«Ляхавічок». Смак, які немагчыма забыць! Ляхавічане на форуме «Прыбужжа» сталі самай дружнай і гасціннай камандай

Целяханы на мінулых выхадных прымалі самы маладзёжны форум «Прыбужжа-2022». Возера Вулькаўскае стала месцам, дзе 19 каманд усіх раёнаў Брэстчыны ладзілі свае ўтульныя палатачныя гарадкі. Ляхавічане таксама сярод удзельнікаў. Дзяўчаты і юнакі аб’ядналіся пад вядомым родным смачным брэндам «Ляхавічок», і свой яркі, таленавіты, непаўторны «смак» прымусілі запомніць усіх, паколькі, без перабольшання, сталі самай дружнай і гасціннай камандай «Прыбужжа».

Маладзёжны актыў малочнага завода, супрацоўнікі РАНС, ТЦСАН прадстаўлялі рэгіён у розных спаборніцтвах: велатурызм, дартс, турыстычная паласа, валейбол, падняцце гіры, перацягванне каната, творчыя нумары і інтэлектуальныя туры… Усё гэта напоўніла тры турыстычныя дні форуму.
…Атмасфера панавала асаб-лівая. Івацэвіцкі раён, возера Вулькаўскае, якое натхняла і напаўняла сэрца прыгажосцю беларускага краю, так гарманізавала турыстычнаму форуму. Вакол людзі, бязмерна ўлюбёныя ў Беларусь, у сваю малую радзіму, адданыя прадпрыемствам і арганіза-цыям, якія прадстаўляюць, – шчырыя беларусы і ў напружаных спаборніцтвах застаюцца самымі дружалюбнымі сапернікамі.
Турыстычная асалода дапаў-нялася галоўнымі атрыбутамі – стравы на кастры (а ляхавічане прадэманстравалі свае выдатныя кулінарныя здольнасці), канешне, песні пад гітару, калі спяваюць і сэрца, і душа, палаткі і ўсе гэтыя турыстычныя дэталі… А яшчэ знаёмствы з цікавымі людзьмі, сустрэчы, што назаўсёды застануцца ў фотаздымках, ва ўспамінах і, канешне, зносінах па-за турыстычнымі каардынатамі.
Ляхавічане ў любым з конкурсаў праявілі лепшыя камандныя якасці –
дружна, спрытна, без хваляванняў спраўляліся з перашкодамі. І ў выніку іх творчы нумар у тройцы лепшых. І пад авацыі паўтысячнай публікі, крыкі «Ляхавічок!» і «Брава!» наша каманда атрымала заслужаную ўзнагароду.
Асабіста, калі б можна было, менавіта нашым прысудзіла б тытул самай зладжанай і гасціннай каманды. Такое меркаванне падчас «Прыбужжа» гучала не аднойчы. Нашы песні самыя гучныя і шчырыя, кухня – бясспрэчна, на вышыні, ды і атмасфера, якую стварыў «Ляхавічок», вабіла тых, хто праходзіў міма палатачнага гарадка, запрашала ўсіх зайсці і пазнаёміцца з ляхавіцкімі турыстамі.
А яшчэ «Ляхавічок» сабраў нямала водгукаў пра нашы смятану, малако, тварог і іншую прадукцыю. Ведаюць і набываюць у розных гандлёвых кропках Брэстчыны нашу малочку. І хоць жартам, але ж турысты далі наказ па прыездзе дадому набыць што-небудзь з «Ляхавічка». Паколькі наш «Ляхавічок» забыць немагчыма. І тычыцца гэта і каманды, і прадукцыі.
На трэці дзень «Прыбужжа» крыху стомленыя, але ж перапоўненыя эмоцыямі і ўспамінамі трохдзённай прыгоды, са смуткам і абяцаннем сустрэцца праз год каманды раз’ехаліся па сваіх рэгіёнах. А ў 2023-м «Прыбужжа» будзе прымаць малая радзіма пераможцаў – Баранавіцкі раён.
Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота аўтара.