У ААТ «Жарабковічы» і «Шлях новы» Ляхавіцкага раёна сёлета кукуруза будзе мець «каралеўскі» размах

Надвор’е ўсталявалася, глеба прагрэлася. Самы час прыступаць да сяўбы кукурузы. Што і зрабілі два самыя кукурузаёмістыя сельгаспрадпрыемствы нашага раёна.

У ААТ «Жарабковічы» і «Шлях новы» гэта культура сёлета будзе мець сапраўды «каралеўскі» размах. Размесціцца ледзь ці не на чатырох тысячах пасяўных гектараў на дваіх: 1 850 у «Шляху новым» і
2 100 у «Жарабковічах» з 8 900 агульнараённых. Пераважную долю гэтых гектараў зойме, канешне ж, кукуруза для ўборкі на зялёную масу. Аднак і на зерневы ўраджай планава прадугледжана не менш
як дзве тысячы кукурузных гектараў. Плошчы важкія ў плане фарміравання кармавой базы для жывёлагадоўлі як Ляхавіччыны, так і кожнага з яе асобных сельгассуб’ектаў.
Наперадзе ў аграрыяў вялікая і асабліва дакладная работа. Нездарма ж для сяўбы (а, дакладней, «раскладкі» кукурузнага насення ў глебу) выкарыстоўваюцца спецыяльныя агрэгаты – сеялкі дакладнага высеву. Праца ў полі, як правіла, праходзіць пад прыглядам, кіраўніцтвам, кантролем так званай палявой навігацыйнай сістэмы. Каб радок да радка, зярнятка да зярнятка, а інакш разлічваць на добры ўраджай зялёнай масы, тым больш кукурузнага зерня, не даводзіцца.
Разважаннямі на тэму ўраджайнасці ў залежнасці ад пасяўной дакладнасці падзяліўся механізатар ААТ «Жарабковічы» Сяргей Пташук (на здымку). Ён прызнаўся, што, нягледзячы на вельмі салідную хлебаробска-механізатарскую кампетэнтнасць, у справе сяўбы кукурузы яшчэ пачатковец.
– Пачынаю асвойваць. Быў збожжаўборачны камбайн, звычайная СПУшка, іншыя сельгасагрэгаты, а вось на сяўбе кукурузы дэбютаваў толькі сёлета, – адзначыў сейбіт падчас незапланаванага, кароткага, па просьбе карэспандэнтаў, перапынку ў рабоце. Ды і то, каб нават гэтыя некалькі хвілін «без работы» не сталі безвыніковымі, вырашыў адначасова папоўніць агрэгат пасяўным матэрыялам.
Дарэчы, пра насенне. У той дзень «Жарабковічы» працавалі з насеннем, пад-рыхтаваным на Івацэвіцкім кукурузакалібровачным заводзе, – гібрыдам пад назвай «дар’ян».
Роўна, быццам пад лінейку, засеяныя радкі ніяк не выдавалі ў механізатары кукурузасейбіта-пачаткоўца. Хутчэй – майстравітага і адказнага працаўніка.
– Сеяць пачалі ў аўторак. Першы дзень атрымаўся параўнальна кароткім і не самым прадукцыйным у плане «зробленых» плошчаў.
Дастаткова працяглы час спатрэбіўся на дакладнасць настройкі тэхнікі. А цяпер з самай раніцы – у баразну. Спадзяюся, што тэхніка не падвядзе, дазволіць трымацца ў полі да поз-няга часу. Мяркую, што ў пэўных абставінах, напрыклад, доўгіх палявых гонях на працягу працоўнага дня, магчыма «ўзбіцца» і на 50 гектараў выпрацоўкі, – гаворыць Сяргей Пташук.
Сёлетнюю «цеплалюбівую» сяўбу «Жарабковічы» пачыналі дзвюма спецыялізаванымі сеялкамі. Аднак да пачатку сезона гаспадаркай быў набыты яшчэ і камбінаваны кукурузапасяўны агрэгат.
Верагодна, больш прадукцыйны, тэхналагічны, камбінаванасць якога заключаецца як мінімум у функцыі паралельна з сяўбой уносіць мінеральныя ўдабрэнні.
У бліжэйшыя дні ён таксама зойме сваё месца на шырокім кукурузапасяўным палетку ААТ «Жарабковічы».
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.