Выгадныя гігакалорыі. У Ляхавічах дадзены афіцыйны старт рабоце сучаснай кацельні на мясцовых відах паліва

У Ляхавічах 3 лютага дадзены афіцыйны старт рабоце сучаснай кацельні на мясцовых відах паліва – драўнянай шчапе. Новы аб’ект з’явіўся ў райцэнтры па вуліцы Чкалава яшчэ летась і функцыянаваў некалькі месяцаў у тэставым рэжыме, пакуль праводзіліся пусканаладачныя работы.

Зараз адбываецца вывад кацельні на максімальную праектную магутнасць. Умоўную кнопку пуску націснулі намеснік генеральнага дырэктара Брэсцкага абласнога ўнітарнага прадпрыемства «Упраўленне ЖКГ» Юрый Міхайлоўскі, генеральны дырэктар ТАА «СМК ЭнергаБуд» (генпадрадчык будаўніцтва) Дзмітрый Бардош, дырэктар КУМПВ ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэй Чайкоўскі.
Новая кацельня ў Ляхавічах будавалася ў межах праекта
МБРР. Выдзеленая на будаўніцтва сума перавысіла 3 500 мільёна долараў. Для завяршэння будаўніцтва з абласнога бюджэту было выдзелена 435 тысяч рублёў.
– Выкарыстанне мясцовых энергарэсурсаў – важны напрамак у забеспячэнні энергетычнай незалежнасці нашай краіны ад імпартных энерганосьбітаў, а таксама зніжэнне сабекошту адпускае-
май цеплавой энергіі, – падкрэсліў Юрый Міхайлоўскі.
Эканомія на замяшчэнні блакітнага паліва відавочная: сабекошт адной гігакалорыі на газе складае 129 рублёў, на шчапе – 71 рубель.
Пад дахам кацельні, магутнасць якой складае дзесяць мегават, устаноўлены тры воданагравальныя катлы. За суткі яны «з’ядаюць» да сотні кубічных метраў шчыльнай шчапы і абаграюць увесь жылфонд Ляхавічаў. Калі тэмпература становіцца ніжэй за мінус пяць градусаў, у работу ўключаецца газавая кацельня, якая да гэтага знаходзіцца ў рэзервовым стане.
– Дарэчы, два важныя аб’екты знаходзяцца побач. За кошт
новабудоўлі зроблена і добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі. За сродкі ўпраўлен-ня ЖКГ капітальна адрамантаваны і газавы кацёл, рамонт якога абышоўся ў больш як 240 тысяч рублёў, – адзначыў дырэктар камунгаса.
З біяпалівам таксама праблем няма – забяспечвае мясцовы лясгас, набываюць шчэпку і ў іншых раёнах.


– Новы аб’ект вытрымаў самы жорсткі экзамен у эколагаў. Тут прыменены перадавыя тэхналогіі, на выхадзе газы, што
выдзяляюцца, ачышчаюцца фільтрамі. У выніку з вялікай трубы кацельні выдзяляецца слуп пары, а не шызага дыму, –
тлумачыць экалагічны плюс кацельні на мясцовых відах паліва генеральны дырэктар кампаніі-генпадрадчыка.
Кожны квартал будзе ажыццяўляцца забор газа для яго аналізу. Для гэтага маецца спецыяльна абсталяваная пляцоўка.
Новая кацельня цалкам аўтаматызаваная і, дзякуючы шматлікім датчыкам, як на далоні, на маніторах аператара. Абслугоўваюць аб’ект у змену чатыры работнікі: аператар, слесар па рамонце абсталявання, электрык і вадзіцель пагрузчыка шчэпкі.
– Датчыкі ў залежнасці ад надвор’я за акном рэгулююць патрэбную тэмпературу і іншыя паказчыкі. А аператар згодна з тэмпературным графікам падачы кантралюе работу катлоў. Адпаведна, выключаецца, што ў кватэрах ляхавічан будзе празмерна спякотна. Калі на вуліцы нуль градусаў, то хапае работы аднаго ці двух катлоў. Летам падаграваць ваду будзе невялікі кацёл, які выпрацоўвае ўсяго два мегаваты. Зноў жа – выгада ў эканоміі, – дзеліцца Андрэй Чайкоўскі.
Дарэчы, кацельня на мясцовых відах паліва не адзіная абноўка ў нашым раёне. Плануецца рэканструкцыя кацельні ў Федзюках і перавод яе на газ. Зараз вырабляецца праектна- каштарысная дакументацыя. Кошт пытання – больш за 24 тысячы рублёў.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.