І педагог, і крышачку журналіст. Кіраўнік газеты «Школьнае скрыжаванне» — настаўніца СШ№2 г. Ляхавічы Таццяна Туркіна

Прыемнае хваляванне, радасць ад сустрэчы, шчасце займацца любімай справай – менавіта такія эмоцыі ахопліваюць настаўніцу англійскай мовы СШ № 2 Таццяну Туркіну напачатку новага навучальнага года. І так паўтараецца кожны першавераснёўскі дзень на працягу вось ужо дзесяці гадоў.

– Люблю дзяцей, таму і стала настаўніцай. Падабаецца вялікі школьны калектыў, таму заўжды з добрым настроем спяшаюся на работу. Ведаю, тут заўжды падтрымаюць, дапамогуць, падкажуць. Ганаруся, што працую ў адной з лепшых устаноў адукацыі Ляхавіччыны, – гаворыць педагог.
Таццяна з павагай і пашанай успамінае ляхавіцкую гімназію, якая дала ёй пуцёўку не толькі ў дарослае жыццё, але і падштурхнула да выбару будучай прафесіі. Менавіта прыклад настаўнікаў беларускай мовы Святланы Ермаковіч і англійскай мовы Ніны Касьміной стаў прафесійна вызначальным. У Таццяны Туркіной у актыве дыпломы Валкавыскага педагагічнага каледжа і Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, амаль
15 гадоў настаўніцтва спачатку на Гродзеншчыне, а потым і на малой радзіме – у Ляхавічах.
– Актыўная, не баіцца спрабаваць свае сілы ў чымсьці новым, камунікабельная і добразычлівая, таму ў яе выдатныя адносіны з калегамі і атрым-ліваецца лёгка знаходзіць кантакт з рабятамі і іх бацькамі, мэтанакіраваная і амбіцыйная, таму не толькі вучыць дзяцей, але і сама пастаянна ўдасканальваецца ў педагагічным майстэрстве. Не стамляецца вучыцца, надзвычай пазітыўная, – характарызуе настаўніцу дырэктар СШ № 2 Людміла Паўлоўская.
У 2022/2023 навучальным годзе Таццяна Туркіна будзе выкладаць англійскую мову ў паралелях 7,8,9-х класаў. Без сумненняў, у яе ўсё атрымаецца, бо яна выдатна ведае свой прадмет і імкнецца разнастаіць методыку яго выкладання, прыдумвае неардынарныя падыходы, каб рабятам было цікава вывучаць замежную мову, пры гэтым у аснове прытрымліваецца класічнай методыкі.
У пэўным сэнсе Таццяна Туркіна – калега «веснікаўцаў». Настаўніца – кіраўнік газеты «Школьнае скрыжаванне», а таксама забяспечвае насычай і цікавай інфармацыяй школьныя старонкі ў Instagram.
– Мая першая спроба пяра, калі так можна сказаць, адбылася яшчэ калі вучылася ў гімназіі, рыхтавала заметкі ў газету «Дзянніца». У СШ № 2 прапанавалі стаць кіраўніком «Школьнага скрыжавання». Згадзілася, бо мне цікава журналістыка. Стараемся ў кожным нумары даць як мага болш інфармацыі і для хлопчыкаў і дзяўчынак, і для педагогаў, нездарма крэда «Школьнага скрыжавання» – газета для вучняў, настаўнікаў і бацькоў. Газета выходзіць у свет вось ужо сем гадоў з перыядычнасцю раз у чвэрць, аб’ём кожнага нумара – шэсць старонак, тыраж – пяць-шэсць экзэмпляраў. Самыя папулярныя рубрыкі «Вялікі перапынак», «Жыццё пасля ўрокаў», «Падзеі месяца», «Навіны адукацыі» і іншыя. Канешне, прыемна, калі на старонках «Ляхавіцкага весніка» і яго электронных рэсурсах з’яўляецца інфармацыя пра нашу школу, абавязкова рэпосцім такія матэрыялы на школьнай старонцы ў Instagram, а самі перадаём свае артыкулы на старонкі «Школьнага дзённіка» ў «ЛВ». Рады такому супрацоўніцтву, –
расказвае кіраўнік школьнай газеты.
Таццяна Анатольеўна падкрэслівае, што ў падрыхтоўцы матэрыялаў вельмі дапамагаюць не толькі рабяты, але і настаўнікі: фатаграфуюць, дзеляцца інфармацыяй. У планах школьных журналістаў і блогерства, у прыватнасці неабсяжная прастора ў «TikTok».
Няма ніякіх сумненняў, што з такім крэатыўным кіраўніком, як Таццяна Туркіна, у іх усё атрымаецца.

Галіна КАНЬКО.

Працяг чытайце ў «Ляхавіцкім весніку» ў матэрыяле «І педагог, і крышачку журналіст» ад 3 верасня 2022 г.