У аддзяленні інтэнсіўнай важнасці. Аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі Ляхавіцкай райбальніцы працуе кругласутачна і без перапынкаў на абед, без выхадных і святаў

Час ад часу цішыню парушаюць ледзьве чутныя крокі чалавека ці пазыўныя датчыкаў. Стэрыльная чысціня і парадак яшчэ раз удакладняюць, наколькі ўсё важна да дробязяў. Мноства самай сучаснай і дакладнай апаратуры, прасторныя палаты, спрактыкаваны калектыў майстроў медыцынскай справы. Так кругласутачна і без перапынкаў на абед, без выхадных і святаў сустракае аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі Ляхавіцкай райбальніцы.

Урач Уладзімір Аўдзей, медсёстры Наталля Траяноўская і Юлія Баранава.
Урач Валерый Саланенка, медсёстры Кацярына Юрчык і Марыя Рудая.
Урачы Руслан Курыловіч (справа) і Аляксандр Сяргей.

Тут атрымліваюць дапамогу асаблівыя хворыя, чыё жыццё знаходзіцца пад пастаянным кантролем дарагога абсталявання і высокакваліфікаваных медыкаў. Хто хоць аднойчы трапіў у гэта аддзяленне ЦРБ у якасці пацыента, або хваляваўся за блізкіх, якім там дапамагалі, напэўна, пацвердзяць: на варце жыцця здароўя стаяць сапраўдныя прафесіяналы.
Зараз у аддзяленні працуе больш за 20 чалавек. Кадравы складнік – удалае спалучэнне вопыту і маладосці, шматгадовай практыкі і ўкаранення навейшых метадаў лячэння, жыццёвая муд-
расць і юнацкі запал, надзейнасць і ўзаемазамяняльнасць, калектывізм і падтрымка.
– Пра кожнага скажу – надзейны калега, ніколі не падвядзе. Менавіта такая каманда павінна быць, тады і справа ладзіцца, і пацыентам камфортна. Упэўнены, якая б надзвычайная сітуацыя ні здарылася, якія б выклікі нам не ставілі хваробы, разам мы здольныя справіцца з усім, – упэўнены загадчык аддзялення Уладзімір Аўдзей.
Вось ужо больш за 30 гадоў Уладзімір Аўдзей – урач у аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі, 14 гадоў узначальвае яго. Уладзімір Ігнацьевіч з ліку тых, у каго за знешняй суровасцю хаваюцца дабрыня, спагада і, канешне, міласэрнасць. Без такога спалучэння, здавалася б, неспалучальных якасцей немагчыма з халодным розумам лячыць, літаральна вырываць з абдымкаў смерці людзей і знаходзіць важныя і патрэбныя словы, каб супакоіць блізкіх пацыента, а яшчэ выконваць нямала адміністратарскіх функцый у якасці загадчыка аддзялення.
Прафесію рэаніматолага можна па праве назваць экстрэмальнай, бо ў любы момант трэба быць гатовым выцягваць пацыента літаральна з таго свету, вельмі цяжкі стан пацыента патрабуе інтэнсіўнай тэрапіі. Сюды на лячэнне паступаюць тыя, каму патрабуецца экстранная кваліфікаваная дапамога, калі лік ідзе нават не на гадзіны, а на хвіліны. У прыватнасці, пасля хірургічных аперацый, хворыя ў цяжкім стане (траўмы, кровацячэнні, цяжкія атручэнні, пасля інфаркту), якіх прывозіць хуткая дапамога ці паступаюць з іншых аддзяленняў бальніцы пасля пагаршэння стану здароўя.
– Ва ўмовах рэанімацыі інтэнсіўная тэрапія прадугледжвае кругласутачную прысутнасць каля пацыента ўрача-рэаніматолага, медсястры і малодшай медсястры. Праводзіцца пастаянны маніторынг жыццёва важных функцый пацыента, увядзенне прэпаратаў, пры неабходнасці – штучная вентыляцыя лёгкіх. Наша задача – стабілізаваць стан пацыента і перавесці яго ў іншае аддзяленне для далейшага лячэння, – тлумачыць спецыфіку работы Уладзімір Аўдзей.
Тутэйшыя ўрачы маюць два месцы работы: непасрэдна ў аддзяленні, а таксама ў аперацыйных блоках, дзе разам з медсёстрамі забяспечваюць анестэзіялагічны працэс.
Словы «дзякуй, доктар!» за сваю больш чым 40-гадовую працоўную біяграфію Валерый Саланенка чуў сотні разоў. Прафесіяналізм, дружалюбнасць і сціпласць урача-анестэзіёлага Валерыя Саланенкі, яго ўменне знайсці падыход да пацыента, павага да калег – сапраўдны прыклад для пераймання.
– Люблю сваю работу, ганаруся, што працую побач з цудоўнымі калегамі. Мы адзіная каманда. І гэта дарагога варта, бо падтрымка дапамагае ў рабоце, важна мець надзейнае плячо побач, – гаворыць Валерый Саланенка.
У аддзяленні нямала маладых медыкаў – урачоў, медыцынскіх сясцёр. Аляксандр Сяргей – урач-рэаніматолаг-анестэзіёлаг.
– Ніколі не адчуваў ілюзій, разумеў рэаліі ўрачэбнай прафесіі, у іншай сябе не бачыў і не бачу цяпер. Мне яна падабаецца. Важная і падтрымка калег, а яна пастаянная. Калі патрэбна парада, заўжды можна звярнуцца за дапамогай, – сцвярджае Аляксандр Сяргей.
– Спецыфіка нашай работы ў тым, што ў ёй неабходна больш ведаў, чым у іншых спецыяльнасцях. Трэба ўмець больш, бо наша дзейнасць шматпрофільная. Кожная раніца ўрача пачынаецца з абходу. Потым работа ў аперацыйнай анестэзіёлагам, далей зноў дзяжурства ў аддзя-
ленні. І заўжды побач з урачом медсёстры, – гаворыць пра ўрачэбныя будні Уладзімір Аўдзей.
Медыцынскія сёстры аддзялення – асаблівая прафесія. Трэба не толькі дакладна выконваць даручэнні ўрача, праводзіць медыцынскія маніпуляцыі, але спачуваць, падбадзёрваць, дапамагаць пацыентам, знайсці шчырае цёплае слова для кожнага.
Больш за тры дзесяцігоддзі назад Святлана Пазнякова падхапіла эстафету сваёй маці Таццяны Коктыш, якая таксама працавала медсястрой у рэанімацыі.
– У аддзяленні працуюць 12 медыцынскіх сясцёр, восем з іх маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Шмат гадоў старшай медсястрой была Вера Крываруцкая, якая ўмела выдатна наладзіць работу калег і была ўважлівай да пацыентаў. Яе пераемніца Алена Чашка таксама прыклад міласэрнасці, прафесіяналізму і ўмення працаваць у камандзе. На добрым узроўні спраўляюцца са сваімі абавязкамі чатыры малодшыя медыцынскія сястры і дзве санітаркі, – гаворыць галоўная медсястра Ляхавіцкай ЦРБ Ала Туркіна.
Медыкі гэтага аддзялення таксама вытрымалі экзамен на прафесіяналізм, калі панавала пандэмія каранавіруса. Сюды паступалі пацыенты, якім патрэбна была інтэнсіўная тэрапія. Тут іх падключалі да апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх.
– Сама інфекцыя і сёння да канца не вывучана, як і тое, як арганізм канкрэтнага чалавека з ёю змагаецца. Увогуле нюансаў развіцця кавіда шмат. Па максімуму ўмацавалі аддзяленне ўсім неабходным: абсталяванне, медыкаменты, касцюмы для медперсаналу, дэзынфіцыруючыя сродкі. Але, галоўнае – прафесіяналізм медыкаў – ад загадчыка аддзялення да малодшага медыцынскага персаналу. Кожны з пастаўленай задачай і сваімі абавязкамі дакладна справіўся. На ўрачоў і ўвогуле выпала двайная нагрузка – акрамя работы непасрэдна ў аддзяленні, яны кансультавалі ў іншых аддзяленнях райбальніцы, дзе ляжалі цяжкія пацыенты з каранавірусам. Нездарма аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі адно з лепшых у бальніцы. Атрымліваю бясцэнны вопыт ад сумеснай работы з Уладзімірам Аўдзеем і Валерыем Саланенкам, з маладымі Аляксандрам Сяргеем і Ірынай Дарэўскай, – адзначае намеснік галоўнага ўрача УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Руслан Курыловіч.
…Каля дзвярэй аддзялення некалькі чалавек, відавочна, вельмі хвалююцца. Выходзіць урач і паведамляе: «Усё будзе добра, паказчыкі набліжаюцца да нормы, хутка перавядзём пацыента ў тэрапеўтычнае аддзяленне на далечванне»…
Як жа хочацца, каб такіх гісторый са шчаслівым канцом было як мага больш. А словы ў адказ «вялікі дзякуй вам, доктар!» па праве належаць усім прадстаўнікам самай гуманнай прафесіі – лячыць людзей.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.