Ёсць такая пасада – стараста. На Ляхавіччыне назвалі лепшых старастаў і выбралі лепшы сельскі Савет дэпутатаў

Усяго на Ляхавіччыне дзейнічаюць 55 старастаў. Народныя абраннікі з’яўляюцца галоўнымі памочнікамі сельвыканкамаў у арганізацыі самых надзённых пытанняў: навядзення парадку ў месцах грамадскага карыстання, выяўлення гаспадароў пустуючых дамоў, кантролю за неўладкаванымі сем’ямі, прафілактычнай работы з парушальнікамі грамадскага парадку, дапамагаюць арганізаваць вольны час землякоў.

З любоўю да людзей

За што ні возьмецца – усё атрымліваецца. Пра такіх у народзе яшчэ гавораць: у руках усё гарыць. Яе энергія, ініцыятыўнасць, зацікаўле-насць, актыўнасць перадаюцца і землякам, і яны з такой жа апантанасцю бяруцца за справы грамадскай важнасці. Знаёмцеся: стараста аграгарад-ка Навасёлкі і вёсак Пранчакі і Станчыкі, яна ж загадчык Навасёлкаўскага СДК і бадай адна з самых знакамітых самадзейных артыстаў Ляхавіччыны разам са сваім калектывам – народным ансамблем песні, гумару і гульні «Вечарніца» Таццяна Пішч. Калі летась Навасёлкі рыхтаваліся прыняць у аграгарадку раён-ныя «Дажынкі», тутэйшая стараста арганізоўвала земля-коў, якія шчыравалі на розных участках – добраўпарадкавалі ўласныя прысядзібныя ўчасткі, месцы агульнага карыстан-ня, падфарбоўвалі, прыбіралі, марафецілі. І па некалькі разоў на тыдзень Таццяна Пішч паспявала рапартаваць усяму раёну аб зробленым: стала пазаштатным карэспандэнтам «ЛВ» і аўтарам разнастайных рэпартажаў аб падрыхтоўцы да «Дажынак». У яе ёсць дзіўная асаблівасць – лёгка знаходзіць стасункі з іншымі людзьмі, умець іх зацікавіць, натхніць і хутка арганізаваць. Прычым не толькі сама ўздымае праблемы, але да яе звяртаюцца за дапамогай у вырашэнні тых ці іншых пытанняў вяскоўцы. Без перабольшання, стараста пройдзе ўсе інстанцыі, і набалелая тэма вырашыцца абавязкова.
– Мне цікава і важна дапама-гаць нашым шаноўным пажылым землякам. Гэта і разнастайныя віншаванні, і ўдзел у назіральных камісіях. Разам з «Вечарніцай» да Дня пажылых людзей віталі грамадзян сталага ўзросту ў Навасёлках і Станчыках. З не меншым жаданнем сустракаюся і з падрастаючым пакален-нем, дапамагаю ў арганізацыі і правядзенні ранішнікаў, конкурсаў. Напрыканцы мінулага года разам з кіраўніцтвам ААТ «Шлях новы» ўручылі навагоднія па-дарункі выхаванцам дзіцячых садкоў. Сумесна з Навасёлкаўскім сельвыканкамам, педагогамі Навасёлкаўскай СШ праводзім прафілактычную работу з падлеткамі і моладдзю, расказваем пра тыя наступствы, якія «гарантуюць» шкодныя звычкі. Не пакідаем без увагі і мнагадзетныя сем’і. Галоўнае, кожную справу рабіць з душой і любоўю да людзей, – гаворыць стараста Навасёлак, Пранчакоў і Станчыкаў.
Таццяна Пішч заслужана заняла першае месца сярод старастаў па выніках раённага конкурсу сярод сельскіх Саветаў дэпутатаў, органаў тэрытарыяльнага гра-мадскага самакіравання па вырашэнні пытанняў жыцце-забеспячэння насельніцтва.

Вопыт у дапамогу
Не першы раз адной з лепшых старастаў прызнаецца і Таццяна Русакевіч. Ініцыятыўная, неабыякавая, яе актыўнасці могуць пазайздросціць мала-дыя – так характарызуюць у Крывошынскім сельвыканкаме старасту вёскі Свяціца. Тое ж
самае пацвярджаюць яе землякі-аднавяскоўцы. Колькі добрых спраў зроблена разам за больш чым тры дзесяцігоддзі, як выбіраецца Таццяна Русакевіч старастай. Навядзенне і падтрыманне парадку на свяціцкіх вуліцах і прыватных падворках, на тэры-торыі могілак, сельскія сходы – арганізатар усяго яна, вясковая стараста. А яшчэ дапамагае тутэйшым жыхарам выпісаць дровы, брыкет, вырашыць іншыя надзённыя пытанні. Таму дзверы дома па вуліцы Партызанскай, дзе жыве Таццяна Русакевіч, заўсёды адчынены: людзі прыходзяць параіцца, за дапамогай.
– Усё маё жыццё звязана са Свяціцай. Не маю права падвесці сваіх землякоў, давер заваяваць вельмі цяжка. Стараюся па меры магчымасцей максімальна адказна падыходзіць да выканання сваіх абавязкаў, трэба пачуць кожнага і пастарацца дапамагчы вырашыць пастаўленую чалавекам праблему. Пераважная большасць свяцічан – сталага ўзросту, нямала адзінокіх. Калі толькі пачынала як стараста, у нашай Свяціцы было каля 1300 чалавек, цяпер каля 400. Перасталі дзейнічаць многія арганізацыі, навучальныя ўстановы. Добра, што ёсць ФАП, аддзяленне паштовай сувязі, СДК, два магазіны. Канешне, без падтрымкі і дапамогі, якую пастаянна аказвае Крывошынскі сельвыканкам, абысціся цяжка. Бо толькі разам можна вырашаць пытанні мясцовага значэння, – адзначае Таццяна Русакевіч.
Энергічныя і неабыякавыя
– Пастаянны клопат у адносінах да людзей – вызначальны ў рабоце вясковага старасты. Менавіта па такім прынцыпе арганізуе сваю дзейнасць і Анатолій Тураў. Калі б усе старасты былі такія ж энергічныя, заўзятыя, неабыякавыя да праблем іншых, з аўтарытэтам, як у Анатолія Уладзіміравіча, то многія надзённыя пытанні вырашаліся б куды эфектыўней. Ён паспявае ўсё і заўжды стараецца пачатую справу давесці да канца. Асаблівая ўвага накіравана на ра-боту з грамадзянамі, якія па розных прычынах не жадаюць уладкоўвацца на працу. Не за-бывае і пра пажылых землякоў, –
падкрэслівае старшыня Ганчароўскага сельскага Савета дэпутатаў Уладзімір Плескацэвіч.
Па выніках конкурсу Анатолій Тураў заняў трэцяе месца.
Названы і пераможцы сярод сельскіх Саветаў дэпутатаў. Найбольшую колькасць балаў за розныя накірункі дзейнасці і адпаведнасць вызначаным крытэрыям і званне пераможцы сумесным рашэннем прэзідыума райсавета дэпутатаў і райвыканкама прызнаны Навасёлкаўскі сельвыканкам, які ўзначальвае Аляксандр Мацюшэнка.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Прэзідыум Ляхавіцкага раённага Савета дэпутатаў і Ляхавіцкі раённы выканаўчы камітэт прынялі сумеснае рашэнне аб выніках конкурсу сярод сельскіх Саветаў дэпутатаў, органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання Ляхавіцкага раёна па вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва.
Пераможцам конкурсу па групе «сельскія Саветы дэпутатаў» стаў Навасёлкаўскі сельскі Савет дэпутатаў (старшыня Аляксандр Мацюшэнка).
Пераможцамі конкурсу па групе «аднаасобныя органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання (старасты)» прызнаны:
першае месца – Таццяна Пішч, стараста аграгарадка Навасёлкі, вёсак Пранчакі, Станчыкі Навасёлкаўскага сельсавета;
другое месца – Таццяна Русакевіч, стараста вёскі Свяціца Крывошынскага сельсавета;
трэцяе месца – Анатолій Тураў, стараста вёскі Ганчары Ганчароўскага сельсавета.