Факт-экспрэс-навіны


· З УЗНАГАРОДАЙ! Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў за шматгадовую добрасумленную працу, высокае прафесійнае майстэрства, дасягнутыя поспехі ў навучанні і эстэтычным выхаванні падрастаючага пакалення і ў сувязі з 50-гадовым юбілеем Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў узнагароджана настаўнік па класу баяна ўстановы Ніна Чарнышова.
Падзячнае пісьмо райсавета ўручана настаўніку па класу баяна Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў Аляксею БЕРАЗОЎСКАМУ.
· ЗРУЧНЫ НАТАРЫУС. Як паведаміла загадчыца дзяржаўнай натарыяльнай канторы Ляхавіцкага раёна Іна Шабацько, для натарыяльнага абслугоўвання насельніцтва плануюцца выезды дзяржаўнага натарыуса ў аграгарадкі: 4 чэрвеня — у Русінавіцкі, 11 — у Дараўскі і Навасёлкаўскі, 18 — у Ліпскі, 25 чэрвеня — у Конькаўскі.
Выезд натарыуса ажыццяўляецца пры наяўнасці заяў, якія прымаюцца старшынямі сельскіх выканаўчых камітэтаў і натарыусам па тэлефоне 2-50-67.
· НА ЗЛЁТ. З 25 па 28 мая ў Брэсцкім раёне праходзяць чацвёрты абласны злёт навучэнцаў факультатыўных груп па накірунку «Бяспека жыццядзейнасці» і дзесяты абласны злёт Беларускай маладзёжнай грамад-скай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных. Як расказаў інспектар групы прапаганды і навучання РАНС Барыс Амяльянец, Ляхавіччыну на іх прадстаўляе каманда «Экстрым», у склад якой увайшлі вучні Тальмінавіцкай СШ, якія займаюцца ў факультатыве па бяспецы жыццядзейнасці, а таксама члены Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных з СШ №2 і гімназіі райцэнтра.
На працягу 4 дзён каманды будуць спаборнічаць у намінацыях «Візітная картка», «Аказанне першай даўрачэбнай дапамогі», «Турыстычная эстафета», «Юны прапагандыст», «Знаўцы асноў бяспекі жыццядзейнасці», «Фігурнае ваджэнне веласіпеда», «Баявое разгортванне».
· СТОП, ЦЭНЫ! Мемарандум аб стрымліванні цэн на лякарствы падтрымалі ўжо амаль 60 замежных вытворцаў мед-прэпаратаў або іх афіцыйных дыстрыб’ютараў у Беларусі. Дакумент быў падпісаны 21 мая ў Міністэрстве аховы здароўя. Акрамя замежных прадстаўнікоў фарміндустрыі мемарандум падтрымалі 15 айчынных вытворцаў лекавых сродкаў. Дакумент застаецца адкрытым для падпісання. Многія замежныя прадпрыемствы, якія спецыялізуюцца на выпуску медпрэпаратаў, прыслалі пісьмовыя звароты, што падпішуць гэты мемарандум пазней, пасля ўзгаднення з галаўнымі офісамі.
Гэты мемарандум будзе дзейнічаць да канца 2011 года. Згодна з дакументам, вытворцы лекавых сродкаў і іх афіцыйныя дыстрыб’ютары абавязуюцца стрымліваць рост цэн на ўзроўні 2009 года да канца 2011 года.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *