Пакрыўдзіць старога можа толькі нелюдзь

Людзям пажылога ўзросту надзвычай патрэбны клопат, увага і падтрымка. Дзяржава не пакідае іх сам-насам з праблемамі, нязручнасцямі і хваробамі. Большасць адчуваюць штодзённую падтрымку з боку родных і блізкіх. Аднак, менавіта людзі сталага ўзросту найчасцей становяцца ахвярамі злачынцаў. Сёлета за 4 месяцы ў параўнанні з аналагічным перыядам міну-лага года на Брэстчыне павялічылася колькасць асабліва цяжкіх (з 8 да 17) і цяжкіх (з 16 да 17) злачынстваў, учыненых у адносінах да пажылых людзей.
На жаль, не абмінула гэта праблема і Ляхавіччыну. З пачатку 2010 года на тэрыторыі раёна зарэгістравана 16 злачынстваў такога тыпу (13 крадзяжоў, грабёж, разбой, 75-гадовая жанчына загінула напрыканцы мая падчас ДТЗ). Калі гаварыць пра геаграфію злачынстваў, то адзначу, што 4 адбыліся ў рай- цэнтры, па 3 у Востраўскім і Свяціцкім сельсаветах, па 2 – у Конькаўскім, Падлескім і Кур- шынавіцкім. Часта гэта адбываецца (12 разоў) сярод белага дня.
Крымінагенную сітуацыю ўскладняе тое, што большая частка злачынцаў адурманена алкаголем. Менавіта ў нецвярозым стане людзі ўчыняюць найбольш цяжкія злачынствы. Так, у кастрычніку мінулага года апоўначы п’яная жанчына залезла ў хату да 77-гадовай пенсіянеркі і наўмысна з асаблівай жорсткасцю нанесла бездапаможнай ахвяры 17 удараў драўляным прадметам. Ад атрыманых цялесных пашкоджанняў пацярпелая адразу памерла. А забойца, як нічога і не здарылася, забрала… 11700 рублёў і рэчы агульным коштам 45000 рублёў, а потым накіравалася працягваць п’янае вяселле.
Што датычыцца крадзяжоў, то ў кантынгент зладзеяў трапляюць тыя ж самыя п’яніцы, асобы, якія вядуць бязладнае жыццё, беспрацоўныя, раней судзімыя. Яны добра ведаюць, калі пажылыя людзі атрымліваюць пенсію, сочаць, калі тыя ідуць у магазін ці да суседзяў або займаюцца гаспадаркай у агародзе ці хляве. Часам няўважлівасць пенсіянераў, невыкананне элементарных правіл асабістай і маёмаснай бяспекі прыводзяць да таго, што ў адносінах да іх учыняюцца злачынствы.
З прыватнага дома у вёсцы Падлессе ў 74-гадовай жанчыны днём невядомы ўкраў кашалёк з 80000 рублямі. Раней судзімы, беспрацоўны нецвярозы жыхар Баранавіч у сярэдзіне мая ў 2 гадзіны ночы з прымяненнем сілы ўкраў у састарэлай ляхавічанкі рэчы на 211000 рублёў…
У першую чаргу пажылым землякам неабходна выконваць элементарныя меры перасцярогі: пакідаючы дом, замыкаць усе дзверы, закрываць вокны і балконы; не класці ключы ў патаемным (як ім здаецца, напрыклад, пад дыванком ля дзвярэй, у паштовай скрынцы і г.д.) месцы; калі згублены адзін з ключоў, то лепш замяніць замок на новы. Ні ў якім разе нельга давяраць асобам, якія па нізкіх цэнах прапануюць тавары, аказанне паслуг – можаце стаць ахвярай махляроў. Калі ўпускаеце ў кватэру незнаёмага, у абавязковым парадку па-трабуйце ў яго пасведчанне асобы. Будзьце ўважлівымі да незнаёмых паштальёнаў, слесараў, электрыкаў, работнікаў камунальных і газавых службаў, нават калі яны апрануты ў спецадзенне. Не адчыняйце дзверы і не пускайце ў дом асоб цыганскай нацыянальнасці, нават калі яны проста просяць папіць вады. Як паказвае практыка, у адваротным выпадку вас чакаюць непрыемнасці.
Калі ўсё ж у адносінах вас ці вашых знаёмых састарэлых людзей учынены супрацьпраўныя дзеянні, пра гэта трэба тэрмінова паведаміць у аддзел міліцыі па тэлефонах 102 ці 2-12-02 або свайму ўчастковаму інспектару.
Дзмітрый ЮРУЦЬ, начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *