Блакітнага паліва майстры . Дзень работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці адзначае і калектыў раёна газазабеспячэння

Паспрабуйце ўявіць сучаснае жыццё без газу. Наўрад ці атрымаецца. Гэта нябачная субстанцыя – крыніца многіх даброт цывілізацыі. Прыродны, звадкаваны, ён не толькі дорыць камфорт, але і патрабуе вялікай адказнасці, якая ўскладзена на работнікаў газавай службы. Яны кругласутачна, без перапынкаў і выхадных забяспечваюць надзейныя пастаўкі жыццёва важных рэсурсаў спажыўцам –
прамысловым прадпрыемствам і арганізацыям, насельніцтву. Для мільёнаў жыхароў краіны газавая служба – гэта цяпло ў дамах, газіфікацыя населеных пунктаў, экалагічнае паліва для транспарту. На Ляхавіччыне ўсе гэтыя функцыі паспяхова выконвае зладжаны высокапрафесійны калектыў Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння філіяла вытворчага ўчастка «Баранавічыгаз». Дарэчы, калектыў па выніках мінулага года занесены на раённую Галерэю славы.
Зона яго адказнасці – каля 11 тысяч газіфікаваных кватэр, 263 кіламетры газавых сетак, 38 пунктаў рэдукавання газу.


Блакітнае паліва ў дамах і кватэрах – сёння справа звыклая. І з кожным годам у краіне становіцца ўсё больш домаўладанняў, населеных пунктаў, якія падключаюцца да прыроднага газу. За апошнія гады газавыя магістралі прайшлі ў аграгарадок Русінавічы, вёскі Гаслаўшчына, Вялікая Лотва, на чарзе – Падлессе, Жарабковічы, Улазавічы, Зубелевічы, Нача.
– Прафесіяналы-газавікі паклапоцяцца і пра тое, каб газ прыносіў зручнасць, а не стаў прычынай бяды – уцечкі, узгарання і нават выбуху. Бяспека – жыццёва важны аспект. Кожная адзінка газавага абсталявання – у дамах, кватэрах –
знаходзіцца на ўліку раёна газазабеспячэння. Скажу больш, тэхнічнае абслугоўванне для ўсіх газавых прыбораў – абавязковая працэдура, бо газ не даруе абыякавасці і нядбайнасці, – адзначае начальнік раёна газазабеспячэння Аляксандр Кунцэвіч.
Таксама газавікі ажыццяўляюць пакватэрныя абходы – гэта традыцыйныя штогадовыя мерапрыемствы згодна з распрацаваным графікам. Правяраецца тэхнічны стан газавыкарыстоўваемага абсталявання.


Спецтранспарт з газавымі балонамі курсіруе па ўсёй Ляхавіччыне – райцэнтры і сельскіх населеных пунктах:
4684 абаненты карыстаюцца звадкаваным газам.
Аварыйна-дзяжурная служба дзень і ноч трымае руку на пульсе –
заўжды гатоўнасць нумар адзін.
На ўсе выклікі, што тычацца паломкі газавага абсталявання, праблем з паступленнем газу, брыгады выязджаюць без прамаруджвання, каб ухіліць няспраўнасці.


– Наш калектыў – адзіны зла-джаны механізм, кожны работнік выконвае свае функцыі і імкнецца рабіць гэта якасна, адказна і прафесійна. Працуем згодна з планамі, распрацавана стратэгія развіцця падраздзялення, – гаворыць Аляксандр Кунцэвіч.
Ас, які ўсё ведае пра газ. Гэта пра вопытнага, адказнага, на-дзейнага работніка – старшага майстра ўчастка эксплуатацыі Станіслава Шчуку (на здымку).
У яго багатая скарбонка ўзнагарод, у тым ліку Грамата
Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, Падзячнае пісьмо «Белпалівагаза», граматы і падзячныя пісьмы райвыканкама і райсавета. Гонар арганізацыі, прыклад для пераймання – слесары па абслугоўванні і рамонце газавыкарыстоўваемага абсталявання Аляксандр Мелехавец і Віктар Галушка, слесар аварыйна-аднаўленчых работ Яўгеній Бурчыц, слесар па абслугоўванні і рамонце вонкавых газаправодаў Ігар Дыдышка.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Слова віншавальнае


З прафесійным святам – Днём работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці – шчыра віншуем калектыў раёна газазабеспячэння і нашых паважаных ветэранаў.
Дзякуй за працу, добрасумленнае стаўленне да прафесійных абавязкаў, надзейнасць і падтрымку.
Прыміце пажаданні моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, поспехаў у працы, выдатнага настрою.

Адміністрацыя, прафкам Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння.