Востраўская згода. На пасяджэнне раённай камісіі садзейнічання кантролю за выкананнем заканадаўства аб свабодзе веравызнання і рэлігійных арганізацыях разам збіраюцца прадстаўнікі розных канфесій

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Раз у квартал на пасяджэнне раённай камісіі садзейнічання кантролю за выкананнем заканадаўства аб свабодзе веравызнання і рэлігійных арганізацыях разам збіраюцца прадстаўнікі розных канфесій. Чарговая сустрэча адбылася 30 чэрвеня ў выязным фармаце на тэрыторыі Востраўскага сельсавета, дзе камісія на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Святланай Юрлевіч пры ўдзеле святароў пабывала ў культавых аб’ектах.

Першая кропка на маршруце – Тухавічы. У вёсцы сем гадоў назад на месцы былога вучэбна-вытворчага комплексу было адкрыта Ляхавіцкае аддзяленне дабрачыннай рэлігійнай місіі «Вяртанне» аб’яднанай царквы хрысціян веры евангельскай.
Тут праходзяць рэабілітацыю і адаптацыю асобы з алкагольнай і нарказалежнасцю, хто вызваляецца з месцаў пазбаўлення волі і жадае з божай дапамогай змяніць сваё жыццё, і тыя, хто трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю. Сёння цэнтр стаў домам для дзесяці чалавек пры напаўняльнасці 25. Пастар місіі Дзмітрый Шэўчык расказаў пра дзейнасць цэнтра і планы па добраўпарадкаванні, падзяліўся і некаторымі дасягненнямі. Важнай падзеяй тут лічаць вынік, калі чалавек знаходзіць сілы адмовіцца ад згубных звычак, становіцца на новы шлях і нават стварае сям’ю. Маюцца і такія станоўчыя прыклады.
Наступны прыпынак у аграгарадку Востраў. На адной тэрыторыі тут суседнічаюць у міры і згодзе царква хрысціян веры евангельскай «Каўчэг выратавання» і праваслаўны храм Святых апосталаў Пятра і Паўла.
Як адзначыў пастар царквы хрысціян веры евангельскай Віктар Вечар, на службу сюды збіраюцца да чатырох дзясяткаў вернікаў. Ён расказаў пра дзейнасць рэлігійнай суполкі, традыцыі і святы, што ладзяцца з вернікамі.
Сваю гісторыю царква ў імя Святых Пятра і Паўла вядзе з 1910 года. Настаяцелем царквы тады быў прызначаны святар Іаан Рудакоўскі. 11 ліпеня 1910 г. адбылося асвячэнне новага храма. Вышыня драўлянай царквы складае 33 метры і мае 33 акна, адметнай прыгажосці іканастас. Будавалі яе дойліды з Уладзімірскай губерніі. Пра гэта і пра іншыя старонкі гісторыі храма расказаў настаяцель царквы айцец Раман Белавус. Сёння ў храм прыходзяць не толькі востраўскія аграгараджане, але і вернікі з іншых населеных пунктаў.
У Востраўскім сельсавеце на пленарным пасяджэнні падведзены вынікі сустрэчы. На парадку дня некалькі пытанняў, сярод якіх рэалізацыя сацыяльных праектаў, што садзейнічаюць развіццю дабрачыннасці і апекі, мерапрыемствы, якія праводзяцца на тэрыторыі сельсавета па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на могілках, памятных месцах і прыхрамавых тэрыторыях. У цэнтры ўвагі і патрабаванні, у тым ліку санітарныя, якія прад’яўляюцца да арганізацыі вольнага часу непаўналетніх.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.