Па старонках памяці. Сёлета кнігаварот, арганізаваны Ляхавіцкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай, прысвечаны Году гістарычнай памяці і Дню народнага адзінства

У мінулую пятніцу супрацоўнікі цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы запрасілі на пляцоўку каля купалаўкі – на свой традыцыйны, прымеркаваны да Дня бібліятэк, кнігаварот на вуліцы Гагарына. Кожны год свая адметнасць, актуальная тэма. Сёлета кнігаварот прысвечаны Году гістарычнай памяці і Дню народнага адзінства – «Па старонках памяці».

– Вельмі натхнёна рыхтуюцца бібліятэкары да кожнага кнігавароту. Заўсёды стараемся рэалізаваць столькі крэатыўных ідэй, задумак. Абавязкова ўлічваем і пажаданні нашых чытачоў – дарослых і дзяцей. Важна, каб землякам розных узростаў было цікава, каб кожны пачуў нейкую новую для сябе інфармацыю. Для дзяцей стараемся расказваць на зразумелай для іх узросту мове, абавязкова выкарыстоўваем розныя гульнявыя моманты, ладзім конкурсы, віктарыны, іспыты – тое, што зразумела выхаванцам дзіцячых садкоў і школьнікам. Канешне, вельмі прыемна, што з кожным годам колькасць удзельнікаў кнігавароту павялічваецца. Сёлета пажадалі паўдзельнічаць вучні і настаўнікі Дараўскай школы, – расказвае дырэктар Ляхавіцкай ЦБС Вольга Пляшэвіч.
Сапраўды, што ні старонка пада-рожжа, то незабыўны экскурс у багатую гістарычную спадчыну. Назвы ўсіх прыпынкаў – часткі кнігі «Памяць. Ляхавіцкі раён». Колькі ж захаплення было ў вачах тых, хто зазірнуў на кожную з прадстаўленых экспазіцый.
– Мне вельмі спадабалася, як нас вучылі танцаваць, а яшчэ рабіць зарадку, адгадваць загадкі, – з захапленем гаворыць пяцігадовая выхаванка дзіцячага сада № 3 Алеся Раманава.
Грушаўка і гісторыя сям’і Рэйтанаў, Флер’янова з Элізай Ажэшка, рэпіхаўскі і савейкаўскі паркі, культавыя збудаванні, культурная спадчына – пра гэтыя і іншыя помнікі даўніны, а таксама пра вядомых продкаў расказвалі на прыпынку «З сівой даўніны».
На станцыі «Дрэмле памятка дзён» чакала чароўнае дзейства: дамы ў прыгожых сукенках, модных у XVI–XVIII стагоддзях, развучвалі з усімі жадаючымі элементы танцаў тых эпох.
Плакат «Усе ў бібліятэку!», чырвоны сцяг з сярпом і молатам, друкарская машынка, гліняныя жбаны, заклік на ліквідацыю неадукаванасці – пра атрыбуты 1917–1925 гадоў мінулага стагоддзя на прыпынку «За ўладу Саветаў» расказвалі загадчык аддзела абслугоўвання Марына Нікіціна, бібліятэкар Віталіна Лагун, бібліёграф Галіна Высоцкая. У тым, што ім так дакладна ўдалося перадаць рытм таго часу, сваю ролю адыграла стылізаванае адзенне – чырвоныя хусткі і скураныя курткі з рамянём. Дарэчы, на кожным прыпынку сустракалі героі ў касцюмах таго перыяду гісторыі, пра які ішла размова.
– Я некалькі разоў была на кнігавароце. І мне, даросламу чалавеку, вельмі цікава. Якія ж малайцы нашы бібліятэкары! Дзякуй за магчымасць пабываць у мінулым, – адзначае ляхавічанка Марыя Дыдышка.
Нібы на машыне часу, вярнуліся ў сівую даўніну і пазнаёміліся з сельскагаспадарчымі культурамі, што вырошчвалі нашы продкі, на прыпынку «За лепшую будучыню». Тут жа можна было пачаставацца сакавітымі дарамі ляхавіцкіх садоў – яблыкамі, грушамі, слівамі.
Бадай самая трагічная старонка нашай гісторыі – Вялікая Айчынная вайна, якая забрала жыцці кожнага трэцяга беларуса. Пра пачатак вайны, час акупацыі, вызваленне, пра генацыд ішла размова на чарговым маршрутным прыпынку «У Вялікую Айчынную».
Шмат новага можна было пачуць, даведацца на прыпынку «У мірнай працы».
На кожнай станцыі неабходна было знайсці кодавае слова, каб на заключным прыпынку скласці з іх адну фразу. З заданнем справіліся ўсе групы. Фінальны акорд – цытата Прэзідэнта краіны: «Захавай гістарычную памяць у імя светлай будучыні». З якім інтарэсам хлопчыкі і дзяўчынкі выкладвалі на карту Беларусі карцінкі з рознымі выявамі – сонейка і бусла, поля з камбайнамі, рамонкаў і васількоў, адказваючы на пытанне, з чым асацыюецца наша краіна.
На працягу некалькіх гадзін, што доўжылася дзейства каля купалаўкі, тут пабывалі некалькі соцень чалавек. І кожны атрымаў безліч станоўчых эмоцый і папоўніў багаж ведаў па гісторыі сваёй краіны і малой радзімы – Ляхавіччыны.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.