Што ў «Каласку» на дэсерт? Спартыўна-аздараўленчы лагер «Каласок» на базе СДЮШАР зноў запрасіў рабят на змену

Спартыўна-аздараўленчы лагер «Каласок» на базе СДЮШАР зноў запрасіў рабят на змену. Больш за два тыдні 85 спартсменаў – выхаванцаў установы адпачываюць цікава і актыўна,
з карысцю для здароўя. Па традыцыі пазнавальна-забаўляльныя мерапрыемствы спалучаюць з вучэбна-трэніровачнымі заняткамі.

– У шасці атрадах рабяты аб’яднаны па чатырох відах спорту: дзюдо, лёгкая атлетыка, гандбол і футбол. Прычым кампанія ў нас рознаўзроставая і суперактыўная – ад сямі да 17 гадоў. Але гэта толькі плюс: хлопчыкі і дзяўчынкі вучацца калектыўна праводзіць час і бачаць спартыўныя ўменні адзін аднаго. Што важкі стымул для трэніроўкі. Яны заўсёды пад наглядам і пастаянна заняты, – адзначае дырэктар лагера Наталля Богуш.
Кожны дзень спланаваны і распісаны літаральна па хвілінах. То накіроўваюцца ў кінатэатр, то на экскурсію ў парк жывёл «Дыпрыз» і г. д. У чацвер, напрыклад, едуць паказаць майстар-клас адпачывальнікам «Чайкі» і паспаборнічаць з імі.
Харчуюцца спартсмены ў рэстаране «Ластаўка» і дзеляцца, што кормяць іх вельмі смачна. Ну а на штодзённы «дэсерт» – абавязковыя яркія эмоцыі і добры настрой.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.