Яшчэ навучэнцы, ужо майстры. Ляхавіцкія агракаляджане вынікова паўдзельнічалі ў абласным фестывалі-конкурсе прафесіянальнага майстэрства WorldSkills

Абласны фестываль-конкурс прафесіянальнага майстэрства WorldSkills сярод навучэнцаў, студэнтаў і маладых рабочых, што напрыканцы мая адбыўся ў Кобрыне, вызначыў лепшых у сваіх сферах. Ляхавіччыну прадстаўляў мясцовы агракаледж.
І, як заўсёды, вынікова. Нашы навучэнцы-трэцякурснікі былі заяўлены ў трох з 46 кампетэнцый і ў кожнай заваявалі другое месца.

У намінацыі «агранамія» Аляксандра Федаровіч здавала своеасаблівы практычны экзамен, які складаўся з сямі модуляў. Сярод іх – вызначэнне саставу глебы, шкоднікаў і хвароб збожжавых культур, прышчэпка пладовых дрэў, а таксама выкананне дызайн-праекта фларыстычнай кампазіцыі і г. д. Аляксандра хутка і тэхнічна правільна выконвала ўсе заданні, праявіла крэатыўнасць у творчых іспытах. Уладальнік першага месца абышоў нашу зямлячку ўсяго на 1,8 бала.
Майстар-класы «Тапіярная стрыжка хваёвых раслін» і «Спосабы размнажэння дэкаратыўных раслін» правялі Ангеліна Масцілоўская і Вольга Івановіч. Дзяўчаты навучаюцца па спецыяльнасці «плодаагародніцтва» і дэманстравалі разнастайныя віды фармовачнай абрэзкі і спосабы вегетатыўнага размнажэння дэкаратыўных раслін.
У ветэрынарнай медыцыне свае веды і ўменні паказала Крысціна Салаўёва. Да перамогі ёй не хапіла аднаго бала.
У намінацыі «заатэхнія» трымала справаздачу Іна Малевіч. У гэтых кампетэнцыях дзяўчатам неабходна было выканаць па дзесяць заданняў. Тэхніку правядзення мікраскапічнага даследавання мёду для вызначэння яго натуральнасці і выключэння фальсіфікацыі прэзентавала падчас майстар-класа па ветэрынарнай медыцыне Ганна Пецюлевіч.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.