Вечар школьных сяброў. Усе школы Ляхавіцкага раёна 4 лютага чакалі сваіх дарагіх выпускнікоў

Усе школы раёна 4 лютага чакалі сваіх дарагіх выпускнікоў. Для іх канцэрты, цікавыя сюжэты і адметныя моманты школьнага жыцця, архіўныя фотакадры і яркія фотазоны…
Як гэта было, з «Ляхавіцкім веснікам» падзяліліся настаўнікі
і выпускнікі, раскрылі тэму і шматлікія фота і відэа, дасланыя ў сацыяльных сетках і месанджарах акаўнтаў «ЛВ».

БОЛЬШ ФОТА ПА СПАСЫЛЦЫ

У актавай зале СШ № 1, па традыцыі, быў аншлаг – сабраліся выпускнікі розных гадоў, настаўнікі і ветэраны педагагічнай працы.
Вечар «У дзяцінства зваротны білет» перанёс у шчаслівыя юнацкія часы і аднавіў радасныя імгненні. Усе выпускнікі атрымалі квіткі, а напрыканцы мерапрыемства быў разыграны шчаслівы.
З кветкамі і добрым настроем спяшаліся былыя навучэнцы ў СШ № 2. Музыка і песні, феерверк эмоцый і ўспамінаў, шчырая ўдзячнасць педагогам, цёплыя пажаданні і многае іншае суправаджала ўрачыстасць «І зноў школьны вальс гучыць для вас!». Вельмі дружным быў прыход 35-гадовых юбіляраў, сярод
якіх нямала тых, хто свой прафесійны шлях звязаў з роднай Ляхавіччынай.
Гімназія – установа ў райцэнтры параўнальна маладая, але ўжо мае не адно пакаленне выпускнікоў. І на гэты раз яны прыбылі на сустрэчу з розных населеных пунктаў. Чвэрць стагоддзя мінула, як 11 «А» пайшоў з гімназіі, а для свайго класнага кіраўніка Зоі Несцяровіч яны па-ранейшаму дарагія навучэнцы. Яна дзеліцца, што вучыла многіх, а свой клас не можа ні з кім параўнаць – для класнага кіраўніка яны самыя-самыя. Некалі ў адзінаццатым класе зрабілі «дэмбельскі альбом», і кожны юбілей папаўняюць яго новымі запісамі пра сваё жыццё, дасягненні і важкія падзеі. Класны кіраўнік беражліва захоўвае каштоўны летапіс.
У Дараўскай СШ выпускнікам прапанавалі адправіцца ў мінулае на самалёце, а святочную праграму, на якую сабраліся выпускнікі 1982, 1983, 1998, 2003, 2008 і 2013 гадоў, так і назвалі – «Палёт у дзяцінства».
У Малагарадзішчанскай установе адукацыі «Вечар школьных сяброў» выдаўся па-дамашняму цёплым і сардэчным. У Падлес-
кай базавай школе на сустрэчу з юнацтвам завіталі як выпускнікі, якія скончылі школу 30 гадоў назад, так і зусім юныя – леташнія 11-класнікі.
Шчымлівая настальгія і шчырая радасць суправаджалі вечар сустрэчы ў Тухавіцкай СШ, дзе было ўтульна і 35- і 40-гадовым юбілярам-выпускнікам. Выпускнік 1988 года Дзмітрый Дыдышка прызнаецца, што кожнае наведванне школы выклікае радасць і хваляванне:
– Ведаем, нас тут заўсёды чакаюць. Прыемна, што і ў гэтую суботу сабралася столькі нашых любімых настаўнікаў, дарагіх аднакласнікаў і сяброў! У дырэктара школы Алены Міхайлаўны Пятліцкай сёлета 40-годдзе з дня выпуску. Ад усіх былых школьнікаў шчыра ўдзячны паважаным педагогам за іх ўрокі, навуку жыцця і мудрыя парады.
У Востраўскай школе прайшла ўрачыстая лінейка, пасля якой званок паклікаў выпускнікоў на святочную класную гадзіну. «Аднойчы, праз шмат гадоў…» – вечар сустрэчы ў Ліпскай СШ заўсёды праходзіць урачыста, гасцінна і вельмі весела.
«Сустрэча з юнацтвам, сустрэча з дзяцінствам» – ва ўрачысты дзень у Конькаўскай СШ сабраліся настаўнікі, выпускнікі, ветэраны педагагічнай працы. Азірнуцца на школьнае жыццё ўсім дапамаглі навучэнцы, якія прадэманстравалі свой талент падчас пастаноўкі сцэнак «На ўроку рускай мовы», «На экзамене».
«Па рацэ часу» падарожнічалі ў Жарабковіцкай СШ імя
М. Г. Мінкевіча, спявалі гімн выпускніка і дзяліліся цудоўнымі ўспамінамі.
У Начаўскай СШ сваім выпускнікам падрыхтавалі цудоўныя суве-
ніры, стварылі атмасферу юнацкай узнёсласці і настальгіі. Сярод гасцей – былыя вучні розных гадоў выпуску, самы шматколькасны – 20-гадовы.
Свае традыцыі святкавання збору выпускнікоў у Крывошынскай СШ імя Г. С. Здановіча. Сярод іх – ушанаванне ветэранаў педпрацы. Дружныя апладысменты гучалі ў адрас Аліны Дыдышка, Раісы Сегень, Марыі Смаршчок, Соф’і Фармага, Соф’і Саган і многіх іншых.
Не падлічыць, колькім юнакам і дзяўчатам дала пуцёўку ў дарослае жыццё Навасёлкаўская СШ. Сярод іх і дырэктар Крывошынскай СШ Ала Гуліцкая. Сёлета яна са сваімі аднакласнікамі адзначыла 35-годдзе з дня заканчэння школы і шчыра прызнавалася ў любві роднай школе і дарагім настаўнікам.
– Школа назаўсёды ў сэрцы. Помнім усіх педагогаў і ўсім шчыра ўдзячны, – дзеліцца выпускніца.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.