Выбар на карысць чыгункі. Дзень чыгуначніка сёння адзначаецца ў Беларусі

Нягледзячы на новыя віды транспарту, па-ранейшаму папулярным застаецца чыгуначны

У нашым раёне размешчаны станцыі «Ляхавічы» і «Рэйтанаў» Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі. І многія нашы землякі без іх не ўяўляюць сваіх маршрутаў.

Адрас чыгуначнай станцыі «Ляхавічы» сугучны са сферай дзейнасці – Вакзальная, 5. Яна і стала пунктам адпраўлення для тых, хто накіроўваецца ў напрамку Лунінца, Гарыні, Баранавічаў і г. д. За суткі
праз «Ляхавічы» праходзіць восем прыгарадных цягнікоў і шэсць пасажырскіх, дастаўляюцца-адпраўляюцца грузы і іншае. Наша чыгуначная кропка ў нейкім сэнсе злучае Гродна з Гомелем, Брэст з Мінскам, а таксама з Полацкам.
Калектыў станцыі «Ляхавічы» невялікі – восем чалавек, дзе кожны дасканала ведае свой участак работы. І гэта той від дзейнасці, дзе памылак быць не павінна. Таму, перш чым дыпламаваны спецыяліст прыступіць да работы,  ён здае кваліфікацыйны экзамен. Як напрыклад, малады спецыяліст Кацярына Амялішка (на здымку), якая ў маі пасля заканчэння Брэсцкага каледжа чыгуначнага транспарту здала экзамен і атрымала допуск да працы дзяжурнай па станцыі. Калектыў сардэчна прыняў навічка ў свае рады. Настаўніцай у Каці пэўны час была калега Алена Яўсеня. За час стажыроўкі «вучню» давялося шмат важнага завучыць і засвоіць. Дзяжурная па станцыі Алена Яўсеня – педагог вопытны, яе працоўны стаж пачаўся
26 гадоў назад, тры гады як працуе ў Ляхавічах. На выбар прафесіі некалі паўплывала суседка з Ганцавічаў, якая ўзначальвала мясцовую станцыю. Дзеці з цікавасцю праводзілі цягнікі, натхняліся фірменнай амуніцыяй і марылі мець дачыненне да чыгуначнага жыцця. Мара спраўдзілася, і Алена Анатольеўна атрымала дыплом тэхніка-эксплуатацыйніка кіравання рухам.
На станцыі «Ляхавічы» ў штаце пяць дзяжурных.
– Рыхтуем маршруты, адкрываем сігналы, пераводзім стрэлкі і г. д. Абавязкаў шмат, але сваю работу люблю і адчуваю задавальненне,
калі бачу доўгія вагоны цягнікоў, якія вязуць пасажыраў, – адзначае Алена Яўсеня.
Год назад з касіра перайшла на пасаду дзяжурнай па станцыі Ларыса Сямёнава, а на чыгунцы яна больш за дзесяцігоддзе.
Амаль 20 гадоў узначальвае чыгуначную станцыю Ігар Куніцкі, пра свой калектыў гаворыць як пра зладжаную каманду. Напярэдадні прафесійнага свята адрасуе калегам і ветэранам шчырыя віншаванні, пажаданні здароўя, бадзёрасці і даўгалецця. Ігар Іванавіч з павагай узгадвае тых, хто доўгія часы працаваў на станцыі «Ляхавічы». Не так даўно пайшлі на заслужаны адпачынак Ларыса Новік, Галіна Якавец, Іван Шклянік, Ніна Гладкая і многія іншыя.
Са святам, чыгуначнікі!

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.