Сэрца для мары. Арт-аб’ект «Сэрца шчасця» – падарунак Ляхавічам да 530-годдзя ад ТЦСАН

«Жадаем шчасця вам і добрых спраў, любві …» – такімі і іншымі песеннымі радкамі наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН віншавалі любімыя Ляхавічы і іх жыхароў з днём нараджэння горада. Міні-канцэрт «Мае гады – маё багацце» сумясцілі з прэзентацыяй арт-аб’екта «Сэрца шчасця» – падарункам райцэнтру да 530-годдзя.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

– Наша сэрца, як сімвал ТЦСАН, што працягвае руку дапамогі людзям, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, і жадае ўсім спраўджвання жаданняў. Каб яны ажыццявіліся, трэба завязаць стужку і моцна-моцна захацець таго, чаго хочаш. Думаем, што станем пачынальнікамі новай прыгожай традыцыі ў нашым любімым горадзе, – адзначае псіхолаг цэнтра Кацярына Жукоўская.
Сэрца зроблена за ўласныя сродкі ТЦСАН, што падкрэслівае цёплыя адносіны калектыву да малой радзімы. А наведвальнікі аддзялення вельмі дружна, шчыра, бадзёра і весела выконвалі песні, ацэненыя гледачамі дружнымі апладысментамі. Аматары песні доўга не адпускалі нашых землякоў залатога ўзросту. Яны сваёй актыўнай жыццёвай пазіцыяй зазначаюць, што кожны – каваль свайго шчасця, і каб яго здабыць, варта прыкласці намаганні.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.