Па машынах! Жніво пачынаецца! На жніўных палетках ААТ «Шлях новы» прайшлі раённыя «Зажынкі-2022»

Беларускае жніво – гэта штосьці з разраду летуценнага і пяшчотнага, да болю знаёмыя матывы кожны сезон па-новаму хвалююць і ўзрушваюць сэрца. Як жа лёгка плыве па важкім налітым коласе збожжаўборачны камбайн. Заўжды ўсё непрадказальна, надвор’е «любіць» сюрпрызы, але нашы хлебаробы маюць усе падставы спадзявацца на важкі ўраджай і з вялікай надзеяй пачынаюць жніво-2022. А яно абяцае быць па-хлебнаму шчырым.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

У залатых каардынатах ААТ «Шлях новы» масавы старт жніўнай справе далі ляхавіцкія зажынкі.
З вялікай любоўю і павагай да зямлі-карміцелькі, з пашанай да традыцый першы сноп азімага ячменю стаў галоўным атрыбутам пачатку ўборачнай. У яго ўклалі сінявокую валошку, як сімвал працавістасці і шчырасці нашых рупліцаў, стужачкамі ўплялі свае надзеі і чаканні ад сёлетняга жніва. Гэты сімвалічны падарунак жанчыны-жнеі падарылі кіраўніку раёна Мікалаю Марозу. На добры ўраджай жніўны букет уручылі і першаму намесніку старшыні райвыканкама – начальніку райсельгасхарчу Васілію Пыжыку і, канешне, гаспадару тутэйшых палеткаў – дырэктару ААТ «Шлях новы» Андрэю Коктышу.


Як адзначыў старшыня райвыканкама Мікалай Мароз, ёсць усё, каб адтрымаць добры вынік, ёсць з чым працаваць. Таму трэба прыкласці ўсе намаганні, каб жнівень сустрэў хлебаробаў добрымі лічбамі і высокімі ўраджайнымі паказчыкамі.
Протаіерэй Георгій Жытко ў аздабленні беларускіх краявідаў правёў малебен на жніўных палетках. Над залатой нівай ляцелі словы на добры ўраджай: няхай усім гаспадаркам Ляхавіччыны шанцуе на добрае надвор’е і іншыя жніўныя нюансы.
Па машынах! Гучыць стартавая адмашка, і тэхніка пачынае свой працоўны такт. Цяпер такім рытмам нашы хлебаробы будуць нарошчваць лічбы ляхавіцкага ўраджаю, каб наша доля ў караваі Брэстчыны і краіны была адчувальнай. З ранку да самага вечара, з усімі сіламі і намаганнямі, з вялікімі надзеямі мы пачынаем жніво! Ад усіх землякоў жадаем лёгкага жніўнага шляху, шчодрага сонейка. І памятайце: ваша праца – у сэрцы кожнага беларуса.
Ляцела беларуская песня па прасторах бяскрайніх палёў. Сёння свята, сёння зажынкі, у ім шмат любві да мясцін роднага краю, у ім тытанічная праца нашых землякоў, у ім наша жыццё.
Падрабязнасці чытайце ў наступным нумары «ЛВ».

Маргарыта
КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.

Фота  Сяргея ВАРАНОВІЧА.