Мантажнік, муляр і маляр – кожны сёння юбіляр. У ляхавіцкіх будаўнікоў сёння — прафесійнае свята

Словы «будаваць» і «будучыня» з’яўляюцца не проста аднакарэннымі: і сэнсава, і па сутнасці працуюць у адным і тым жа накірунку. Без будаўніцтва няма будучыні, якая, у сваю чаргу, не ўяўляецца без малога, сярэдняга ці маштабна-вялікага будаўніцтва.

Іх нумар 13-ы, што ў прывязцы да нашага раёна азначае першы. І адзінкавы, паколькі УБП «ПМК-13» ААТ «Пінсксаўгасбуд» сёння з’яўляецца адзінай на Ляхавіччыне арганізацыяй, гатовай да выканання фактычна любога агульнабудаўнічага падраду. Ёсць уменне, напрацаваны дзесяцігоддзямі будаўнічы вопыт, матэрыяльная база. І ёсць архітэктурны «след», пакінуты будаўнікамі 13-й калоны на прамысловых лакацыях і вуліцах населеных пунктаў нашага і не толькі раёна. Той, хто працяглы час адсутнічаў у Ляхавічах, не без здзіўлення і з задавальненнем за землякоў адзначае факт – як яны папрыгажэлі! Цудоўныя, у сэнсе – прыгожыя змены ў горадзе, аграгарадках і вёсках раёна адбыліся ў тым ліку і дзякуючы стваральнай працы спецыялістаў гэтага прадпрыемства.
– Як вядома, іменна людзі служаць залогам поспеху любой справы. Сённяшнія інжынеры, прарабы, муляры, тынкоўшчыкі, мантажнікі – ім ёсць з каго браць прыклад, на каго трымаць раўненне. Гэта нашы ветэраны, якія дзесяцігоддзямі служылі справе будаўніцтва, не пакідалі, умоўна, рыштаванняў ПМК-13. Прарабы Валерый Бацечка, Мікалай Атрашэнка, Станіслаў Новік, механік Расціслаў Дуброўскі, інжынер Ірына Стрэчань, кранаўшчыкі Леанід Скрыцкі і Леанід Шчука, вадзіцель Міхаіл Далгапол, сталяр Станіслаў Чарнэцкі, электрык Часлаў Варанчак і многія іншыя работнікі, што прысвяцілі значную частку працоўнай біяграфіі рабоце ў нашай арганізацыі, – гаворыць намеснік начальніка ПМК-13 Андрэй Асмалоўскі.
Напярэдадні адметна-святочных дат прынята падводзіць некаторыя вынікі, узгадваць зробленае ў прамым сэнсе сваімі рукамі. Прывесці поўны за дзясяткі гадоў работы спіс добрых спраў перасоўнай механізаванай калоны здаецца справай нерэальнай. Хіба што ўзгадаць нямногае адметна важнае, узведзенае будаўнікамі за адносна кароткі, нядаўні час. Гэта жылы масіў па вуліцы Інтэрнацыянальнай у горадзе Ляхавічы, малочнатаварныя фермы і комплексы ў аграгарадку Навасёлкі і вёсцы Сакуны ААТ «Шлях новы», вёсцы Зарытава ААТ «Жарабковічы», рэканструкцыя, а па сутнасці будаўніцтва новага вытворчага цэха ААТ «Ляхавіцкі льнозавод», рэканструкцыя шэрага інтэрнатаў у раённым цэнтры пад шматкватэрныя жылыя дамы, капітальныя рамонты многіх будынкаў і збудаванняў, выкананне работ па інфраструктуры і добраўпарадкаванні тэрыторый і іншае з таго, што было пабудавана, перабудавана, капітальна рэканструявана ПМК-13 за больш як паўвекавую гісторыю працоўнай біяграфіі.
Сёння ў прарабскім кейсе арганізацыі значыцца не так ўжо і багата праектна-каштарысных рашэнняў-заданняў. Заняты ляхавіцкія будаўнікі ў аграгарадку Заастравечча Клецкага раёна. На Міншчыне ў іх падрад на ўзвядзенне чатырохкватэрнага жылога дома. А дома – на Ляхавіччыне – сілы прадпрыемства размеркаваны на работах па двух накірунках: на рамонце даху аднаго са збудаванняў вытворчай базы СУП «Белазем’е» і будаўніцтве другой чаргі малочнатаварнага комплексу ў аграгарадку Русінавічы СВК «Ляхавіцкі». У Русінавічах, дзе мы напярэдадні свята пабывалі, работа, калі і не кіпіць, то вядзецца дастаткова тэмпава. Флегматычна перамяшчае кубы пясчанай сумесі бульдозер «ДТ-75», узнятую стралу аўтамабільнага крана бачна яшчэ здалёк. Усюды будаўнічыя каскі: на ўзроўні нулявой адзнакі, на мулярскіх рыштаваннях, на даху будучага кароўніка. Ніхто не стаіць без справы: няма сэнсу і няма калі. Аб’ект запланаваны да здачы ўжо ў наступным месяцы.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.