Добраўпарадкаванне… адкладваецца. Яшчэ напрыканцы лютага на гарачую лінію «ЛВ» патэлефанавала жыхарка вуліцы Арлоўскага ў Ляхавічах

Яшчэ напрыканцы лютага на гарачую лінію «ЛВ» патэлефанавала жыхарка вуліцы Арлоўскага ў райцэнтры. Ляхавічанку цікавіла, што адбываецца на гэтай вуліцы, дзе тады ўжо знеслі агароджу, перакапалі тратуары, з-за чаго з’явілася нямала нязручнасцей і для людзей, і для машын. Тады сітуацыю пракаменціравалі
ў аддзеле архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама, дзе адзначылі, што пачаўся працэс добраўпарадкавання вуліцы Арлоўскага, усе работы павінны завяршыцца сёлета да канца першага паўгоддзя.
Азначаны перыяд завершаны. Што атрымалася на Арлоўскага?

Напачатку мінула тыдня карэспандэнты раёнкі выехалі па ўказаным адрасе.
Нават не спецыяліст у добраўпарадкаванні заўважыць, што да завяршэння працэсу яшчэ вельмі доўга. А, калі па-народнаму, то там і конь яшчэ не валяўся. Старая агароджа знята даўно, а новай з такімі тэмпамі работ яшчэ чакаць і чакаць. Жыхары шматкватэрнікаў па-ранейшаму штораз атрымліваюць чарговую порцыю пылу ад праязджаючых аўтамабіляў. Тэрыторыя, дзе планавалася пасадзіць дрэвы і кустоўе, пакуль пустуе. Пра тое,
што пэўныя работы праводзіліся, нагадваюць толькі жоўтыя слупкі, укапаныя на тэрыторыі перад шматкватэрнікамі. Зношанае пакрыццё пешаходных дарожак ніхто пакуль мяняць і не збіраецца. Давялося пагаварыць з мясцовай жыхаркай, якая падкрэсліла, што яшчэ напрыканцы вясны нейкія работы вяліся, потым усё заціхла. Людзі зноў у роспачы, колькі ж яшчэ чакаць?
За чарговымі каментарыямі «ЛВ» звярнуўся ў Ляхавіцкі камунгас. Яго дырэктар Андрэй Чайкоўскі патлумачыў, што адбылося пераразмеркаванне выдзеленых арганізацыі сродкаў, таму рамонтныя работы на Арлоўскага будуць завершаны пазней з улікам паступлення фінансавання. Ляхавіцкая ЖКГ прыносіць прабачэнні жыхарам вуліцы і просіць яшчэ пацярпець нязручнасці.
Сітуацыю будзе трымаць на кантролі і аддзел архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама. Праблема застанецца і ў полі зроку газеты.
Дарэчы, правядзенне добраўпарадкавання на гарадской вуліцы Арлоўскага – зона адказнасці не толькі КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», але і ДРБУ-200. Трэба аддаць належнае, ДРБУ-200 большую частку сваёй работы выканала: усталявана новая пляцоўка аўтобуснага прыпынку. Засталося ўладкаваць пешаходную дарожку, але гэта магчыма зрабіць толькі пасля таго, як камунгас зробіць запланаванае на сваёй зоне адказнасці.
Чытачы «ЛВ» назвалі яшчэ адзін прыпынак безгаспадарчасці – тэрыторыі гарадскіх праваслаўных могілак, дзе трава вымахала ў пояс. Зразумела, што работнікі камунгаса дастойна папрацавалі падчас падрыхтоўкі райцэнтра да святкавання Дня Незалежнасці і 530-годдзя горада, але ж трэба не забываць і пра тыя ўчасткі, якім неабходна пастаянная ўвага ў пытанні падтрымання парадку.

Галіна КАНЬКО.