Салодкі палявы старт. У апошні дзень каляндарнага лета ў гаспадарках Ляхавіччыны пачалася ўборка цукровых буракоў

У апошні дзень каляндарнага лета ў гаспадарках Ляхавіччыны пачалася ўборка цукровых буракоў. Наперадзе ў аграрыяў вельмі доўгая, на многія тыдні бесперабойна-кругласутачнай работы дыстанцыя. Па «салодкіх» палетках адно толькі СУП «Ліпнянка», ААТ «Шлях новы» і «Жарабковічы» камбайнам належыць прайсці больш за тысячу гектараў. А ёсць жа яшчэ «Фораланд», параўнальна невялікія фермерскія плошчы важнай сыравіннай сельгаскультуры.

Цукровая «лічбавізацыя» раёна на год сёлетні ўяўляе сабой наступны «карэнны» расклад: у «Ліпнянцы» вырасла, паспела-даспявае 100 гектараў бурака, у «Шляху новым» – 210, у «Жарабковічах» – цэлых
740 палявых адзінак плошчы, якія і распачалі салодкі раённы асенні марафон.
Плошчы бурака знаходзяцца ў розных лакацыях гаспадаркі, сфарміраваны ў тым ліку з аглядкай на тэрміны выхаду ў стан спеласці і, адпаведна, чарговасці ўборкі. Як ужо адзначалася, работы пачаліся зранку мінулага панядзелка. І з бліжэйшага кола палёў, размешчаных у межах аграгарадка Жарабковічы. Ранняя ўборка і адпаведная пастаўка прадукцыі ўяўляюць пэўную цікавасць для абодвух бакоў вытворчай схемы. Цукровы завод атрымлівае магчымасць раней пачаць і расцягнуць па часе працэс перапрацоўкі прадукцыі палёў, працаваць больш плаўна і рытмічна, без недагрузак на пачатку сезона і перагрузак у яго пікавыя перыяды. Момант выгады гаспадарак-буракавытворцаў заключаецца ў факце дадатковай фінансавай стымуляцыі больш ранняй уборкі і адгрузкі бурака на пляцоўку перапрацоўшчыка.
Першыя выкапаныя соткі жарабковіцкага цукровага
бурака падаліся дастаткова ўраджайнымі. У штабелі, які толькі-толькі пачаў выбудоўвацца, дробных экзэмпляраў караняплода заўважана не было.
У той момант на «бураказажыначным» полі сабраўся ці не кансіліум аграрыяў: першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Васілій Пыжык, кіраўнік ААТ Андрэй Новік і галоўны інжынер таварыства Міхаіл Пятроўскі.
– Кожны гектар гэтага поля абяцае даць 650 цэнтнераў караняплода. Як мінімум, а, магчыма, і больш, – трымаючы ў руках адзін з салодкіх экзэмпляраў, агучыў сваю папярэднюю ацэнку Васілій Пыжык.
На дэбютным этапе буракаўборачнай эстафеты «выступаў» Віктар Клемяня
(на здымку) – адзін з лепшых жарабковіцкіх хлеба-ўборшчыкаў. Сёння і на многія бліжэйшыя тыдні Віктар змяніў свае рабочыя штурвалы. Заўважае, што ў плане тэхналагічнасці, практычнасці ў асваенні майстэрства кіравання «бурачны» камбайн з’яўляецца тэхнікай больш складанай, чым збожжаўборачная машына.
– Многа рэгуліровак, патрабуе больш ашчаднага і частага абслугоўвання. Нягледзячы на тое, што прадугледжана цэнтралізаваная сістэма змазкі, ёсць нямала вузлоў і «кропак», якія прызнаюць толькі індывідуальнае, ручное абслугоўванне, – заўважае аператар буракаўборачнай машыны. І дадае, што аб ураджайнасці можна гаварыць толькі прыблізна, зыходзячы з таго, што за адзін прыкладна 600-метровы круг па полі атрымліваецца амаль поўнасцю запоўніць ураджаем камбайнавы бункер вагой 18 і больш тон салодкага караняплода.
У восем гадзін раніцы і, адпаведна, 20 вечара ў аператараў-буракаўборшчыкаў наступае перазменка. Віктар адпраўляецца на адпачынак пасля паўсутачнай вахты за штурвалам, а для партнёра і калегі Юрыя Славуты вахта толькі пачынаецца. Ці наадварот, у залежнасці ад раскладу.
З мэтай зручнасці перазменак, эканоміі часу ў арганізацыйнай схеме задзейнічаны спецыяльны транспартны сродак. Аўтамабіль, які для Віктара і Юрыя з’яўляецца транспартам па дастаўцы на работу і з работы, на поле, з поля.
Каб машына цвёрда, дакладна і бесперапынна стаяла ў баразне, падчас падрыхтоўкі да сезона яна прайшла праз многія сэрвісы і рамонты.
– Ёсць падставы і спадзяванні, што ўборка пройдзе штатна, будзе высокаўраджайнай, –
гаворыць Віктар Клемяня і спрытна займае сваё высокае месца за штурвалам камбайна. Усяго гэтага мы яму, яго калегу Юрыю, усім працаўнікам «Жарабковічаў» шчыра жадаем.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.