Што зберагаюць бібліятэкі? Сакрэт раскрывае ляхавіцкая купалаўка

Гісторыя пісьменства бярэ пачатак у глыбокай старажытнасці, яе развіццё – гэта прамое адлюстраванне развіцця чалавецтва. Гэта не толькі спосаб зносін, але і магчымасць фіксаваць нашу памяць, гісторыю, веды, ідэі.

Літары складаюцца ў слова, слова – у сказы, сказы – у тэксты, тэксты – у кнігі, а кнігі… у бібліятэкі! Згадзіцеся, больш аб’ёмных сховішчаў пісьмовых крыніц не знайсці. Першыя бібліятэкі ў свеце з’явіліся каля 2600 года да нашай эры, і гэта былі першыя спробы сістэматызаваць пісьмовыя помнікі – гліняныя таблічкі. З цягам часу і развіццём пісьмовых і друкаваных тэхна-логій відазмяняліся і бібліятэкі, адаптаваліся і пашыраліся. Першай жа ў Беларусі лічыцца створаная ў XI стагоддзі бібліятэка полацкага Сафійскага сабора, і яе гісторыя цесна звязана з іменем знакамітай беларускай асветніцы Еўфрасінні Полацкай (напэўна, яе можна лічыць і першай жанчынай-бібліятэкарам на Русі). У Полацку нарадзіўся і першы беларускі кнігадрукар Францыск Скарына. Мабыць, таму першае афіцыйнае свята беларускага пісьменства адбылося ў 1994 годзе менавіта ў Полацку.
З таго часу штогод у першую нядзелю верасня адзначаецца Дзень беларускага пісьменства і традыцыйна праходзіць у гарадах, якія з’яўляюцца гістарыч-нымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання.
Цяпер у кожным горадзе нашай краіны ёсць бібліятэка. Бібліятэка – гэта сховішча не толькі саміх пісьмовых крыніц, але і іх гісторыі. Канешне, не кожная можа пахваліцца наяў-насцю ў сваім фондзе старажытных манускрыптаў або выданняў, але, несумненна, кожная мае свае ўнікальныя матэрыялы. Мы, людзі XXI стагоддзя, сталі сведкамі чарговай трансфармацыі пісьменства: з матэрыяльнага яно пераходзіць у электроннае. Усё часцей мы выкарыстоўваем біты і байты замест традыцыйных друкаваных выданняў. Ды і самі выданні перакачавалі ў віртуальную прастору. Выдавецтвы ствараюць электронныя кнігі, бібліятэкі алічбоўваюць старыя фонды і матэрыялы, ствараюць электронныя базы даных.
Не выключэнне і наша ляха-віцкая бібліятэка. Сёння, акрамя вялікага традыцыйнага кніжнага фонду, мы маем доступ да электроннай бібліятэкі «ЛітРэс» і інфармацыйна-пошукавай сістэмы «ЭТАЛОН-ONLINE», ствараем і прада-
стаўляем у свабоднае карыс-танне краязнаўчыя электронныя базы даных. Бібліятэкары вядуць карпатлівую работу па вывучэнні друкаваных і архіўных крыніц, адбіраюць, сартуюць, назапашваюць, алічбоўваюць матэрыял і афармляюць яго ў зручным для карыстання выглядзе. Так, сёння з дапамогай бібліятэчнага сайта можна атрымаць інфармацыю пра гісторыка-культурную спадчыну Ляхавіцкага раёна, вывучыць яго геаграфію і населеныя пункты, пазнаёміцца з гісторыяй развіц-ця сельскай гаспадаркі і шмат іншага. Вялікая ўвага ўдзяляецца візуалізацыі інфармацыі: разнастайныя віртуальныя кніжныя выставы, інтэрактыўныя формы, відэаролікі. Зусім нядаўна пачаў работу новы праект, распрацаваны сумесна з вучнямі СШ № 1, – бібліяблог на YouTube-канале бібліятэкі, у якім рабяты расказваюць пра гісторыю горада і раёна, аперыруючы звесткамі, сабранымі ў нашай купалаўцы.
Ад гліняных дошчачак да электроннай кадзіроўкі сімвалаў – вось шлях, які за многія стагоддзі пераадолела пісьменства. Але ў тым або іншым выглядзе яно было і застаецца самым каштоўным інструментам захавання нацыянальнай памяці і гісторыі.

Лізавета МАЦУЛЕВІЧ,
загадчык аддзела маркетынгу і сацыякультурнай
дзейнасці ЦБ.