Ведаць праўду. Адной з асноўных тэм інфармацыйна-прапагандысцкіх груп стала «80 гадоў трагедыі ў Хатыні. Вынікі расследавання генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны»

Кожнаму пакаленню важна ведаць і захоўваць багатую гістарычную спадчыну і праўду пра ўсе перыяды жыцця беларускага народа. Тэма «80 гадоў трагедыі ў Хатыні. Вынікі расследавання генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны» стала адной з асноўных падчас работы інфармацыйна-прапагандысцкіх груп, якія працавалі на мінулым тыдні ва ўстановах і арганізацыях Ляхавіччыны.

Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз сустрэўся з педагагічным калектывам СШ № 2 у знакавым не толькі для гэтай навучальнай установы месцы – музеі баявой і працоўнай славы. Менавіта тут мінулай вясной была адкрыта і дзейнічае экспазіцыя, прысвечаная тэме генацыду беларускага народа. Шматлікія матэрыялы збіралі навучэнцы і настаўнікі, нямала экспанатаў перададзена і пракуратурай Ляхавіцкага раёна.
Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ларыса Юшкевіч нагадала пра страшную трагедыю Хатыні і лёс яе сясцёр. Балючая цішыня ўсталявалася ў музеі, калі, нібы набат, прагучалі ўспаміны Іосіфа Камінскага – адзінага з хатынцаў, хто выжыў тады,
22 сакавіка 1943 года.
Выконваючы абавязкі пракурора Ляхавіцкага раёна Станіслаў Давідавічус нагадаў, што з мэтай захавання сацыяльнай і гістарычнай праўды, ухілення белых плям гісторыі, умацавання канстытуцыйнага ладу і нацыянальнай бяспекі Генеральнай пракуратурай Беларусі ўзбуджана крымінальная справа па факце ўчынення фашысцкімі злачынцамі і іх саюзнікамі, а таксама карнымі падраздзяленнямі нацыяналістаў у гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд на тэрыторыі БССР і іншых дзяржаў генацыду нашага народа. Ён падкрэсліў, што хатынская трагедыя – гістарычны факт, даказаны як матэрыяламі крымінальных спраў і архіўнымі дакументамі, так і вынікамі даследавання сучаснай крымінальнай справы пра генацыд, падчас якой праведзена апытанне каля паўтары тысячы сведак і пацярпелых, выяўлена больш за 30 раней невядомых месцаў пахавання бязвінных ахвяраў вайны сярод мірнага насельніцтва.
Мікалай Мароз падкрэсліў, што важна, каб і ў сям’і, і ў школе асновай асноў было выхаванне сапраўднага чалавека, патрыёта сваёй краіны. Нельга забываць тое, што адбывалася ў гады вайны, нельга дараваць тыя здзекі над беларускім народам, што ўчынялі фашысты і іх прыслужнікі. Трэба помніць, каб трагедыя не паўтарылася зноў. Трэба помніць, каб жыць у міры.
Інфармацыйна-прапагандысцкая група, якую ўзначальвае старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч, сустрэлася з калектывам Ляхавіцкага лясгаса. Акрамя кіраўніка дэпутацкага корпуса, на пытанні лясгасаўцаў адказваў выконваючы абавязкі пракурора Ляхавіцкага раёна Станіслаў Давідавічус.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.