Саступі дарогу пешаходу. Ляхавічанка расказала, што на адным з пешаходных пераходаў на вуліцы Леніна вадзіцелі не надта імкнуцца прапускаць пешаходаў

Чарговы зварот на гарачую лінію «ЛВ» тычыўся бяспекі дарожнага руху. Ляхавічанка ўсхвалявана расказвала, што на адным з пешаходных пераходаў – а менавіта на вуліцы Леніна каля агракаледжа – вадзіцелі не надта імкнуцца прапускаць пешаходаў.

Жанчына паскардзілася, што такая сітуацыя паўтараецца даволі часта. І пацікавілася, якім чынам можна паўплываць на такіх вадзіцеляў. Тэма заслугоўвае ўвагі і разбіральніцтва. Бо такія выпадкі здараюцца не толькі на ўказаным пешаходным пераходзе, але і на іншых.

За каментарыямі «ЛВ» звярнуўся ў АДАІ РАУС.
– Праблема сапраўды мае месца. Найбольш небяспечныя ў гэтым плане пешаходныя пераходы па гарадскіх вуліцах Леніна, Южакова. Толькі летась за парушэнне Правілаў дарожнага руху – няпропуск пешахода на пешаходным пераходзе – да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 10 вадзіцеляў транспартных сродкаў.
Адпаведна пункту 9.9 Правілаў дарожнага руху, вадзіцель абавязаны прадастаўляць перавагу пешаходам на нерэгулюемых і рэгулюемых пешаходных пераходах пры адначасовым для вадзіцеляў і пешаходаў дазваляльным сігнале святлафора.

Згодна з часткай 7 артыкула 18.13 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, за непрадастаўленне асобай, якая кіруе транспартным сродкам, перавагі пешаходам і іншым удзельнікам дарожнага руху прадугледжана накладанне штрафу ў памеры ад адной да пяці базавых велічынь. Такія ж памеры штрафу прадугледжаны згодна з часткай 8 гэтага артыкула за невыкананне вадзіцелямі патрабаванняў дарожных знакаў ці разметкі, або парушэнне правілаў манеўравання ці праезду скрыжаванняў. Калі вадзіцель не прапусціў пешахода, і гэта стварыла аварыйную сітуацыю, парушальнік атрымае штраф ад пяці да 20 БВ з пазбаўленнем ці без пазбаўлення права займацца пэўнай дзейнасцю на тэрмін да двух гадоў, – тлумачыць начальнік АДАІ РАУС Яўгеній Вайшэвіч.
Калі коратка, то на пешаходным пераходзе менавіта пешаход мае перавагі на рух.  Але паралельна ўзнікае яшчэ адно хвалюючае пытанне. Як пешаход можа даказаць, што вадзіцель парушае ПДР, напрыклад, не прапускае пешахода.

– Канешне, аптымальны варыянт – зняць на відэа ці зрабіць фотаздымак факта парушэння. Але, зразумела, гэта не заўсёды магчыма. Ёсць яшчэ адзін выхад – у горадзе ўстаноўлены камеры відэаназірання, працуюць прыборы відэафіксацыі, і менавіта дзякуючы ім у некаторых выпадках удалося выявіць і траспартны сродак, і яго ўладальніка-парушальніка, а парушэнне не засталося беспакараным. З паведамленнямі пра парушэнне звяртайцеся ў дзяржаўтаінспекцыю, – адзначае Яўгеній Вайшэвіч.

Разам з тым, па словах начальніка АДАІ, і пешаходам трэба
быць вельмі ўважлівымі: не пераходзіць дарогу, калі ёсць нейкія сумненні. Напрыклад, узніклі падазрэнні, што вадзіцель вас не заўважыў ці вы не паспяваеце своечасова завяршыць пераход праезнай часткі, лепш пачакайце, бо некалькі хвілін могуць каштаваць жыцця.
Не варта страчваць пільнасць. Пры пераходзе праезнай часткі старайцеся не размаўляць па тэлефоне і не слухаць музыку
ў навушніках. Нават калі пераходзіце па пешаходным пераходзе і на зялёны сігнал святлафора, паглядзіце спачатку налева, потым направа.
Давайце будзем узаемаветлівымі на дарогах. Тычыцца гэта ўсіх удзельнікаў дарожнага руху.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.