Заставацца здаровым. І быць багатым. Запрашэнне на перадуборачны вучэбны збор атрымалі кіраўнікі і галоўныя спецыялісты арганізацый і профільных прадпрыемстваў раёна, інжынеры па ахове працы і прафсаюзныя лідары, работнікі райсельгасхарчу

Здароўе, канешне, не «прадаецца», але заўсёды з’яўляецца найпершым і найлепшым багаццем. А калі разважаць пра апошняе з пазіцыі матэрыяльнага дастатку, то і тут здароўе бачыцца адной з прыярытэтных умоў на шляху яго дасягнення. Напрыканцы мінулага тыдня ў ходзе пераджніўнага семінара-нарады пра гэта гаварылі многа і кваліфікавана. Тэма абавязвае: арганізацыя работ на ўборцы збожжавых і зернебабовых, падчас першаснай апрацоўкі-дапрацоўкі сабранага зерня, ахова працы і захаванне нормаў тэхнікі бяспекі ў гэты напружана-гарачы сельскагаспадарчы перыяд.

Запрашэнне на перадуборачны вучэбны збор атрымалі кіраўнікі і галоўныя спецыялісты арганізацый і профільных прадпрыемстваў раёна, інжынеры па ахове працы  і прафсаюзныя лідары, работнікі райсельгасхарчу, прадстаўнікі РАНС, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, Баранавіцкага міжрайаддзела дзяржаўнай інспекцыі працы.
Камандай да адкрыцця семінару-вучобы сталі словы старшыні раённага выканаўчага камітэта Мікалая Мароза. Кіраўнік раённай вертыкалі адзначыў, што ў гэтым годзе на сельскагаспадарчых палетках раёна бачыцца нядрэнны ўраджай збожжавых. Ён, як мінімум, абяцае быць лепшым за мінулагодні. Для павышэння прадукцыйнасці хлебнага гектара ў раёне нямала зроблена. Напрыклад, і падчас азімай сяўбы, і ўжо цяперашняй вясной многія гаспадаркі пайшлі на сортаабнаўленне насеннага матэрыялу.
І зараз напярэдадні заключнай фазы хлебнай справы – уборкі – неабходна сабрацца, выкарыстаць кожную спрыяльную часіну і аператыўна ўбраць вырашчанае. І зрабіць гэта належыць як мага больш якасна і чыста. У палях не павінна заставацца ні аднаго нязжатага коласа, не дапушчальна, калі ў абмалочаную масу трапіць хоць бы адно зернетка.
Дробязі, актуальныя ва ўсе часы, асабліва гучную ноту атрымліваюць зараз, калі зерне набывае новую вагу, вырастае ў цане і з традыцыйнага «золата палёў» становіцца ці не натуральным золатам. Але, па словах старшыні райвыканкама, заўсёды і самым галоўным золатам застаецца здароўе чалавека. У даным выпадку – удзельнікаў жніва: механізатараў, вадзіцеляў аўтамабіляў, аператараў сушыльных комплексаў, работнікаў збожжатакоў, спецыялістаў-рамонтнікаў і іншых.
Вучоба прайшла на «палях» машынна-трактарнага парку ААТ «Жарабковічы». Да жніва гаспадарка падрыхтавала 18 адзінак збожжаўборачнай тэхнікі, значная частка якой на чале з экіпажамі прадстала перад удзельнікамі семінару. Камбайны прайшлі не праз адно жніўнае лета, аднак, далёка не страцілі сваю знешнюю бадзёрасць.
– Догляд, своечасовыя рэгламенты, належная падрыхтоўка перад сезонам работ забяспечваюць камбайнам нарматыўную эксплуатацыю. Як падрыхтуеш тэхніку, так яна і пакажа сябе ў плане надзейнай, без паломак работы. А менш рамонтных прастояў – больш зробіш і, адпаведна, заробіш. Стараемся, – прыкладна так пракаменціраваў сітуацыю адзін з мясцовых работнікаў.
Дырэктар «Жарабковіч» Антон Булаты расказаў пра сваю вялікую гаспадарку, у складзе, якой акрамя цэнтральных рамонтных майстэрняў, дзе прайходзіла першая частка семінара-вучобы, значыцца яшчэ чатыры падобныя вытворчыя аб’екты: у Сваятычах, Падлессі, Канюхах і Тальмінавічах. Але, па словах дырэктара, большасць асноўных работ на тэхніцы выконваецца іменна на базе цэнтральных майстэрняў. А абслугоўваць і рамантаваць ёсць што. Акрамя 18 збожжаўборачных машын, на ўзбраенні акцыянернага таварыства стаіць амаль 80 трактараў, больш за паўсотню грузавых аўтамабіляў, паўтара дзясятка пагрузчыкаў, шэсць корманарыхтоўчых камбайнаў. І ўсяму гэтаму аўтамабільна-камбайнава-трактарнаму парку ёсць дзе разгарнуцца: толькі збожжавыя разам з кукурузай і зернебабовыя пасевы ў гэтым годзе складаюць больш за чатыры тысячы гектараў. Аснову з іх складае азімая пшаніца, якой больш за дзве тысячы гектараў. А пасля мінулагодніх некалькіх дзясяткаў «пробных» гектараў азімага ячменю пад уборку-2022 года пасеяна ўжо 300 гектараў гэтай усё яшчэ не масавай для раёна – 842 гектары з улікам фермерскіх гаспадарак – збожжакультуры.
На момант падзеі ячмень ужо паспеў, і частка камбайнаў непасрэдна з «выставачнай» лінейкі накіравалася ў ваколіцы Канюхоў – за першымі намалотамі. За выхадныя 290 гектараў зжалі. Сярэдняя ўраджайнасць склала 88,8 цэнтнера з гектара.
Плюсы азімага ячменю спецыялістам добра вядомы. Гэта магчымасць атрымаць першае, параўнальна ранняе зерне і першую ж у сезоне салому. А разам з нядрэнным, як правіла, паказчыкам ураджайнасці, азімыя ячменныя гектары служаць своесаблівым выпрабавальным палігонам: на іх уборцы аграрыі маюць магчымасць пратэсціраваць уборачную тэхніку ў рэжыме практычнай рэальнасці, а ў выпадку чаго і яшчэ да наступлення вялікага жніва падкарэкціравацца. І па тэхніцы, і, магчыма, з пункту гледжання арганізацыі вядзення ўборачных работ.
Але, як адзначыў дырэктар Антон Булаты, у «Жарабковіч» да азімага ячменю ёсць і яшчэ адзін інтарэс. Гаспадарка маштабней усіх сельскагаспадарчых арганізацый нашага раёна займаецца вырошчваннем азімага рапсу. Тэрміны сяўбы гэтай культуры наступаюць ужо на мяжы першай жнівеньскай дэкады. А больш ранняя, як у выпадку з ячменем, уборка мяркуе і адпаведную падрыхтоўку глебы пад сяўбу азімага рапсу – дазваляе своечасова стартаваць з яго сяўбой.
Галоўны дзяржаўны інспектар упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Сяргей Шушпаннікаў чарговы раз засяродзіў увагу на патрабаваннях у падрыхтоўцы тэхнікі, задзейнічанай ва ўборачнай кампаніі. Спраўнасць асноўных механізмаў, вузлоў, агрэгатаў і камбайна ў цэлым з’яўляецца першым пунктам гатоўнасці. Як і ўкамплектаванасць апошняга «прапісаным» дадатковым абсталяваннем і прыладамі. І як напамін пра тое, што збожжаўборачны камбайн з’яўляецца і лічыцца паўнацэнным, з правам рухацца па шляхах агульнага карыстання, удзельнікам дарожнага руху. Адпаведна ўсе сістэмы бяспекі павіны працаваць са спраўнасцю гадзінніка, неабходныя святлавыя і «знакавыя» абазначэнні быць на сваіх месцах і ўяўна чытацца. Бяспека, яшчэ раз засяродзім увагу, – гэта аснова, тое, з чаго павінна пачынацца любая работа.
У ходзе семінара на прыкладзе збожжаўборачнай машыны КЗС-1218 было расказана аб асноўных тэхналагічных рэгуліроўках камбайнаў, умовах аплаты працы ўдзельнікаў жніва, патрабаваннях аховы працы і іншае.
Што галодны работнік – дрэнны работнік, з’яўляецца агульным правілам. У тым ліку і асабліва ў «Жарабковічах», тым больш падчас вядзення збожжаўборкі. Гарачае харчаванне для сваіх працаўнікоў у гаспадарцы забяспечваецца круглы год, а на перыяды правядзення масавых сельскагаспадарчых кампаній тут прадугледжана «ўзмоцненая норма» харчавання. Кампенсацыйныя выплаты для самога чалавека складаюць літаральна капейкі, гаспадарцы ж,
як прагучала, адзін абед-падвячорак абыходзіцца ў шэсць-восем рублёў.
Гарачым і выключнай значнасці пытаннем на жніве з’яўляецца забеспячэнне супрацьпажарнай бяспекі. Намеснік начальніка РАНС Кірыл Красоўскі засяродзіў увагу на неабходнасці камплектавання тэхнікі першаснымі сродкамі пажаратушэння і іскрагасільнікамі, утрымання ў спраўным стане вузлоў і агрэгатаў, недапушчэння фактаў назапашвання на іх гаручага пылу і іншых адкладанняў, а таксама на дакладным выкананні тэхналагічных рэгламентаў у працэсе даачысткі і сушкі зерня. Удзельнікам мерапрыемства нагадалі патлумачаны парадак дзеянняў на выпадак пажару.
Дарэчы, аб нумарах выкліку экстраных службаў у фарбах і вялікімі літарамі паведамляе плакат на дзвярах памяшкання Жарабковіцкага зернесушыльнага комплексу. І гэта, па меркаванні многіх, добрая практыка.
А на базе ЗСК семінар азнаёміўся з арганізацыяй сушыльных работ, прайшоўся па правілах АП, ТБ і СТБ пры вядзенні даачысткі-дасушкі зерня.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота аўтара.