Вясковая прапіска з камфортам. Пра што гаварылі на сходзе ў Начы Ляхавіцкага раёна

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Павышэнне якасці жыцця ў вёсцы – адзін з важных напрамкаў рэалізацыі дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі. У аграгарадку Нача таксама адчувальныя станоўчыя змены, якія закліканы зрабіць жыццё аграгараджан больш зручным і камфортным. 

Пра гэта і многае іншае ішла размова падчас сходу па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння, які прайшоў 3 лютага ў Начаўскім СДК. Тон размове задаў старшыня райвыканкама Мікалай Мароз, які адзначыў выніковасць дыялогу на месцах. Сходы сталі сапраўдным рабочым інструментам, што мае важную ролю для развіцця сельскай тэрыторыі, умацавання даверу паміж уладай і грамадствам, сродкам зняцця болевых кропак.

Парадак і камфортнае асяроддзе
У Начаўскім сельсавеце па стане на 1 студзеня ў 10 насе-леных пунктах пражываюць каля 1 300 чалавек. У 2024 годзе падчас падрыхтоўкі да раённых «Дажынак» у аграгарадку многае змянілася, у тым ліку былі заасфальтаваны вуліцы 60 гадоў Савецкай Улады, Спартыўная, Савецкая і іншыя. Летась завершаны перавод вулічнага асвятлення на энергазберагальныя лямпы, расказаў старшыня сель-выканкама Вячаслаў Новік. Ён адзначыў, што жыхары сель-савета немалое значэнне надаюць санітарнаму стану тэрыторыі і прымаюць удзел у добраўпарадкаванні. Як прыклад – сквер памяці, які летась нарадзіўся дзякуючы сумесным намаганням дарослых і падрастаючага пакалення.

У Начаўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі можна атрымаць кваліфікаваную першасную медыцынскую дапамогу. Гэта медустанова, па словах намесніка галоўнага ўрача Ляхавіцкай ЦРБ Руслана Курыловіча, адна з лепшых у раёне. Нядаўна жыхарка аграгарадской вуліцы Горкі звярнулася ў сельвыканкам з просьбай пра ўключэнне населенага пункта ў маршрут перасоўнага ФАПа. І ўжо 4 лютага туды прыбыў медпункт на колах. Задавальняе жыхароў Начаўскага сельсавета і гандлёвае абслугоўванне. Старшыня праўлення райпо Васілій Некрашэвіч паведаміў, што вяскоўцы могуць рабіць заказ у магазінах «Родны кут», у тым ліку на буйнагабарытныя тавары. Няма праблем і з транспартнымі зносінамі. Амаль штодня з
7 гадзін раніцы з Ляхавічаў у вёскі сельсавета курсіруюць прыгарадныя аўтобусы. У графіку 20 рэйсаў на тыдзень пры нарматыве 16, расказаў начальнік службы загарадных перавозак баранавіцкага аўтапарка Андрэй Масцілоўскі.
У Начаўскай СШ і дзіцячым садзе хлопчыкі і дзяўчынкі атрымліваюць адукацыю на ўзроўні гарадской, пра што сведчаць перамогі ў разнас-тайных конкурсах і сучасная матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў. Поспехамі выхаванцаў і педагогаў падзяліліся дырэктар СШ Марына Мароз і загадчык дзіцячага сада Алена Герус.
Кіраўнік раёна адзначыў, што раён ганарыцца юнымі землякамі. Добра, калі пасля атрымання дыплома яны вырашаць звязаць сваё жыццё з малой радзімай.
Першы намеснік старшыні райвыканкама Васілій Пыжык выказаў удзячнасць калектывам сельгаспрадпрыемстваў за працу ў няпростае зімовае надвор’е. Асобна прагучалі і поспехі ААТ «Нача», якое паступова рухаецца наперад.

Перш за ўсё пільнасць і бяспека
У цэнтры заўсёднай ўвагі – бяспека насельніцтва. Начальнік РАНС Юрый Буйкевіч агучыў пажарную статыстыку і адзначыў, што папярэдняй прычынай нядаўняй трагедыі ў вёсцы Задвор’е Альхоўскага сельсавета – гібелі маці і сына ў агні – стала кароткае замыканне электраправодкі. Бяду можна было б прадухіліць, каб вяскоўцы былі цвярозымі…
Намеснік старшыні райвыканкама Алег Траццяк акцэнтаваў увагу на недапушчальнасці пакідання бацькамі дзяцей адных дома.
У сцюдзёныя дні настойлівая парада ад супрацоўнікаў РАНС датычыць і рыбаловаў, якім варта перад паходам на воднае «паляванне» ўдакладніць таўшчыню лёду і абавязкова апрануць выратавальную камізэльку.
Оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку РАУС Уладзіслаў Зубік папярэдзіў, што зараз зламыснікі шукаюць ахвяр, тэлефануючы не толькі ў месанджарах, а таксама з беларускіх нумароў. Яны пра-пануюць замяніць газавы ці вадзяны лічыльнік, дамафон, прыняць удзел у спецаперацыі праваахоўных органаў. Трэба быць пільнымі, у выпадку такога тэлефанавання спыніць размову, а пры неабходнасці звярнуцца ў міліцыю.

Пытанні напрамую
Праблемы, якія агучылі аграгараджане, датычаць у асноўным камунальнай тэматыкі. Так, на вуліцы 60 гадоў Савецкай Улады падчас моцных маразоў прарвала водаправодную трубу… Фасад дома па вуліцы Савецкай патрабуе абнаўлення… Аграгараджанін Леанід Ксёнжык прапанаваў пачысціць невялікі вадаём каля ракі Начы, дзе ёсць рыба і добрая лакацыя для адпачынку. Ініцыятыву можна паспрабаваць ажыццявіць, напрыклад, падчас суботніка –
такое выйсце прапанаваў старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч.
Узнятыя пытанні атрымалі тлумачэнні ад профільных спецыялістаў. Тыя ж, якія патра-буюць дэталёвага вывучэння ці дадатковых рэсурсаў, узяты на кантроль.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Ганна РАДЧАНКА, выхавальнік Начаўскага дзіцячага сада:
– Вельмі зручна прыйсці на сход і сустрэцца з кіраўніцтвам раёна і прадстаўнікамі розных службаў. Гэта дапамагае насельніцтву вырашыць свае праблемы. На мінулай сустрэчы мы папрасілі паставіць лаўкі каля СДК і крыты аўтапавільён на аўтобусным прыпынку ў Начы. Усё выканана. І мы вельмі ўдзячны. Жыццё ў сельскай мясцовасці становіцца больш камфортным і прывабным для моладзі.

Алена ШОСТАК, мнагадзетная маці:
– Каля шматкватэрніка, дзе пражывае наша мнагадзетная сям’я, раслі бярозы, якія стваралі цень. З-за гэтага ў кватэры была пастаянная вільготнасць і нават цвіль. На сходзе звярнулася за дапамогай і папрасіла спілаваць дрэвы. Мой зварот быў вырашаны станоўча. Дзякуй!

Таццяна БУКАТА, пенсіянерка:
– Хачу адзначыць увагу з боку раённай улады да нас, жыхароў сельскай мясцовасці. Такія сходы, як сёння, дазваляюць вырашаць многія праблемы тут і зараз. У аграгарадскіх дамах сёння, як і ў горадзе, праведзены газ. Цёпла і ўтульна без лішніх намаганняў. І для вяскоўцаў, у тым ліку немаладых, гэта важкі плюс. У магазінах усяго ўдосталь. Наогул, усё побач – і медыкі, і пошта, і многае іншае, што патрэбна для зручнага жыцця.