Мы – патрыёты! Месячнік ваенна-патрыятычнага выхавання праходзіць у школах Ляхавіцкага раёна
Традыцыйна ўстановы адукацыі раёна люты прысвячаюць ваенна-патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення. Гэта звязана з важнымі датамі – Днём абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, а таксама з Днём памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Ва ўсіх школах праходзяць тэматычныя ўрокі, сустрэчы з ветэранамі, конкурсы, экскурсіі і спартыўныя спаборніцтвы. Мерапрыемствы накіраваны на ўмацаванне ў навучэнцаў пачуцця гонару за сваю Радзіму, павагі да яе гераічнай гісторыі і гатоўнасці да абароны.

Карэспандэнт «ЛВ» пацікавіўся, як праходзіць месячнік па ваенна-патрыятычным выхаванні ў СШ № 2 райцэнтра.
Данііл ІВАНОЎ, член ВПК «Фарпост» СШ № 2:
– Падчас месячніка ваенна-патрыятычнага выхавання «Слаўлю Айчыну» ў нашай школе праходзяць ўрокі мужнасці, конкурсы, экскурсіі і, што асабліва цікава, сустрэчы з прадстаўнікамі ваенных навучальных устаноў. Адна з такіх сустрэч адбылася 3 лютага.
У родную школу прыйшлі Ілья Пляшко – выпускнік школы 2023 года, а зараз курсант 3-га курса факультэта ракетных войскаў і артылерыі,
Арцём Салагуб – выпускнік 2024 года і курсант 2-га курса авіяцыйнага факультэта Ваеннай акадэміі. Яны падзяліліся ўражаннямі пра
сваю вучобу. Паколькі планую паступаць у Ваенную акадэмію, у мяне шмат пытанняў пра паступленне, жыццё курсантаў, вучобу. Каб зрабіць правільны прафесійны выбар, важна пачуць адказы на пытанні з першых вуснаў. Ведаю, што нашы выпускнікі вучацца і на іншых факультэтах акадэміі, на ваенна-тэхнічным факультэце БНТУ, ваенным факультэце БДУІР. Мы імі ганарымся і раўняемся на іх. Такія сустрэчы натхняюць, і ўмацоўваюць жаданне служыць Радзіме.

Мацвей КАНДЗЯРЭШКА, навучэнец профільнай групы ваенна-патрыятычнай накіраванасці 10 «А» класа СШ № 2:
– Ваенна-патрыятычны профіль выбраў мэтанакіравана, бо планую паступаць у ваенную навучальную ўстанову. Ужо напісаў заяву на ўступленне ў ваенна-патрыятычны клуб «Фарпост». Цікава і пазнавальна прымаць удзел у шматлікіх мерапрыемствах. У нашай школе праходзілі конкурс інсцэніраванай ваенна-патрыятычнай песні, сустрэча з воінам-інтэрнацыяналістам, інтэлектуальная гульня «Мы – патрыёты», экскурсіі «Героі Беларусі». З нашым кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні Віталіем Аляксандравічам Толкачам прымаем удзел у акцыі «Мужнасць. Гонар. Адвага», інтэлектуальным квізе «Я – будучыня краіны». У музеі «Баявой і працоўнай славы» пройдуць экскурсіі. Будуць працаваць і тэматычныя выставы. Усё гэта дапамагае нам не толькі больш даведацца пра гісторыю, нашых мужных землякоў, але і выхоўвае сапраўдныя якасці патрыёта.


