абязжалезвання, якая, пачынаючы з красавіка мінулага года, будуецца на выездзе з горада ў бок Грушаўкі. На фінансаванне будоўлі выдаткаваны сродкі з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў. Як паведаміў галоўны інжынер арганізацыі-заказчыка будаўніцтва КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” Аляксандр Жук, летась на ўзвядзенне станцыі было затрачана 15,3 мільярда рублёў. На гэты год запланавана паквартальнае паступленне “будаўнічых” грошай у суме 7 мільярдаў рублёў.

Генеральным падрадчыкам будаўніцтва з’яўляецца Ляхавіцкая ПМК-13. Задзейнічаны ў працэсе і спецыялізаваныя субпадрадныя арганізацыі з Пінска, Баранавіч. Як расказала вядучы інжынер тэхнагляду УКБ Ала Бельмач, заўвагі па якасці ўзнікаюць, але, як правіла, дробязныя і выпраўляюцца адразу.

Узведзены лабараторна-бытавы корпус, для забеспячэння вытворчага аб’екта электраэнергіяй будзе выкарыстана новая трансфарматарная падстанцыя. Абсталяванне станцыі характарызуецца, дарэчы, істотнай энергаёмістасцю. Падняць ваду з глыбіні свідравін, прапампаваць яе па ўсім тэхналагічным ланцугу – работа не на адзін джоўль. Адпаведна і расход энергіі, нягледзячы на тое, што ўсё ўстаноўленае і якое будзе ўстанаўлівацца абсталяванне з’яўляецца, па словах Аляксандра Жука, энергазберагальным.

З пяці існаваўшых на месцы будаўніцтва станцыі свідравін для здабычы вады ў рабоце знаходзіліся толькі дзве. Тры астатнія былі ў закансерваваным стане. З перспектывай функцыянавання ў комплексе са станцыяй праведзена іх раскансервацыя.

Пуск аб’екта запланаваны на верасень. І, па меркаванні спецыялістаў, вытрымаць вызначаны тэрмін завяршэння будаўніцтва абсалютна рэальна.

У тэму будзе дабавіць, што станцыя абязжалезвання будуецца таксама ў Начы. Больш сціплая па вытворчых магчымасцях, адпаведна і па цане: агульны кошт будаўніцтва першапачаткова вызначаны ў суме 2,8 мільярда бюджэтных рублёў.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *