Дарогі дачакаліся рамонту. Звароты: вырашана станоўча

І зноў пра дарогі. Менавіта гэта актуальная тэма стала чарговай нагодай для зваротаў землякоў у розныя інстанцыі.

Яшчэ ў снежні мінулага года на прамую тэлефонную лінію, што праводзіў Камітэт дзяржаўнага кант-ролю Брэсцкай вобласці, звярнуўся ляхавічанін па пытанні правядзення рамонту дарожнага пакрыцця на завулку Кальцавым у райцэнтры. У сёлетнім чэрвені работнікі КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» зрабілі падсыпку дарожнага палатна па завулку Кальцавым.
– Каб выканаць неабходны ўчастак работ, нам спатрэбіўся ўсяго адзін дзень. Чакалі, пакуль установяцца спрыяльныя ўмовы надвор’я. Таксама была яшчэ адна праблема – адсутнічаў неабходны матэрыял для падсыпкі – гравійна-пясчаная сумесь. Як толькі ўсё атрымалася, тут жа правялі рамонт, – расказвае начальнік участка «Добраўпарадкаванне» камунгаса Уладзімір Несцяровіч.
Жыхарка Каранеўшчыны адрасавала пісьмовы зварот старшыні райвыканкама Мікалаю Марозу. Вяскоўка ўзняла праблему дрэннага стану неасфальтаваных дарог у гэтым населеным пункце.
Вясковыя вуліцы – зона адказнасці ДРБУ-200. Адпаведна, работнікі гэтай арганізацыі і зрабілі падсыпку гравіем і прафіліравалі дарогі.
– Вялікі дзякуй старшыні райвыканкама за тое, што не пакінуў без увагі нашу просьбу. Я жыву ў Каранеўшчыне на вуліцы Кальцавой. Дык вось, пасля рамонту тут зусім іншая справа, дарога стала значна лепшай. Работы выкананы і на іншых вуліцах нашай вёскі. Цяпер будзем спадзявацца, што, у рэшце рэшт, мы дачакаемся і асфальтавання вуліц нашай вёскі, – гаворыць жыхарка Каранеўшчыны.
Галіна КАНЬКО