Шчасце чалавека, настаўніка, калі ў яго ёсць аднадумцы і паслядоўнікі, упэўнена педагог Жарабковіцкай СШ

Зінаіда Іванаўна Палуэктава – Педагог з вялікай літары. Шматдзетная маці, якая выхавала пяцёра дзяцей. Яе педагагічны стаж налічвае больш за 50 гадоў. У гэтым годзе Зінаіда Іванаўна адзначыла свой 70-гадовы юбілей.
Нарадзілася яна ў вёсцы Града Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Вучылася ў Градаўской пачатковай школе. Загадчыкам яе быў Голад Іван Кірылавіч, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. А першай настаўніцай – Матох Валянціна Лявонцьеўна, якая і захапіла яе сваёй працай. Зінаіда Іванаўна ўжо ў пачатковых класах вучыла малодшых. Затым была Браніслаўская васьмігодка.
Зінаіда Іванаўна успамінае: “Ніхто нас не вазіў у школу. Пешшу за 5 кіламетраў дабіраліся на вучобу, бо прага да ведаў была закладзена самім жыццём.


Куды пайсці вучыцца пасля васьмігодкі, пытання не ўзнікала. Толькі ў педвучылішча. Я паступіла ў Пінскае, якое ў 1971 годзе закончыла. Была магчымасць застацца ў Пінску, але я выбрала свой родны Жыткавіцкі раён. І вось я на прыёме ў загадчыка раяна Ліхоты А.А. Месц настаўнічаць у пачатковых класах няма. Паглядзеўшы мой дадатак да дыплома, ён прапаноўвае мне працу настаўніка матэматыкі ў Палянскай 8-гадовай школе Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Згаджаюся з задавальненнем, так як матэматыку я любіла.
У Палянцы цёпла мяне прымае дырэктар школы і адразу прапаноўвае мне, акрамя настаўніка матэматыкі, быць пазаштатнай піянерважатай, на што я згадзілася, не сумняваючыся. Цяперашнім маладым спецыялістам цяжка ўявіць сабе, як можна выконваць абавязкі іншага работніка, не атрымліваючы за гэта грошы. А мы, пакаленне 70-х, так маглі. І, шчыра кажучы, з задавальненнем.!”
Затым педагагічны шлях Зінаіды Іванаўны прадоўжыўся ў Краснаборскай 8-гадовай школе Жыткавіцкага раёна, дзе яна працавала таксама настаўнікам матэматыкі.
У 1979 годзе па сямейных абставінах Зінаіда Іванаўна развіталася са сваёй малой радзімай – Жыткавіцкім раёнам Гомельскай вобласці. Сям’я пераехала ў вёску Жарабковічы Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Зінаіда Іванаўна пачала працаваць ў Жарабковіцкім дзіцячым садзе выхавальнікам, а затым і загадчыцай. А з 1989 года яна працуе ў Жарабковіцкай сярэдняй школе: спачатку настаўнікам пачатковых класаў, а затым настаўнікам матэматыкі і інфарматыкі. Настаўнік вышэйшай катэгорыі, прафсаюзны актывіст. Зінаіда Іванаўна спачатку з’яўлялася членам прафкама, кіраўніком рэвізійнай, культурна-масавай работы, а затым і старшынёй прафсаюзнага камітэта. Зінаіда Іванаўна ўзнагароджана Граматамі аддзела па адукацыі Ляхавіцкага райвыканкама, Брэсцкага аблвыканкама, Граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, граматамі Ляхавіцкай раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, Брэсцкага абласнога камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, Цэнтральнага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, занесена ў Кнігу Гонару Брэсцкага абласнога камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.
Зінаіда Іванаўна гаворыць: “Шчасце чалавека, настаўніка, калі ў яго ёсць аднадумцы і паслядоўнікі. Рада, што побач са мной дзеці і ўнукі, і я для іх чалавек, з якім яны заўсёды раяцца, да якога едуць з радасцю, якога любяць. Сваё жыццё я прысвяціла выхаванню дзяцей і кожнага выхоўвала як уласнага.
Даўно пара «сядзець» на заслужаным адпачынку, займацца выхаваннем унукаў (якія, праўда, жывуць асобна). Але настаўніцкая душа не ведае спакою. Хочацца перадаць свой вопыт маладым настаўнікам (дарэчы, трое маіх былых вучняў працуюць у нашай Жарабковіцкай сярэдняй школе імя М.Г.Мінкевіча). Захапіла краязнаўчая работа. Хто, як не я, была сведкай шматлікіх падзей на жарабковіцкай зямлі. Ведала асабіста настаўнікаў — ветэранаў ВАВ, практычна ўсіх старшынь мясцовага калгаса «Беларусь» (зараз ААТ «Жарабковічы»). Акрамя ўрокаў, вяду факультатыў «Мая Айчына», аб’яднанне па інтарэсах «Проба пяра», дзе разам з вучнямі вывучаем гісторыю малой радзімы, сустракаемся з цікавымі людзьмі, сабралі больш за тысячу фотаздымкаў розных гадоў, перавялі іх у лічбавы выгляд. Мае выхаванцы пішуць нарысы у раённую газету «Ляхавіцкі веснік», апошнія з якіх — аб ветэранах-педагогах — удзельніках ВАВ, аб воінах-афганцах — вучнях нашай школы. Мы ўдзельнічаем у шматлікіх конкурсах, прысвечаных роднай зямлі, і маем узнагароды не толькі на раённым, але і на абласным узроўні. Як гаворыцца «Спакой нам толькі сніцца»…”

Жарабковіцкая СШ імя М.Г. Мінкевіча.