Заслона ад вогненнай бяды. З пачатку года на Ляхавіччыне зарэгістравана дзевяць пажараў, у якіх два чалавекі загінулі
Пажар – гэта не толькі агонь. Таксама ўдушлівы дым, высокая тэмпература, абвальванне канструкцый і паніка. Уменне не панікаваць, карыстацца вогнетушыцелем, эвакуіравацца і паведамляць пра здарэнне ў службу 101 дае каштоўныя хвіліны, якія могуць аддзяліць жыццё ад гібелі.
З пачатку года на Ляхавіччыне зарэгістравана дзевяць пажараў, у якіх два чалавекі загінулі. І гэта трэць ад колькасці пажараў за ўвесь 2025 год.
Шэсць вогненных здарэнняў адбылося ў гаспадарчых пабудовах, тры – у дамах. Летась за аналагічны перыяд пажараў не было. Пажарная сітуацыя пагоршылася не толькі ў нашым раёне. Па стане на 4 лютага на Брэстчыне зарэгістравана 156 пажараў, у якіх загінулі 24 чалавекі. І гэта амаль у паўтара раза больш, чым за такі перыяд 2025 года. Немалую ролю ў гэтым адыграла надзвычай марознае надвор’е. Але не толькі яно. Сярод сёлетніх прычын вогненных здарэнняў на Ляхавіччыне – парушэнне правілаў мантажу і эксплуатацыі печаў, цеплагенерыруючых апаратаў, электраправодкі, неасцярожнае абыходжанне з агнём. У сумнай статыстыцы лідзіруюць Жарабковіцкі сельсавет і Ляхавічы, дзе адбылося па два здарэнні, па адным у Ганчароўскім, Конькаўскім, Крывошынскім, Навасёлкаўскім і Альхоўскім.
Трэба разумець, што выкананне правілаў пажарнай бяспекі –
не бюракратычнае патрабаванне, а неабходнасць жыцця і норма адказных паводзін кожнага з нас. Статыстыкай пацверджана, што пераважная большасць пажараў адбываецца па віне менавіта чалавека: не дагледзеў, не разлічваў, спадзяваўся наўдалую…
У прафілактычным арсенале ляхавіцкіх выратавальнікаў, зацікаўленых службаў і арганізацый – інфармаванне насельніцтва, абследаванне домаўладанняў на прадмет бяспекі, разнастайныя супрацьпажарныя акцыі і г. д.
Прафілактычны візіт
Другі месяц прадстаўнічая камісія ў складзе супрацоўнікаў РАНС, прадстаўнікоў ТЦСАН, сельвыканкамаў і іншых суб’ектаў прафілактыкі наведвае домаўладанні землякоў уразлівай катэгорыі. На маршруце населеныя пункты ўсіх сельсаветаў. Начальнік РАНС Юрый Буйкевіч канстатуе, што парушэнняў пажарнай бяспекі становіцца менш, але і выяўленыя недахопы могуць стаць прычынай пажараў, што пагражаюць усяму пад’езду, дому ці суседнім будынкам. Адказнасць кожнага – залог бяспекі многіх.

Выратавальнікі вучацца
Сярод рабочых інструментаў выратавальнікаў, накіраваных на папярэджанне пажараў – тактыка-спецыяльныя заняткі. Чарговыя прайшлі ў кінатэатры «Кастрычнік» на мінулым тыдні. Па легендзе, у глядацкай зале адбылося кароткае замыканне відэапраектара, і загарэлася мэбля. Дзяжурныя змены ПАВЧ №1 Ляхавіцкага РАНС адпрацавалі дзеянні па тушэнні ўмоўнага пажару, эвакуацыі людзей і ўзаемадзеянне з адміністрацыяй установы. З пастаўленымі задачамі выратавальнікі-пажарныя справіліся, адзначыў першы намеснік начальніка РАНС Валянцін Сарайкін.
Чарговыя вучэнні запланаваны на 17–19 лютага на базе кацельні
КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ».
Дзеці – не дарослыя!
Сёння не страчвае актуальнасці і сітуацыя, калі дзеці застаюцца адны дома. Без бацькоўскага нагляду гульнёй могуць стаць і запалкі. Ляхавіччына далучылася да маштабнай рэспубліканскай акцыі МНС «Дзеці – не дарослыя! Не пакідайце іх адных». Супрацоўнікі РАНС распаўсюджваюць прафілактычную інфармацыю пра небяспеку пакідання дзяцей адных дома. Выратавальнікі адзначаюць, што нават некалькі хвілін самастойнага знаходжання рабят дома могуць стаць трагічнымі. Варта захоўваць запалкі і запальніцы ў недаступных для дзяцей месцах.
Пакуль малыя гуляюць у даросласць, бацькі павінны выконваць ролю
абаронцы!
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА і з архіва РАНС.

