За пакупкамі ў Тальмінавічы. ААТ «Жарабковічы» адкрыў чарговы магазін у сельскай мясцовасці

Такім чынам, выканана абяцанне, дадзенае летась тутэйшым жыхарам падчас сельскага сходу грамадзян у Тальмінавічах. У планах – далейшае павышэнне камфорту для аграгараджан.

БОЛЬШ ФОТА ПА СПАСЫЛЦЫ

У мінулую суботу ў аграгарадку Тальмінавічы адбылося адкрыццё, якое так чакалі тутэйшыя жыхары, да якога рыхтаваліся арганізатары і гаспадары ў асобе ААТ «Жарабковічы». Ва ўрачыстай абстаноўцы гасцінна расчыніла дзверы для пакупнікоў новая гандлёвая кропка – магазін «Тальмінавічы» ААТ «Жарабковічы». Пад апладысменты прысутных, а іх, нягледзячы на марознае надвор’е, сабралася нямала, чырвоную стужку перарэзалі дырэктар ААТ «Жарабковічы» Антон Булаты і старшыня Ганчароўскага сельвыканкама Уладзімір Плескацэвіч.

– Тальмінавіцкі магазін прадаўжае ланцужок гандлёвых кропак, якія адкрывае ў сельскай мясцовасці наша сельгаспрадпрыемства. Нашы магазіны паспяхова дзейнічаюць у вёсцы Зарытава і аграгарадку Падлессе. У Тальмінавічах жывуць і працуюць работнікі «Жарабковічаў», таму, у першую чаргу, клапоцімся і пра іх. Акрамя таго, такім чынам ствараем новыя працоўныя месцы ў сельскай мясцовасці – пакуль тут два прадаўцы і прыбіральшчыца, плануем штаты пашыраць. Спадзяёмся, што наш магазін прыйдзецца даспадобы тутэйшым жыхарам.
З многімі пастаўшчыкамі прадукцыі працуем без пасрэднікаў, напрыклад, з Брэсцкім і Бярозаўскім мясакамбінатамі, Ляхавіцкім малочным заводам і іншымі. У далейшым плануем прадаваць і прадукцыю ўласнай вытворчасці – з ААТ «Жарабковічы», –
расказвае Антон Булаты.
Адкрыццё магазіна – першы крок, які зрабіла гаспадарка дзеля арганізацыі гандлёвага абслугоўвання тальміна-
вічан. У планах – адкрыццё ў гэтым жа будынку кафэ, каб аграгараджане маглі арганізоўваць і праводзіць разнастайныя мерапрыемствы.
– Ад імя жыхароў скажу словы падзякі кіраўніцтву «Жарабковічаў» за новы гандлёвы аб’ект. Упэўнены, што здаровая канкурэнцыя паміж гандлёвымі кропкамі райпо і гаспадаркі будзе толькі на карысць пакупнікам, – адзначае Уладзімір Плескацэвіч.
Запрашаем пазнаёміцца з навасельцам. На першым паверсе былога адміністрацыйнага будынка тутэйшага сельгаспрадпрыемства адрамантаваны некалькі памяшканняў непасрэдна для гандлёвай залы і для складоў. Усё кампактна, утульна, чыста, навідавоку і, галоўнае, зручна для пакупнікоў. Асартымент – даволі разнастайны і, напэўна, задаволіць патрабаванні і густы многіх аграгараджан. Шырокі выбар мясной прадукцыі, паўфабрыкатаў, каўбасных і малочных вырабаў, бакалеі, ласункаў, напіткі, сокі, бутэляваная вада ў розных ёмістасцях, хлебабулачныя вырабы, агародніна, фрукты… Бясспрэчны плюс магазіна – спадарожныя тавары, у тым ліку асабістай гігіены, мыйныя сродкі, гаспадарчыя тавары. Калі карацей, то можна купіць усё неабходнае і для ежы, і для таго, каб навесці парадак у доме і самому добра выглядаць. Без сумненняў, гэта гандлёвая кропка даволі хутка стане папулярнай у мясцовых жыхароў. Водгукі першых пакупнікоў таму пацвярджэнне:
– Добры магазін, мы вельмі чакалі яго адкрыцця. Паглядзіце, усё ёсць!
– Цэны на многія тавары ніжэйшыя, чым у іншых магазінах. Для мяне галоўнае, што можна рознай малочнай прадукцыі купіць.
– Тут акуратна, і на кожным тавары відаць цэны. Усё падабаецца. Дзякуй, што нас не забываюць. Якое цудоўнае адкрыццё падрыхтавалі – з песнямі, музыкай!
Сапраўды падарылі свята жыхарам Тальмінавічаў, добры настрой стваралі самадзейныя артысты з Падлескага СДК.
Ветліва і ўважліва абслугоўваюць пакупнікоў загадчыца магазіна Алеся Касьяненка і прадавец Дар’я Шыбут. Пакуль гандлёвая кропка працуе штодня з 8 да 19 гадзін, але рэжым работы будзе падоўжаны. «Тальмінавічы» запрашаюць за пакупкамі!
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.