«Апалон»: учора, сёння, заўтра

Віктар Чарнавокі-заснавальнік і былы кіраўнік студыі "Апалон"

Не будзе перабольшваннем сказаць, што Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь дзіцяча-юнацкая студыя выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Апалон” з’яўляецца культурнай візітоўкай і гонарам Ляхавіччыны творчай. Сваё існаванне студыя адлічвае з 10 верасня 1989 года. З таго часу і па сёння сотні рабят атрымалі навыкі работы ў такіх жанрах мастацтва як жывапіс, графіка, кераміка, выцінанка, габелен, батык.

“Апалон” першым на Брэстчыне і другім у краіне атрымаў ганаровае званне Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь і ўжо неаднойчы яго пацвердзіў. 10 выхаванцаў студыі, сярод якіх Настасся Касумава і Настасся Грыгаровіч, станавіліся стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Наўрад ці юныя мастакі змаглі б у поўнай меры раскрыць усе свае здольнасці і магчымасці без таленавітага, апантанага, улюбёнага ў прафесію чалавека – заснавальніка і на працягу доўгага часу кіраўніка студыі Віктара Чарнавокага. Гэта быў чалавек незвычайнай творчай энергетыкі, яго мэтанакіраванасць спрыяла ажыццяўленню многіх задумак. Вось толькі некаторыя ўзнагароды і тытулы Віктара Францавіча: магістр педагагічных навук, лаўрэат гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ганаровы доктар японскай Акадэміі мастацтваў… Мастак ад Бога, ён ствараў аднолькава цікавыя і заўсёды розныя работы з дапамогай і акварэльных, і алейных фарбаў. Яшчэ студэнтам мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педінстытута экспанаваў уласныя работы на рэспубліканскіх выставах. Але, мабыць, самае галоўнае з усіх узнагарод і званняў тое, што да яго цягнуліся дзеці – як да педагога, чалавека з вялікім добрым сэрцам.

На жаль, Віктар Чарнавокі пайшоў з жыцця, але справа, якой ён аддаваў усяго сябе, – студыя “Апалон” – гучыць і сёння, прычым не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. “Апалонаўцы” розных гадоў – дыпламанты і пераможцы прэстыжных конкурсаў і выстаў. Расія, Індыя, Канада, ЗША, Польшча, Германія, Францыя, Ізраіль, Японія, Тайвань, Турцыя, Чэхія – далёка не поўны пералік краін, дзе на конкурсах перамагалі юныя ляхавіцкія мастакі. Артур Белы, Яўгеній Баўтрукевіч, Ілья Данілаў, Ірына Кіршэўская, Вольга Катраль, Андрэй Савіцкі, Арцём Леснік, Валянціна Шадура, Ганна Хінько, Мікалай Селезень, Аляксандр Шагун, Алена Карпеня, Вячаслаў Смірноў, Юлія Бурчыц выйшлі з “апалонаўцаў”. Пасля заканчэння навучання ў студыі многія яе выпускнікі (за ўсе гады існавання калектыву іх больш за 700) працягвалі вучобу на мастацкіх факультэтах універсітэтаў і вышэйшых мастацкіх вучылішчаў. Некаторыя самі ўжо выкладаюць выяўленчае мастацтва, працуюць спецыялістамі ў галіне культуры, знайшлі сваё прызванне ў мастацтве дызайну, архітэктуры. У розныя гады педагогамі ў “Апалоне” плённа і творча працавалі Дзмітрый Бурвель, Сяргей Чарановіч, Алена Базылева.

Калі на пачатку гэтага стагоддзя Віктар Чарнавокі задумаў арганізаваць у Ляхавічах на базе студыі “Апалон” міжнародны конкурс юных мастакоў, многія скептычна ўсміхаліся, маўляў, замахнуўся… Аднак усё атрымалася. І ў студзені 2005 года ў наш горад прыйшло каля 2 000 работ з больш чым 20 краін Еўропы, Азіі, Афрыкі, прадстаўленых на конкурс “Зямля і людзі: учора, сёння, заўтра”. Аўтарытэтнае журы, якое ўзначальваў народны мастак Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, прафесар, акадэмік Гаўрыіл Вашчанка, вызначыла больш за 400 работ, аўтары якіх сталі пераможцамі, лаўрэатамі і дыпламантамі ў розных намінацыях. Адзначаны і трое ляхавіцкіх рабят: Аляксандр Бондар, Аляксандра Цісельская і Юлія Бурчыц узнагароджаны дыпломамі ў намінацыі “За яркае адлюстраванне тэмы”. А 9 “апалонаўцаў” – вучняў Віктара Чарнавокага і Дзмітрыя Бурвеля – атрымалі дыпломы І ступені. Работы-пераможцы потым выстаўляліся ў розных гарадах Беларусі.

У 2007 годзе прайшоў ІІ міжнародны конкурс “Зямля і людзі: учора, сёння, заўтра”. Колькасць прадстаўленых на яго работ склала каля 3 000. Потым было яшчэ два конкурсы – у 2009 і 2012 гадах.

Сёння студыяй кіруе член Беларускага саюза мастакоў і Саюза дызайнераў Сяргей Чарановіч. Ён аўтар цяперашняй эмблемы конкурсу “Зямля і людзі: учора, сёння, заўтра”.

Гаўрыіл ВАШЧАНКА, народны мастак Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, прафесар, акадэмік, уладальнік ганаровага звання  “Чалавек ХХ стагоддзя”. Яго шматлікія работы захоўваюцца амаль у 30 музеях свету (у тым ліку ў сусветна вядомай Траццякоўцы). Гэта ён распісваў павільён Малдаўскай ССР на ВДНГ у Маскве, кінатэатр “Масква”, Чырвоны касцёл, ліцэй БДУ ў Мінску. Гаўрыіл Харытонавіч, калі прыязджаў у Ляхавічы падчас конкурсу, з задавальненнем падзяліўся сваім меркаваннем пра яго з “ЛВ”:

— Такія конкурсы як “Зямля і людзі: учора, сёння, заўтра” вельмі важныя і неабходныя. Яны садзейнічаюць развіццю мастацкай творчасці дзяцей не толькі ў асобным раёне, але і ўмацоўваюць аўтарытэт Беларусі на міжнародным узроўні. Гэта выдатная магчымасць зносін дзяцей са сваімі равеснікамі з іншых краін свету сродкамі выяўленчага мастацтва, якая дапамагае рабятам удасканальваць сваё майстэрства ў творчасці. Вось і на карцінах юных мастакоў, дасланых на конкурс, знайшлі адлюстраванне радасць і сум, надзея і заклапочанасць. Я бачыў шмат прадстаўнічых выстаў дзіцячых малюнкаў і дарослых ва ўсім свеце, сам удзельнічаў у вялікай іх колькасці. Але сённяшняя падзея ў Ляхавічах мяне надзвычай уразіла. Якая велізарная праца праведзена арганізатарамі, каб усе мелі магчымасць атрымаць асалоду ад убачанага! Ляхавічам пашчасціла, што ў іх ёсць фанат (у добрым сэнсе гэтага слова) Віктар Чарнавокі, які сваімі ідэямі здолеў захапіць кіраўніцтва раёна, інакш, гэтыя ідэі так і засталіся б толькі ідэямі. Я ўдзячны за тое, што стаў удзельнікам такой падзеі… (“ЛВ”, № 10-11 за 29.01.2005 г.).

Юлія КАМКО, не адзін год займалася ў студыі.

Дзяўчына вельмі любіць прыроду, у сваіх работах адлюстроўвала яе ў незвычайных ракурсах. Яе работы экспанаваліся на разнастайных дзіцячых выставах, у тым ліку ў краінах блізкага і далёкага замежжа. Каляровая гравюра “Лета” ўдастоена вышэйшай узнагароды на 12-м сусветным конкурсе юных мастакоў у Японіі, а малюнак “Тальмінавіцкі сад дзеда Янкі” прызнаны адным з лепшых на міжнародным конкурсе ў Фінляндыі. Зараз Юлія, якая закончыла Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, працуе эканамістам. Але па-ранейшаму, калі з’яўляецца вольная хвіліна, дастае пэндзаль і фарбы і садзіцца за мальберт:

— Памятаю, як прыйшла напрыканцы 2000 года першы раз у “Апалон”. Мяне прывяла мама. Мой настаўнік Віктар Францавіч Чарнавокі быў цудоўнай душы чалавек. У студыі заўсёды панавала лёгкая і творчая атмасфера, тут было, як дома, камфортна і ўтульна. З радасцю адпраўлялі свае работы на выставы і конкурсы, а потым з нецярпеннем чакалі вынікаў. І як жа радаваліся, калі прозвішчы студыйцаў былі сярод пераможцаў. Энтузіязм і невычарпальная энергія Віктара Францавіча перадаваліся і нам. Я спрабавала маляваць усё: партрэты, пейзажы, паштоўкі. Але пейзажы былі ўсё ж самым любімым жанрам. Прырода Беларусі, нашага раёна надзвычай прыгожая, яна не можа не натхняць, так і просіцца на палатно.

Прайшло шмат гадоў з таго часу, як займалася ў студыі, але і сёння ўспаміны пра “Апалон” светлыя і цёплыя, дарагія сэрцу.

З года ў год “Апалон” выконвае сваю галоўную мэту: развівае і прапагандуе выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, выхоўвае рабят у лепшых традыцыях патрыятызму і развівае іх талент і адоранасць.

Сяргей ЧАРАНОВІЧ, цяперашні кіраўнік студыі:

Пачэсна і ганарова тое, што, па-ранейшаму, студыя “Апалон” папулярная і запатрабаваная сярод дзяцей і падлеткаў, якія любяць маляваць. Задача педагогаў – накіраваць талент у належным накірунку, выяўляць яго патэнцыяльныя магчымасці. Таму вельмі важны індывідуальны падыход да кожнага студыйца, незалежна ад таго, займаецца ён першы месяц ці некалькі гадоў.

Чым жыве калектыў цяпер? Малюем, вучымся, удзельнічаем у выставах і конкурсах. Вось нядаўна даслалі 8 работ Улада Ткачэнкі, Дзмітрыя Ракалы, Ангеліны Дубікоўскай, Настассі Саўрас, Вікторыі Прыхач, Аніты Трыбух для ўдзелу ў міжнародным фестывалі “Чарнобыльскія матывы”, які пройдзе сёлета ў снежні ў Днепрапятроўску (Украіна). Рыхтуемся – прыдумваем сюжэты, знаходзім натуру, малюем – да штогадовага міжнароднага конкурсу жывапісу і графікі “На сваёй зямлі” (запланаваны на студзень-сакавік 2014 года ў Мінску). Дарэчы, на ім неаднойчы перамагалі ўдзельнікі студыі.

Літаральна праз тыдзень пачне дзейнічаць выстава работ “апалонаўцаў” (43 карціны) у музеі-сядзібе “Пружанскі палацык”.

6 кастрычніка завяршыла работу выстава фатаграфій “Цені старой сядзібы”, якая з ліпеня па кастрычнік праходзіла ў Нацыянальным музеі Рэспублікі Беларусь у доме-сядзібе Ваньковічаў. Сярод прадстаўленых работ і мае 24 фотаздымкі з палацава-паркавага ансамбля “Грушаўка”.

Матэрыял падрыхтавала Галіна КАНЬКО.

Фота з архіва «ЛВ».

One thought on “«Апалон»: учора, сёння, заўтра

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *