60 мільёнаў крокаў па гісторыі дзвюх краін. Дзесяцікласніца СШ № 1 ляхавічанка падзялілася з «ЛВ» сваімі ўражаннямі аб удзеле ў патрыятычным праекце

Дзве сотні беларускіх і расійскіх школьнікаў 22 чэрвеня – у Дзень пачатку Вялікай Айчыннай адправіліся ў падарожжа на «Цягніку Памяці». Старт міжнароднаму патрыятычнаму праекту быў дадзены ў Брэсце. Два тыдні падарожжа аб’ядналіся ў адзін маштабны ўрок, прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне і Году гістарычнай памяці ў Беларусі.
3 ліпеня – у Дзень Незалежнасці Беларусі – Мінск урачыста сустракаў пасажыраў «Цягніка Памяці». Сярод іх – дзесяцікласніца СШ № 1 ляхавічанка Вікторыя НАВІЦКАЯ, якая падзялілася з «ЛВ» сваімі ўражаннямі аб удзеле ў патрыятычным праекце.

– Гонар і радасць, удзячнасць і прызнанне, увесь калейдаскоп эмоцый адчуваю пасля фінішу праекта «Цягнік Памяці». Гэта было незабыўна і вельмі хвалююча. Маштабны праект аб’яднаў нас, школьнікаў, з розных куткоў Беларусі і Расіі. Падлічылі, што за дні падарожжа наведалі 15 гарадоў баявой славы дзвюх краін, пераадолелі 5911 кіламетраў, зрабілі 60 мільёнаў крокаў па гісторыі, па памятных мясцінах, музеях і г. д. Са старонкамі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны мы знаёміліся праз музеі, факты і падзеі. Самым эмацыянальным стала наведванне перасоўнага музея – «Цягніка Перамогі». Праўду казалі, што пасля знаёмства з яго экспазіцыяй у людзей адбываецца пераацэнка каштоўнасцяў. Пачынаеш разумець, што мір – самае галоўнае на Зямлі.
Шмат эмоцый перажываеш у музеі «1418 крокаў», што ў горадзе Кубінка, дзе адлюстраваны падзеі кожнага дня вайны з 22 чэрвеня 1941 года па 9 мая 1945 года. Брэст, Гродна, Віцебск, Ржэў, Вязьма, Кубінка, Масква, Вялікі Ноўгарад і іншыя гарады – усюды, дзе мы пабывалі, абавязковы момант – кветкі да помніка герояў і ўшанаванне іх памяці. Асаблівае ўражанне пакінулі ў Санкт-Пецярбурзе Піскароўскія могілкі: там пахаваны ахвяры блакаднага Ленінграда. На безлічы пліт няма імёнаў і прозвішчаў, толькі даты смерці…
Праект фінішаваў у Мінску ў наша галоўнае дзяржаўнае свята – Дзень Незалежнасці. На ўсё жыццё запомню гэты дзень, калі з намі, звычайнымі падлеткамі, сустрэўся Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Як наказ прагучалі яго словы, што мы павінны захоўваць сваю гісторыю і нікому не дазваляць яе перапісваць. Кіраўнік дзяржавы гаварыў пра тое, што мы павінны абавязкова расказаць іншым пра ўбачанае
і пачутае падчас падарожжа, каб усе ведалі праўдзівыя факты і падзеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
3 ліпеня мы высадзілі 78 сімвалічных туй у гонар 78-й гадавіны вызвалення Беларусі – маладзёжную алею Дружбы на лініі Сталіна.
Удзел у праекце «Цягнік Памяці» пацвердзіў, што наша моладзь ініцыятыўная і неабыякавая. Са сваімі аднагодкамі з Расіі мы змаглі падчас падарожжа падрыхтаваць агульныя патрыятычныя акцыі. Праект даў магчымасць знайсці сяброў і ў Беларусі, і ў Расіі. Зараз буду перапісвацца з рабятамі з Астрахані, Карачаева-Чаркескай рэспуб-
лікі, Хабараўска і многіх іншых рэгіёнаў. Цікава было паслухаць пра іх радзіму, мы дзяліліся расказамі пра сваю, пра ініцыятывы і маладзёжны рух. Аказалася, што ў нас шмат агульнага. І гэта вельмі важна для міру, для нашага заўтрашняга дня!
Запісала Наталля ПЕРАПЕЧКА.