Шлюб улетку. На шчасце! Які ў ліпені на Ляхавіччыне максімальны ўзрост жаніхоў?

У ліпені на Ляхавіччыне сем пасведчанняў аб нараджэнні выдадзена ў аддзеле загса райвыканкама, чатыры – у сельвыканкамах раёна.

З 11 пасведчанняў чатыры атрымалі бацькі дзяўчынак: Аляксандры, Ірыны, Марыі і Сафіі. З сямі нованароджаных хлопчыкаў двух назвалі Максімамі. Таксама бацькі далі імёны сваім сынам Дамір, Ягор, Кірыл, Цімур і Раман.
У ліпені сярод малышоў вызначылася Марыя, вага якой пры нараджэнні склала 3800 грамаў, а рост – 54 сантыметры. У сям’і дзяўчынка – другое дзіця.
Першынец нарадзіўся ў чатырох сем’ях, другое дзіця таксама ў чатырох. Дзве сям’і ў ліпені сталі мнагадзетнымі. У адной сям’і зарэгістравана чацвёртае дзіця, дзеліцца прыемнай навіной начальнік аддзела загса Вольга Новік.
Сярэдні ўзрост ліпеньскага бацькі – 30 гадоў, маці – 27. Самай юнай маці стала 18-гадовая зямлячка, бацьку 23 гады. Бацькамі сталі і 38-гадовыя жыхары Ляхавіччыны.
Другі месяц лета 2022 года стаў пачаткам васьмі сямейных гісторый, дзвюм сем’ям марш Мендэльсона гучаў у сельвыканкаме.
Сярэдні ўзрост жаніха ў ліпені – 33 гады, нявесты – 27.
Самымі юнымі маладымі сталі нашы 20-гадовыя землякі. У другі месяц лета максімальны ўзрост жаніха – 51 год, нявесты – 42.
22.07.2022 – такая дата стаіць у пасведчанні аб рэгістрацыі шлюбу дзвюх пар з Ляхавіччыны. Пажаданні любві і шчасця гучалі маладым і 2.07.2022.
– Па-ранейшаму люстэркавыя даты прыцягваюць увагу тых, хто уступае ў шлюб. Жыццё пакажа, ці яны таго вартыя, – падкрэслівае Вольга Новік.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.