Фэст высокага ўзроўню. Гэта пра літаратурны фестываль «Флер’яноўскія чытанні», што ладзіцца ў Ляхавіцкім раёне раз у два гады

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

…Ёсць імгненні, якія натхняюць на новыя памкненні і здзяйсненні, яны напаўняюць наша жыццё новым сэнсам. Менавіта такімі матывамі быў прасякнуты літаратурны фестываль «Флер’яноўскія чытанні».

З кожным разам фэст, калі так можна сказаць, станавіўся больш дарослым, здзіўляў, аб’ядноўваў. Сёлетні сапраўды ўразіў сваёй сур’ёзнасцю і высокім узроўнем таго, што адбывалася. Гэта фэст не з разраду звычайных, ён ахоплены прагай творчасці, палёту думкі, высокім мастацкім натхненнем, павагай да гістарычнага мінулага Беларусі, да яе культурных дзеячаў, да нашага беларускага багацця. Гэта вялікае шчасце – бачыць, што наша мова жыве і ўвасабляе ў сабе ўсё самае лепшае. Гэта цудоўна – разумець, што нашы дзеткі ведаюць Купалу і Коласа, з задавальненнем слухаюць творы ляхавіцкіх паэтаў і пісьменнікаў. Яны не баяцца эксперыментаваць, ім падуладна ўсё – калі ласка, мюзікл па матывах «Прымакоў». І зал лікуе: «Брава!», «Класна!».


Як інфармацыйны партнёр, «веснікаўцы» ведаюць, якая вялікая падрыхтоўчая работа папярэджвала літара-турнаму фестывалю. Акрамя арганізацыйных моман-таў, паралельнымі сюжэтамі вяліся чыстыя работы ў сядзібе Бохвіцаў. Напярэдадні «Чытанняў» калектыў купалаўкі пашчыраваў там на славу.
Як заўжды, кіпела праца і ў купалаўцы: ад касцюмаў да тэатральных элементаў – усё гэта крэатывілі яны, работнікі Ляхавіцкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы.
Мы шчаслівыя людзі. Нам засталася такая спадчына. Вы толькі ўявіце – пад тым самым дубам, які пасадзіла Эліза Ажэшка, мы слухаем і дэкламуем вершы, на памяць пра свята атрымайце лісце з самага творчага дрэва ў Беларусі. Прайдзіцеся сцежкамі, дзе некалі хадзіў Бохвіц, загляніце ў сядзібу, якую так ашчадна берагуць Генрых і Ларыса Траццякі.
Мы шчаслівыя і таму, што працягваем традыцыю памяці. І робім гэта сапраўды шчыра. Колькі маладых талентаў сёння ўслаўляюць Ляхавіччыну. У іх вершаваных радках прапісалася любоў да малой радзімы, у прозе так пяшчотна яны прызнаюцца ў самых шчырых пачуццях да Бацькаўшчыны, цікавяцца лёсам сваіх продкаў. Некаторыя творы пераможцаў конкурсу «Сlovесность» абавязкова будуць надрукаваны ў раёнцы.
У наступным нумары «ЛВ» чакайце фотарэпартаж з літаратурнага фестывалю!
Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.