Кавід прытаіўся. Будзьце гатовыя да сустрэчы

Пасля пэўнага зацішша медыкі прагназуюць на верасень усплёск чарговай хвалі каранавіруснай інфекцыі. Па даных Міністэрства аховы здароўя, у жніўні ў Мінску і Віцебску выяўлены два факты новага штама COVID-19 – «амікрон-ніндзя». У Беларусі зараз у асноўным цыркулюе каранавірусны штам «амікрон».

Як і раней, адзіны на-дзейны і добра зарэка-мендаваўшы сябе сродак супрацьстаяць кавіду – вакцынацыя, якая дапамагае не толькі знізіць рызыку заражэння, але і абараняе ад цяжкага цячэння хваробы.
– Усе вакцыны, што прымяняюцца ў нашай краіне, зарэгістраваныя і прайшлі кантроль якасці ў спецыяльных лабараторыях. Зараз у Ляхавіцкай ЦРБ у наяўнасці ёсць розныя прэпараты для вакцынацыі: першаснай і паўторнай. Асаблівы акцэнт – на рэвакцынацыю. Адзначу, што жыхары раёна актыўна ідуць на бустэрызацыю – яе прайшоў амаль 41 працэнт ад колькасці тых, хто поўнасцю прышчапіўся ад COVID-19. Бустэрызацыю варта прайсці ў жніўні – верасні, пакуль няма высокага пад’ёму захворвання каранавіруснай інфекцыяй, – адзначае загадчык паліклінікі УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Анатолій Панько.
Сярод навінак прышчэпачнай кампаніі Анатолій Панько назваў пашырэнне ўзроставага кантынгенту. Так, калі раней можна было прышчапляць дзяцей ва ўзросце ад 12 гадоў, то цяпер права на вакцыну атрымалі і дзеці ад пяці гадоў. Для іх прадугледжана ўвядзенне дзвюх доз прэпарата SINOPHARM. Для грамадзян ва ўзросце ад 18 гадоў асноўная вакцынацыя праводзіцца адной дозай «Спутнік Лайт» ці дзвюма дозамі «Гам-Кавід-Вак» ці SINOPHARM. У якасці прэпарата для паўторнай вакцынацыі цяпер выкарыстоўваецца адна доза «Спутнік Лайт» ці «Гам-кавід-Вак», незалежна ад таго, якая вакцына выкарыстоўвалася падчас першаснай вакцынацыі. Цяжарныя жанчыны прышчапляюцца вакцынай кітайскай вытворчасці. Дарэчы, ёю можна прышчапляць і тых, хто падчас першаснай вакцынацыі атрымаў прэпараты расійскай вытворчасці, але меў алергічныя рэакцыі, а таксама хворым на анкалогію, з аўтаімуннымі захворваннямі.
– Важная акалічнасць: для пацыентаў ва ўзросце ад пяці да 17 гадоў бустэрная вакцынацыя пакуль не праводзіцца, толькі першасная. Гэта ж тычыцца цяжарных жанчын і кормячых маці. Зараз можна прышчапіцца ва ўсіх установах аховы здароўя Ляхавіцкай ЦРБ, а таксама ў аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых грамадзян на вуліцы Леніна, дзе дзейнічае прышчэпачны пункт. Таксама аднаўляем запатрабаваную ў грамадзян практыку выязной вакцынацыі на прадпрыемствах і ў арганізацыях Ляхавіцкага раёна, – гаворыць загадчык паліклінікі.
Галіна КАНЬКО.

Па даных райЦГіЭ, на Ляхавіччыне поўны курс першаснай вакцынацыі прайшлі больш за 16 тысяч чалавек, з якіх 300 – дзеці ва ўзросце да 17 гадоў. Паўторную прышчэпку атрымалі 6390 дарослых.