На аднаго «Беларуса» больш. У Ляхавіцкім аграрным каледжы – транспартнае папаўненне

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Новенькі трактар «Беларус» цяпер дапаможа каляджанам у вучобе

Аўтапарк агракаледжа на мінулым тыдні чакаў прыемны сюрпрыз. Цяпер яго «ўзначальвае» новенькі трактар «Беларус-900.4». Хадайніцтва пра такую транспартную неабходнасць установа адукацыі накіравала ў Міністэрства адукацыі і Міністэрства прамысловасці. А 26 мая кіраўніцтва агракаледжа ўжо ў сталіцы прымала падарунак ад Мінскага трактарнага завода.
Прычым, варта адзначыць, варыянт для агракаляджан МТЗ выбраў экспартны, і на бязвыплатнай спонсарскай аснове «Беларус-900.4» перадаў навучальнай установе.


Кошт новенькага трактара складае больш за 35 тысяч рублёў.
Такое транспартнае папаўненне для каляджан – падзея не з разраду звычайных. Таму і прыём у свае рады быў адпаведны – святочны і ўрачысты. На мінулым тыдні новенькі «Беларус» заехаў у двор агракаледжа пад гучныя апладысменты навучэнцаў. І стаў выдатнай пляцоўкай для сэлфі і кантэнту «ЦікТока». Прычым да «Беларуса» ў падарунак ішлі набор інструментаў, тэхнічныя прыстасаванні і спецыяльны касцюм. Прыемны плюс.
Важна, што трактар стане вучэбным сродкам для навучэнцаў спецыяльнасцяў «плодаагародніцтва», «агранамія», «заатэхнія». Многія нават паспрабавалі сябе ў якасці вадзіцеля.
Сімвалічна ключы ад «Беларуса» дырэктар навучальнай установы Ірына Прыступа-Юнік перадала майстру вытворчага навучання Валерыю Макавецкаму. Трактар, дарэчы, эксплуатуецца з усімі прыстасаваннямі, што ўжо маюцца ў каледжы.
– Сёння навучэнцы агракалежда могуць атрымаць пасведчанне трактарыста-машыніста, і гэта значны плюс у навучальным працэсе. Маючы такое пасведчанне, каляджане змогуць прымаць удзел у жніўнай кампаніі. І, канешне, тэхніка і яе стан вырашаюць многае, таму такі падарунак толькі дабаўляе якасці ў працэс падрыхтоўкі. Дзякуй за тое, што мы былі пачуты, – адзначыла Ірына Прыступа-Юнік.

Маргарыта Кухта-Маслоўская.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.