Жніво. Людзі. Рэкорды. Наш ляхавіцкі гонар!

Яшчэ адна жніўная кампанія стала гісторыяй. «ЛВ» старанна занатоўваў яе старонкі. У гэтай гісторыі свае сцэнарыі, сюжэты, героі, дасягненні і расчараванні… І ў кожным рэкордзе – самаадданая праца хлебаробаў

Жніўны дзень – адметны. Ён вымяраецца не гадзінамі і мінутамі, а гектарамі і тонамі, ураджайнасцю хлебнай нівы і гарачынёй надвор’я. А працавітасць нашых землякоў, самаадданасць і любоў да зямлі робяць кожны жніўны дзень выніковым, важкім і паспяховым.

Шчырымі ўсмешкамі, хоць часам і стомленымі, з лішкам перакрываюцца тыя дробязі, якія чытачу раёнкі бачыць не абавязкова. Напрыклад, не надта чыстае рабочае адзенне, у якім хлебаробам выпадае пазіраваць фотакарэспандэнту, чорныя ад пылу і масла пазногці, часам збітыя пры рамонце тэхнікі рукі… На сваім хлебным подыуме нашы аграрыі непараўнальныя, дасканалыя і вельмі гарманічныя!

Безумоўна, праца хлебаробаў – самая напружаная і адказная на жніве. Але часам мы нават не задумваемся, як многа залежыць ад тых, хто часцяком застаецца на другім жніўным плане. Тыя, хто забяспечвае гарачым харчаваннем і падтрымлівае настрой добрай песняй, заахвочвае ўдарную працу віншаваннямі і падарункамі, арганізуе пажарнае прыкрыццё і клапоціцца пра бытавыя зручнасці для ўдзельнікаў жніва… І, канешне, тыя, хто чакае сваіх камбайнераў, вадзіцеляў, зернесушыльшчыкаў дома. Усім – шчыры дзякуй!

Надзвычай няпроста быць героем на жніве!
А ў вас атрымалася!

Дзякуй вам, нашы хлебаробы. Няхай гэтыя словы вы чулі ўжо не аднойчы. Але мы не стамляемся паўтараць: вашы рукі – самыя залатыя ў свеце, ваша сэрца – самае клапатлівае.
Паверце, мы, вашы землякі, ведаем, як няпроста быць героем на жніве ў гэтыя спякотныя дні, не адчуваць стомленасці, не думаць нават пра яе, бо на гэта банальна не хапае часу. Кожная хвіліна – на вагу збожжа, што потым духмяна-смачна збярэ за ўсім сталом сям’ю. Вы стваральнікі агульнага дабрабыту краіны і шчасця сваёй сям’і!
З нумара ў нумар вы, нашы чытачы, сачылі за тым, як жніўная карта Ляхавіччыны набліжала збожжавыя зводкі да стапрацэнтнага выніку. З нецярпеннем чакалі, хто першы выйдзе на жніўную тысячу, а хто ўжо і другую першы перасячэ. Мы, «веснікаўцы», таксама хваляваліся і стараліся, каб уся самая важная інфармацыя з’явілася ў раёнцы. Таму сёння вашай увазе – фінальны расклад такой жніўнай кампаніі.