Калі ў ролі «памочнікаў» – махляры. Як не трапіць на вуду інтэрнэт-зламыснікаў

На Брэстчыне ўзбуджана 13 крымінальных спраў, якія адносяцца да катэгорыі цяжкіх і датычаць ілжывай інфармацыі пра ўчыненыя ДТЗ, паведамілі ў аддзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Брэсцкага аблвыканкама.

Схема, па якой дзейнічаюць зламыснікі, не новая. Але людзі і сёння вядуцца, калі ім паведамляюць па тэлефоне, быццам іх родныя трапілі ў аварыю і, каб ім дапамагчы, трэба пэўная сума грошай. У чалавека нават не ўзнікае думкі патэлефанаваць сыну ці дачцэ і праверыць факты…
Распаўсюджанай становіцца і версія, быццам праваахоўным органам, каб выявіць ці злавіць нядобрасумленнага супрацоўніка банка, патрабуецца дапамога насельніцтва. Мэта ва ўсіх гэтых выпадках адна – выманіць у ахвяры як мага больш грошай.
У асноўным зламыснікі стараюцца пераканаць ахвяру перавесці грошы на рахунак самастойна.
Часта пацярпелымі становяцца пенсіянеры. Зафіксаваны схемы, калі зламыснікі ўцягваюць у свае аферы непаўналетніх. Падлетку прапануюць падпрацоўку – стаць кур’ерам і атрымаць працэнт
ад сумы грошай, якія ён будзе перадаваць.
З пачатку года фігурантамі крымінальных спраў сталі 11 непаўналетніх.
Бацькам неабходна больш размаўляць са сваімі дзецьмі наконт сітуацый, калі дарослыя прапануюць грошы за нейкія паслугі, і тлумачыць пра адказнасць, якая за гэта прадугледжана.
Любыя дзеянні, у тым ліку і ў інтэрнэце, пакідаюць сляды, і пазбегнуць пакарання ў зламыснікаў не атрымаецца.
Каб не стаць ахвярай нячыстых на руку людзей, варта ведаць, што праваахоўныя органы не прапаноўваюць варыянты вырашэння пытанняў, вінаваты адказвае згодна закона і адказнасць непазбежна. Ні міліцыя, ні супрацоўнікі банка, ніколі не тэлефануюць у мэсанджарах і не просяць агучыць смс-код, які неабходны для пацвярджэння аперацыі.
Для бяспекі лепш перыядычна абнаўляць паролі для ўваходу ў сістэму дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання. У выпадку выяўлення дзеянняў па плацёжнай картцы, якія гаспадаром рахунка
не праводзіліся, трэба аператыўна звярнуцца ў банк ці самастойна заблакіраваць картку ў інтэрнэт-банкінгу.