Пропуск у навучальны год. Як установы адукацыі Ляхавіччыны падрыхтаваліся да новага навучальнага года?
1 верасня ў школах раёна за парты сядуць 2550 навучэнцаў, дзіцячыя сады прымуць 790 рабят. Як установы адукацыі Ляхавіччыны падрыхтаваліся да новага навучальнага года? 11 і 12 жніўня спецыяльна арганізаваная камісія на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Святланай Юрлевіч (у склад камісіі ўвайшлі прадстаўнікі аддзела па адукацыі райвыканкама, раённага вучэбна-метадычнага кабінета, галіновага прафсаюза, райЦГіЭ, РАНС і цэнтра забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый) экзаменавала школы і дзіцячыя сады раёна.



11 жніўня камісія адправілася па двух маршрутах. Карэспандэнт «ЛВ» далучыўся да камісіі, што накіравалася па вясковых школах і дзіцячых садах.
Першы прыпынак – Русінавіцкі дзіцячы сад, які наведваюць
24 хлопчыкі і дзяўчынкі. Тэрыторыя ўстановы выглядае ўтульна, арыгінальна і дагледжана. Чысціня і парадак і ў групах садка, харчаблоку, у памяшканні для агародніны. Загадчыца дзіцячага сада Жанна Станкевіч з веданнем справы адказвае на пытанні «экзаменатараў». У камандзе з ёй адказ трымае ўвесь калектыў: выхавальнікі, памочнікі выхавальнікаў, повар, загадчык па гаспадарчай частцы, медсястра, вартаўнікі.
У кожнага з членаў камісіі падчас прыёмкі свае місія і задачы. У цэнтры ўвагі начальніка аддзела па адукацыі Святланы Якубоўскай усе моманты: стан пабудовы і памяшканняў, азеляненне тэрыторыі і тэхналагічнае абсталяванне харчаблокаў, узровень арганізацыі працы і г. д. Інспектар РАНС Сяргей Рабцэвіч ацэньваў пажарную бяспеку, старшыня галіновага прафсаюза Людміла Буцько – стварэнне ўмоў бяспекі, а таксама забеспячэнне работнікаў харчаблока спецадзеннем, памоч-нік урача-гігіеніста райЦГіЭ Таццяна Палуян правярала выкананне санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў, тэхнолаг цэнтра забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый Юлія Варанчак – стан харчаблокаў і г. д.
Падлескі ВПК таксама сустрэў камісію адметным кветкавым аздабленнем тэрыторыі і яе ўладкаванасцю. У школе і садку навучаецца 71 чалавек. Калектыў зацікаўлена падышоў да падрыхтоўкі ВПК да 1 верасня, і зараз усё гатова для работы з дзецьмі. Тут з дванаццаці кабінетаў толькі два засталіся са шпалерамі, у астатніх сцены атынкаваны і афарбаваны ў адпаведнасці з санітарнымі патрабаваннямі. Дырэктар школы Уладзімір Рачкоўскі адзначае, што ў плане на наступны год і рамонт астатніх кабінетаў. У сталовай і харчаблоку таксама ўсё, як у дбайных гаспадароў.
У цэнтры ўвагі камісіі – пытанні бяспечнага знаходжання дзяцей ва ўстанове адукацыі, якасці арганізацыі прапускнога рэжыму, наяўнасці сістэмы відэаназірання.
Спартзала – тэрыторыя настаўніка фізічнай культуры і здароўя Таццяны Колас. Таццяна Іосіфаўна – не толькі вопытны педагог, але і на ўсе рукі майстар – шпаклявала і фарбавала кабінеты хіміі і біялогіі, абнаўляе вітраж на сцяне спартзалы, які тут з 1982 года.
У аграгарадку Нача недалёка адзін ад аднаго знаходзяцца дзіцячы сад і сярэдняя школа. Загадчык дашкольнай установы – Алена Валах, дырэктар СШ – Марына Мароз. Як у дзіцячым садзе, так і ў школе вялікую ўвагу надаюць стану тэрыторыі, чысціні і парадку ў кожным пакоі і кабінеце, харчаблоках, арганізацыі навучальна-выхаваўчага працэсу. Усё прадумана да дэталяў і зроблена не на адзін дзень. Алена Валах і Марына Мароз вельмі ўдзячны за дапамогу ў падрыхтоўцы дзіцячага сада і школы бацькам і ўсім спонсарам. Без іх, адзначаюць, ніяк!
У Начаўскай СШ выраблена праектна-каштарысная дакументацыя на мантаж пажарнай сістэмы апавяшчэння. У планах аддзела па адукацыі – устанавіць яе да канца года. На сёння 25 устаноў адукацыі раёна абсталяваны сістэмамі аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі і сістэмамі апавяшчэння.
…На маршруце – аграгарадок Жарабковічы, дзе таксама прапісаны і дзіцячы сад, і сярэдняя школа. Камісія, як і на іншых аб’ектах, правярае гатоўнасць харчаблокаў да работы, стан агароднінасховішчаў, асвятленне і г. д. Тут, як і ва ўсіх установах адукацыі, праведзены касметычны рамонт, спецыялізаваная арганізацыя абследавала электрапліты і халадзільнае абсталяванне, праведзена пашпартызацыя выцяжных вентыляцый.
Для харчаблокаў школ і дзіцячых садоў раёна набыты тэрмометры і гігрометры, халадзільнае абсталяванне, зроблена паверка вагаў і г. д.
Дзіцячае харчаванне і яго якасць заўсёды на кантролі ў мясцовай улады.
Асаблівая ўвага таксама школьнаму стадыёну і ўмацаванасці спартыўна-плоскасных збудаванняў. Памочнік урача-гігіеніста Таццяна Палуян праверыла кожнае.
Кожная ўстанова адукацыі ў раёне мае сваю адметнасць. У Жарабковіцкім дзіцячым садзе, напрыклад, створаны адметны этнакуток «Беларуская хатка». У СШ імя М. Г. Мінкевіча шмат цікавых момантаў у афармленні тэрыторыі і класаў. У кабінеце матэматыкі, напрыклад, на радыятарах не проста ахоўныя экраны, а своеасаблівыя падказкі для навучэнцаў. У кабінеце гісторыі музейны куток прысвечаны земляку – колішняму міністру асветы БССР Міхаілу Мінкевічу.
Канчатковы вынік прыёмкі ўстаноў адукацыі – падпісанне сертыфікатаў гатоўнасці. Каб іх атрымаць, трэба было ўлічыць рэкамендацыі і выправіць заўвагі, выдадзеныя майскай праверкай.
У тых школах і дзіцячых садах, дзе пабываў карэспандэнт раёнкі, яны ўсе выкананы.
– Да пачатку 2022/2023 навучальнага года з мэтай стварэння ўмоў для бяспечнай арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўсіх установах адукацыі раёна ў адпаведнасці з зацверджанымі планамі і праграмамі выкананы комплекс рамонтна-будаўнічых работ і арганізацыйна-тэхнічных мерапрыемстваў, – падкрэслівае начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана Якубоўская.
За кошт сродкаў раённага бюджэту гаспадарчым спосабам зроб-
лены бягучы рамонт душавых кабін пры спартыўнай зале ў Навасёлкаўскай СШ, тут жа часткова заменены вокны і дзвярныя запаўненні, укладзены новы асфальт і зроблены ямачны рамонт пад’езда да харчаблока. У СШ № 2 надышоў час бягучага рамонту напольнага пакрыцця ў спартзале і даху, таксама адрамантаваны дах і ў СШ № 1, у Тухавіцкім дзіцячым садзе. У Начаўскім і Навасёлкаўскім дзіця-чых садах месцамі – там, дзе патрабавалася, – адрамантавана агароджа. А Навасёлкаўскі сад гатовы да падключэння да цэнтральнага ацяплення. За кошт сродкаў Сусветнага банка развіцця ў Начаўскай СШ спартыўная зала набыла новы выгляд, распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя для капітальнага рамонту харчаблока СШ № 1.
За спонсарскія сродкі ва ўсіх установах адукацыі зроблены касметычны і бягучы рамонты кабінетаў, санвузлоў, харчаблокаў, рэкрэацый, гульнёвых і спальных пакояў.
Штогод умацоўваецца і матэ-рыяльна-тэхнічная база школ і дзіцячых садоў. Сёлета, напрыклад, сярод навінак новы камп’ютарны клас у гімназіі.
– Па выніках праверкі ўсе ўстановы адукацыі раёна атрымалі сертыфікаты гатоўнасці да новага навучальнага года, – паведаміла «ЛВ» намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.











