Гарачы цэх жніва. Зернеачышчальна-сушыльная гаспадарка з’яўляецца важным вытворчым падраздзяленнем у структуры сельгасарганізацый Ляхавіцкага раёна

Верагодна, у сёлетнім сезоне прастой ім не пагражае. Ва ўсякім выпадку, на даным этапе вядзення ўборачных работ, калі лішнія зараз дажджы правакуюць паступленне са жніўных палеткаў пераўвільготненага зерня. Адна надзея на ЗСК.


Аператар зернеачышчальна-сушыльнага комплексу ААТ «Шлях новы» Андрэй Сцяцко.

Што ў сушыльным астатку?
Зернеачышчальна-сушыльная гаспадарка з’яўляецца крытычна важным вытворчым падраздзяленнем у структуры сельгасарганізацый раёна. Уяўляе сабой дастатковую магутнасць, адрозніваецца «брэндавай» і мадыфікацыйнай разнастайнасцю, тэрмінамі эксплуатацыі, па тыпу спажываемага паліва. З 27 наміналь-
ных агрэгатаў, у дапрацоўцы ўраджаю-2022 рэальна могуць быць задзейнічаны 23. З-за адсутнасці неабходнасці ў выкарыстанні КЗС-10 прыналежнасці КСУП «Ліпнянка» знаходзіцца на кансервацыі, «Мекмар» «Шляху новага» на момант падрыхтоўкі гэтага матэрыялу знаходзілася ў няспраўным стане. Глыбока няспраўная М-819 СУП «Белазем’е» рыхтуецца да спісання, а аднаму з сушыльных апаратаў ААТ «Нача» патрабуецца кансервацыя. Тым больш, што апошні з’яўляецца самым старым з шэрага зернесушылак раёна – уведзены ў экспуатацыю аж у 1969 годзе. Іншы полюс – адна з сушылак СВК «Ляхавіцкі», якая была ўведзена ў эксплуацыю на паўвека пазней – у 2019 годзе.


Калі ж засяродзіцца на паліўным пытанні, то вынікае, што работа большасці ачышчальна-сушыльных комплексаў, размешчаных у сельскагаспадарчых арганізацыях раёна, заснавана па выкарыстанні дызеля – такіх 13. Да трубы з прыродным газам падключаны восем установак, а на спажыванне так званых мясцовых відаў паліва сарыентавана толькі дзве сушылкі. І, што асабліва адметна, абедзве яны знаходзяцца ў ААТ «Нача».
Магутныя «Жарабковічы» з’яўляюцца такімі і ў плане магчымасцяў дапрацоўкі зерня і насення рапсу. Па меры неабходнасці, гаспадарка ў стане аднамаментна запусціць у работу шэсць сваіх зернеачышчальна-сушыльных комплексаў.

Сушка дні і ночы
На ім адмысловы рух, букет непаўторных водараў і сваё гукавое суправаджэнне. Гэтыя і іншыя, характэрныя любому падобнага кшталту вытворчаму аб’екту адметнасці, «ловіш» адразу ж, яшчэ нават і не крочыўшы на тэрыторыю зернеачышчальна–сушыльнага комплексу «Галавачы» ААТ «Шлях новы». Аўтамабілі, поўныя «дабра» прыбываюць-ад’язджаюць, аб факце сваёй работы машына-сушылка нагадвае рытмічнымі гукамі. Уражанне, што гэты рух і гук не спыняюцца і на хвіліну, ні ў дзень, ні ноччу. Адпаведна – і работа каманды дапрацоўшчыкаў зерня.
– Наш ЗСК-30 працуе круглыя суткі. Сёлетняе жніво даволі вільготнае, трэба ўсё паспець. У іншым выпадку страты ў якасці непазбежны і недаравальны. Сушылка становіцца на паўзу толькі ў выпадку ўзнікнення форс-мажораў. Напрыклад, выкліканых тэхнічнымі паломкамі. Але і такое не часта: гаспадарка знайшла шляхі фінансавання, было закуплена ўсе неабходнае для правядзення міжсезонных рамонтаў-рэгламентаў. Усё зрабілі своечасова і дастаткова поўна. І я зараз не толькі пра вось гэтую нашу сушылку – тое і ва Ураджайнай, і ў Навасёлках. З дня на дзень мяркуем падключыць да справы і ЗСК у аграгарадку Дарава. Будавалася-дабудоўвалася,
настройвалася-данастройвалася яна не адзін год. І вось на тыдні маецца адбыцца яе дэбютны пуск, – паведаміў інжынер па працаёмкіх працэсах ААТ «Шлях новы» Аляксандр Івашка.
Што дапрацоўка зерня іменна такі, патрабуючы працоўнай аддачы, уважлівасці, гатоўнасці да граматных дзеянняў у выпадку няштатных сітуацый, канешне ж, дасканалага ведання матчасткі працэс, не выклікае сумнення. Экіпаж размешчанага ў Галавачах ЗСК-30 фарміруюць два адказныя спецыялісты. Сяргей Морскі перакваліфікаваўся ў аператары ЗСК з электраманцёра, Андрэй Сцяцко па-за сезонам уборкі працуе слесарам па рамонце жывёлагадоўчых фермаў.
– Графік работы пасутачны: 24 гадзіны доўжыцца вахта аднаго, столькі ж – другога. Але ў складаных, патрабуючых дапамогі і аператыўнага вырашэння сітуацый, прыходзім адзін аднаму на выручку. Правіла гэта дзейнічае заўсёды, у любы час сутак. Прыкладам такой сітуацыі можа з’яўляцца неабходнасць рамонту сушылкі. Зрэдку, па дробязі, як правіла, але здараецца і такое. Можа «выскачыць» адзін з падшыпнікаў, нешта іншае падобнае. Непаладкі ў рабоце комплексу заўсёды выпраўляем сумесна, – тлумачыць дзяжурны ў той дзень аператар Андрэй Сцяцко.
Дапрацоўка ўраджаю заўсёды пачынаецца з яго папярэдняй ачысткі. На гэтым этапе звычайна «адсякаюцца» параўнальна буйныя ўключэнні – фрагменты саломы, элементы коласа, іншыя, як правіла, раслінныя рэшткі. І сапраўды, навошта сушыць умоўнае смецце, не зерне? А, як паведамілі работнікі зернятока, з 40 тон паступіўшага з поля ўраджаю, каля 1, 6 – 1, 8 тоны прыходзіцца на смецце.
Хоць наколькі прадукт папярэдняй ачысткі зерня ці насення рапсу смецце – вялікае пытанне. Не будзем казаць за іншых, але ў «Шляху новым» усе гэтыя тоны рэшткавых уключэнняў трапляюць ў сянажную траншэю.
За ўборкай збожжавых і рапсу не варта забывацца, што паралельна ёй сельскагаспадарчыя арганізацыі працягваюць і другі этап корманарыхтоўчай камапаніі. Такое сумяшчэнне даецца, канешне, няпроста. Але ж – даецца.
У памяшканні аператарскай «індустрыяльная» ўтульнасць. Кнопачкі-лямпачкі пульта кіравання сушылкай, экран камп’ютара з выведзенай на яго схемай тракта зерня па сушыльным комплексе, параметрамі сушкі і іншае. Аператар Андрэй Сцяцко, такім чынам, можа кантраляваць увесь рабочы працэс, не пакідаючы сваю «аператарскую табурэтку».
Як клопат пра аператара, яго адносны вытворчы камфорт успрымаецца факт усталяванага на фасадзе збудавання кандыцыянера.


Быў прыкладна абедзенны час.
– Сталоўка прыехала, – прагучала нягучнае на зернетаку, як толькі сіне-блакітных колераў «ГАЗель» завярнула ў накірунку сушылкі. У той дзень работнікам «Шляху новага» прапаноўвалася гарачая
першая страва, сур’ёзная порцыя камбінавага «другога», асвяжаючы і, як здаецца, вельмі дарэчны ў той сонечны дзень халодны чай з лімонам, іншыя дабаўкі.
Аднак харчаванне работнікаў, працуючых у рэжыме пасутачнай занятасці, адным толькі абедам не абмяжоўваецца. Прадугледжана таксама паўнацэнная гарачая вячэра і начны, як гэта тут называецца, сухі паёк.
Наступны дажджлівы дзень даў выхадны камбайнам. Аднак не зернеачышчальна-сушыльным комплексам і работнікам, што імі кіруюць. Яны працягвалі сваю гарачую працоўную вахту. Тая ж размешчаная ў Галавачах ЗСК-30 са старту ўборкі ўжо паспела даачысціць-дасушыць каля 800 тон зерня азімага і пад сотню тон яравога ячменю, на рахунку аператараў комплексу Сяргея Морскага і Андрэя Сцяцко яшчэ і рапс – многія дзясяткі тон падпрацаванага алейнага насення.
Гарачы цэх жніва раёна выконвае сваю работу, не зніжаючы ні тэмпературны, ні градус працоўнага напружання.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.