На фестываль «Вытокі» са сваім прывітаннем. Столін сустракаў удзельнікаў і гасцей фестывалю «Вытокі»

Цікава, весела, запамінальна, феерычна, спартыўна – так было
3-4 чэрвеня на Століншчыне. Гасцінны Столін сустракаў удзельнікаў і гасцей рэспубліканскага культурна-спартыўнага фестывалю «Вытокі. Крок да Алімпу». Асноўная мэта мерапрыемства, якое праводзіцца ў розных рэгіёнах, – раскрыццё патэнцыялу рэгіёна праз спорт, культуру, навуку і адукацыю.

Гэтыя цудоўныя два дні чэрвеня запомняцца нядоўга ўсім, хто завітаў ў горад на Палессі. Колькі ўсяго запамінальнага адбылося! Прадстаўнікі кіраўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта, Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта ўсклалі кветкі да мемарыяла «Стасіна» і ўшанавалі памяць ахвяр нацызму.
І вось фанфары абвясцілі пачатак грандыёзнага свята. З прывітальнымі словамі звярнуліся Прэзідэнт НАК Віктар Лукашэнка і старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Юрый Шулейка.
Як сведчаць шматлікія водгукі, арганізатары мерапрыемства пастараліся на славу. Было створана шмат творчых і спартыўных пляцовак, праводзіліся разнастайныя конкурсы і спаборніцтвы, было мноства прызоў і супер-эмоцый. А яшчэ фестываль – гэта ўнікальная магчымасць сустрэцца з вядомымі беларускімі спартсменамі – пераможцамі, прызёрамі Алімпійскіх гульняў, чэмпіянатаў свету і Еўропы.
Ды і для саміх спартсменаў кожная сустрэча з балельшчыкамі ў радасць.
Не толькі спорт панаваў у Століне. Безліч уражанняў пасля наведвання «Горада майстроў». Свае творчыя работы дэманстравалі майстры народных рамёстваў у розных накірунках. Дастойна прадставілі наш раён з выставамі Дараўскі і Адахаўшчынскі Дамы народнай творчасці, Свяціцкі СДК.
І, канешне, як заўжды, запальвала наша «Вечарніца» – народны ансамбль песні, гумару і гульні Навасёлкаўскага СДК.
Дэгустацыя, чаруючы водар і непаўторны смак – усё гэта пра выставу-продаж «Беларускія брэнды». Тут можна было ўсё пакаштаваць, а потым, што спадабалася, – купіць. Сярод прадпрыемстваў, якія ўдастоены гонару прадставіць сваю прадукцыю, – ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод».
Істотны інтарэс выклікала і прэзентацыя калекцыі адзення праекта «Роднае моднае» ад беларускіх дызайнераў, прадпрыемстваў, індывідуальных прадпрымальнікаў.
Спявалі, танцавалі на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы. Тут праходзіў конкурс маладых выканаўцаў.
Нямала апладысментаў у свой адрас заслужыла выкладчык Тухавіцкай дзіцячай школы мастацтваў Аляксандра Абрамава.
Заключным акордам фестывалю стаў гала-канцэрт з удзелам артыстаў беларускай эстрады і феерверкам.

Галіна КАНЬКО.

Таццяна ПІШЧ, мастацкі кіраўнік народнага ансамбля песні, гумару  і гульні «Вечарніца», культарганізатар Навасёлкаўскага СДК:
– Наш калектыў вельмі рады, што ўдастоены гонару пабываць на такім цудоўным маштабным свяце. Спадабалася літаральна ўсё. Эмоцый столькі, што хопіць надоўга. «Вечарніца» сустракала песнямі, сувенірамі паважаных гасцей, у тым ліку кіраўніцтва НАКа. І з натхненнем суправаджала ўсіх жадаючых у «Горад майстроў». Што за выставы там былі – залюбуешся! Дзякуй «Вытокі» за суперсвята!


Вольга МАТУЛІС, вядучы спецыяліст па маркетынгу ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод»:
– Выдатна, здорава было на «Вытоках». Палешукі – вельмі гасцінныя, шчырыя людзі. Ганарымся, што спадабалася прадукцыя нашага завода – каштавалі, дзякавалі і куплялі. Асабліва спадабаліся соусы, сокі. Многія гаварылі, што цяпер будуць купляць толькі ляхавіцкія плодаагароднінныя кансервы.